"Дзіця не можа быць прадметам жаданняў"
18.05.2011
—
Новости Общества
|
"Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі звярнуўся з заявай у сувязі з прыняццем Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 27 красавіка 2011 года ў першым чытанні законапраекта аб рэпрадуктыўных тэхналогіях..." (Вольга Мядзведзева. "Звязда" 7 мая 2011 года.) Рэлігійна-этычная экспертыза праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх ужыванні""...Нягледзячы на тое, што падрыхтоўка Закона "Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх ужыванні" знаходзіцца зараз практычна на завяршальнай стадыі, тэма ўжывання ДРТ у Беларусі так і не стала прадметам сур'ёзнага і ўсебаковага грамадскага абмеркавання... Якія ж палажэнні праекта закона і якую этычную адзнаку з пункту погляду Праваслаўнай Царквы ім можна даць?" (Протаіерэй Георгій РОЙ, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, настаяцель Свята-Барыса-Глебскага храма в. Накрышкі, кандыдат багаслоўя. "Звязда" 7 мая 2011 года.) @<І> "Чалавечае жыццё ўзнікае ў выніку рэалізуемага падчас акту сужэнскай любові ўзаемнага аддавання мужчыны і жанчыны. Сужэнцы пры гэтым не з'яўляюцца гаспадарамі, а толькі слугамі ў справе любові Стварыцеля. Таму зачаты чалавек — гэта плод любові бацькоў, і ён не можа быць прадметам жаданняў або прадуктам зачацця ў выніку медыцынскага ці біялагічнага ўмяшання..." Вельмі балюча і горка асэнсоўваць, што нехта можа і мае права так казаць. НІХТО НЕ БЫЎ (выбачайце) у маёй скуры: ЯК ГЭТА БАЛЮЧА ВЕДАЦЬ, што, магчыма, ты НІКОЛІ не станеш МАЦІ!!! Хто мае права за мяне вырашаць, стаць мне маці або не! Я ўсім сэрцам і душой мару і жадаю прыціснуць сваё маленькае шчасце... гадаваць і выхоўваць... І гэта: "слугамі ў справе Стварыцеля"... Не мне, вядома, судзіць, хто варты, а хто не. Але не хочацца, каб і людзі, якія далёкія ад гэтага, рабілі спробы асуджаць мой апошні шанц, бо ЭКА — гэта ўсё, што мне застаецца... Я ж лічу, што калі не дадзена, то і з дапамогай ЭКА не атрымаецца. Так чаму ж дзеткі, народжаныя з дапамогай ЭКА, горш за зачатыя самастойна? Або тыя людзі, якія пішуць і пішуць бясконца гэтыя артыкулы і кажуць пра гэта, лічаць, што ў гэтых дзетак няма душы? А бо гэтыя дзеткі не ад Бога? Або іх будуць менш любіць? Якая бязглуздзіца! Я вельмі рада, што змагу і стану маці, калі няма надзей на самастойную цяжарнасць, з дапамогай ЭКА, бо гэта — мой шанц, і я ім скарыстаюся, нягледзячы на забабоны... Я таксама лічу, што людзі, якія займаюцца дапаможнымі рэпрадуктыўнымі тэхналогіямі, заслугоўваюць нізкі паклон ад такіх, як я! Таму што даваць людзям надзею, дзякуючы якой жывеш, засынаеш і прачынаешся, маеш сэнс жыцця... Асабіста маё меркаванне (хто знаходзіцца ў такой сітуацыі, зразумее мяне) — гэта не перашкаджае мне верыць у Бога і спадзявацца, што з малітвай і дапамогай дактароў я стану маці! ... Наконт таго, каб маімі незапатрабаванымі эмбрыёнчыкамі нехта чужы скарыстаўся, — я адназначна супраць. Ёсць людзі, якія за грошы або добраахвотна становяцца донарамі палавых клетак, гэта — калі ласка. Але вось каб без майго дазволу — НЕ, як і для мэт навукі. Не выключаю, што нехта адважыцца ахвяраваць нескарыстаныя эмбрыёны для навукі. Асабіста я да гэтага не гатова. "Пры выкарыстанні донарскіх палавых клетак парушаецца прынцып адзінства і непарушнасці сямейнай пары. У працэсе зачацця ўдзельнічае трэці бок. Пры этычнай ацэнцы сурагатнага мацярынства з пункту погляду этыкі мы можам сказаць, што яно цалкам падобна на практыку пакупкі і продажу дзяцей. Дзіця робіцца таварам". Але некаторыя сужэнскія пары толькі гэтым і жывуць. Увогуле, не разумею, што такога, калі людзі жадаюць мець дзяцей? Яны ж іх не крадуць. Прабачце, не важна, якім чынам і з якой дапамогай. Калі муж і жонка гатовы да донарскага матэрыялу або сурагатнага мацярынства, чаму не? Для іх жа гэта таксама няпростае рашэнне. Ведаю, як цяжка асэнсоўваць, што побач з табой чалавек, які, не дай Божа, не зможа мець дзяцей. Ад гэтага і распадаецца "адзінства сям'і" часцей за ўсё. Жонка, якая прыбягае да дапамогі сурагатнай маці, не менш пакутуе ад думкі, што не яна сваё роднае выношвае. А як пакутуе мужчына, калі ведае, што любімая жанчына жадае мець дзяцей, а ў яго спермаграма кепская! Для яго вялізны ўдар па самалюбстве, калі прыйдзецца выкарыстоўваць донарскую сперму... Але калі з-за любові адно да аднаго людзі ідуць на гэта, дык чаму яны павінны адмовіцца ад шанцу? І калі некаторыя называюць дзетак, народжаных з дапамогай донара, "таварам", то яны забываюць, што яшчэ трэба зацяжарыць, вынасіць і нарадзіць. А гэта, на жаль, ад грошай не залежыць. Калі б можна было зацяжарыць з дапамогай грошай, я б зацяжарала, бо на сёння шлях, які я прайшла і якім іду, і ворагу не пажадаеш. Колькі слёз, гора, адчаю... Толькі сваёй марай жыву, думаю: калі б не ЭКА, напэўна, наклала б на сябе рукі. Толькі вось па маладушшы і з-за страху перад адказам за свой учынак спыняюся. І пакуль ёсць хоць якая-небудзь надзея, я буду чапляцца за яе зубамі, рукамі і нагамі! Жожык. @ "У артыкуле 19 законапраекта ў дачыненні эмбрыёнаў, якія не былі выкарыстаны пры экстракарпаральным апладненні, не прадугледжваецца магчымасць іх дарэння іншым бясплодным парам у выпадку, калі генетычныя бацькі не жадаюць больш паўтараць спроб ЭКА. Такі варыянт усё ж больш пераважны (пры ўсёй сумніўнасці прычын, якія прывялі да такога выніку), чым знішчэнне эмбрыёнаў". Вельмі складанае і вельмі неадназначнае пытанне і праект закона. Нават у Еўропе да канца не могуць рашыць усе спрэчныя пытанні, звязаныя з гэтай праблемай. У Італіі, напрыклад, забаронена браць (падчас пункцыі. — рэд.) больш чым 2 яйцаклеткі і нічога нельга замарожваць: што апладнілася — падсадка (у поласць маткі. — рэд.). Г. зн. эмбрыён не знішчаецца, але падрываецца здароўе жанчыны з-за бясконцых стымуляцый (гарманальная стымуляцыя выспявання яйцаклетак. — рэд.). Мая сяброўка італьянка прайшла праз 6 ЭКА за 8 гадоў, толькі потым зацяжарала. Але яна дакладна ведае, што ніводны яе эмбрыён не загінуў, ніводная клетачка не была прададзеная камусьці (колькі такіх выпадкаў у Расіі і ва Украіне — краінах яйцаклетачнага турызму!). Але нават пры такім раскладзе Каталіцкая царква асуджае ЭКА! А на самай справе, выбар толькі за намі! Недзе закон павінен абараніць і эмбрыёны таксама. Гэта ж так складана — знішчаць свае эмбрыёны, або іх могуць падсадзіць каму заўгодна нават без майго ведання, а гэта ж — мае дзеці! Гэта значыць, ты гарманальнымі прэпаратамі падрываеш здароўе, а некаму за вялікую суму прададуць твае лепшыя клетачкі, і мы ніколі не даведаемся і не дакажам нічога! Я вельмі спадзяюся: наш закон змогуць зрабіць аптымальным і справядлівым. Няхай нашы эмбрыёнчыкі становяцца нашымі любімымі малымі! Ева. @ ЭКА — надзея на жыццё не толькі маленькага новага чалавечка, але і на жыццё бацькоў гэтага чалавечка, таму што калі б не было такога шанцу, калі б не было дзетак ЭКА, колькі пакутлівых, не здзейсненых мацярок маглі рашыцца на адчайны крок... Колькі сем'яў маглі разбурыцца... Колькі б дзетак не з'явілася на свет... ЭКА — для жыцця, а не супраць! Калі мы прымалі рашэнне пра ЭКА, таксама задаваліся рэлігійным пытаннем, мне было страшна, што гэта — грэх. Але страшна не за сябе, а за маленькага чалавечка, каб гэты грэх не лёг на яго душу. І да сёння я сумняваюся, але чамусьці ўпэўненая, што калі Божанька дасць нам магчымасць стаць бацькамі, то так таму і быць. Ён жа нас усіх любіць і дае магчымасць любіць Яго і дзякаваць Яму ўсё жыццё! ...ЭКАшнае дзіця — гэта сапраўды пацвярджэнне любові, бо тыя, хто прайшоў праз усе пакуты, якія звязаны з ЭКА, і застаўся разам, ды яшчэ з каханнем адно да аднаго, здалі самы цяжкі іспыт на трываласць сваіх пачуццяў і сям'і. І няхай кіне ў мяне камень той, хто скажа, што гэта не так! MЕLІ. @ ...Мне цікава, калі ЭКА ў нас сталі рабіць быццам бы з 90-х гадоў, то як амаль 2 дзясяткі гадоў наша краіна рабіла яго без законаў? І ніякіх жа праблем не ўзнікала. Пакуль няма законаў, заўважце, усё ідзе сваім шляхам, а як толькі законы з'яўляюцца, дык адразу ўзнікае шмат праблем... jеnеееу. @ Расплакалася ад вашых каментарыяў. Вы малайцы, што трымаецеся, верыце, спадзеяцеся. Дай Божа вам сіл, цярпення і выканання мары. Царкву разумею таксама... Неяк адчуваю, што праўда ёсць у гэтым. Гэта — перасцярога. Каб не нараджаць бяздушных дзяцей. Маці будзе любіць яго, любога. Але вось якімі гэтыя дзеці вырастуць? У вас ёсць інфармацыя? У нас жа нядаўна гэтыя тэхналогіі. Наколькі ім, гэтым дзецям, уласцівыя спагада, пачуццё справядлівасці, любоў і дабрыня?.. Сонечны прамень. @ ...Мы ў пратакол (пратакол лячэння метадам ЭКА. — рэд.) уступілі якраз у пачатку посту. У Доме Міласэрнасці бацюшка нас благаславіў на добрую справу. Сказаў, што галоўная ўмова, — каб клеткі былі мае і мужа. Было гэта ў Даравальную нядзелю. Ні слова пра пост бацюшка нам не сказаў. Добра так усміхнуўся і благаславіў. Дадаў толькі, што, калі не атрымаецца, каб прыйшлі да яго, дапаможа... І я веру, што, калі б не атрымалася, менавіта ён знайшоў бы тыя самыя словы, якія б падтрымалі. Галоўнае верыць і шчыра прасіць у Божанькі, а добры святар заўсёды будзе на баку добрых спраў. Budumаmоу. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі звярнуўся з заявай у сувязі з прыняццем Палатай... |
|