Час, наперад!. 21.by

Час, наперад!

18.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што з'яўляецца вызначальным? Пра што чалавек павінен памятаць? Адназначнага адказу тут няма, бо ў кожнага свае каштоўнасці. Адзін скажа, што не трэба забываць запаветы Усявышняга, а другі ўпэўнены, што самае важнае — гэта здароўе, а трэці — Радзіма...

Калі Г. Свірыдаў напісаў сваю знакамітую ўверцюру "Час, наперад!", то кампазітар, напэўна, хацеў нагадаць людзям, што час імклівы і што ў нашым жыцці ён мае вызначальнае значэнне.

Час, як акіян

Адчуваць час пачынаеш на старасці год, калі яго застаецца ўсё менш і менш, калі ты ўжо фізічна адчуваеш сувязь з часам.

У дзяцінстве і маладосці час — як бязмежны акіян, на хвалях якога ты імчышся. І часта сам не ведаеш, куды і для чаго.

Колькі ў дзяцінстве было страчана часу? А трэба было чытаць, чытаць і набірацца розуму. Але хто цябе мог накіраваць і табе падказаць, бо даводзілася чуць, як калгаснікі разважалі: "А навошта вучыцца, калі вунь пастух атрымлівае больш за інжынера?". Атрымлівалі пастухі, даяркі і механізатары ўжо за Брэжневым, а раней даводзілася красці разам з бацькамі сена ці бульбу з калгаснага поля.

Аснова будучыні закладваецца не ў акадэміях і не ва ўніверсітэтах, а ў сям'і, і добра, калі бацькі могуць дзіцяці многае падказаць, дапамагчы яму. Хоць дзеці многага і не разумеюць, бо здаецца, што ў іх яшчэ бязмежны акіян часу. Веды назапашваюцца ў дзяцінстве лёгка, але калі ад дзяцінства застаюцца толькі ўспаміны і амаль забытыя ўражанні, то ў сталым узросце ад іх карысці мала. Хто нагаладаўся ў дзяцінстве — не здолее наесціся і на старасці год.

Важна ашчадна адносіцца да свайго часу, які ніколі не чакае. І калі чалавек адстаў, то як час дагнаць? Гэта датычыцца не толькі чалавека, але і краін, народаў, цывілізацый.

Ветразі напоўненыя...

Аўстралія лічыцца калыскай чалавецтва, але чамусьці абарыгены ў гэтай калысцы і засталіся. А час выбраў сабе зусім іншыя народы і нацыі.

Егіпет, Грэцыю, Рымскую імперыю... час пеставаў, і яны станавіліся "заканадаўцамі моды". Але ў часу няма вечных любімчыкаў. І вось напаўняліся ветразі іспанскіх і партугальскіх каравел і час імчаў іх...

Не іспанскія канкістадоры заваявалі Амерыку — гэта час вынес прысуд тамтэйшым цывілізацыям, якія не ўстаялі перад еўрапейскай — маладой і агрэсіўнай.

А затым "заказвала музыку" Англія і ўжо яе караблі... Але што засталося ад Егіпта, у якім на працягу тысячагоддзяў адна дынастыя змяняла другую і здавалася, што ніхто і нішто не зменіць устаноўлены ход гісторыі? І ад велічнага Егіпта засталіся піраміды ды муміі богападобных фараонаў. І толькі да жука-скарабея час быў літасцівым: і цяпер скарабей, як і пры фараонах, працягвае каціць сваё сонца з гною.

А дзе вялікія героі Грэцыі? Разамлелая пад сонцам нацыя жыве мінулым, эксплуатуе яго і просіць грошай у Еўрасаюза.

Для кожнай нацыі (народа) час устанавіў сваю мяжу. Вунь мангольская арда прайшла хмарай і знікла. "Падалі голас" у свой час і невялікія краіны: Галандыя, Аўстрыя, Швецыя... Але, каб хадзіць у лідарах, патрэбен запас духоўных і фізічных сіл.

Здавалася б, час уладарыць над усім і няма нічога вечнага пад месяцам, але з біблейскіх часоў вядома, што тавар мае цану, і ў гэтым плане істотна нічога не змянілася.

Зрабіўшы экскурс у мінулае, даводзіцца адзначыць адзін факт. Нягледзячы на ўсе палітычныя і сацыяльныя зрухі ў жыцці розных краін, прыватная ўласнасць не падлягала адмену. У Англіі і Францыі адсякалі галовы каралям і арыстакратам, пераразмяркоўвалі маёмасць, але рынкавыя адносіны не разбуралі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі наступіла новая эпоха, якой чалавецтва яшчэ не ведала — пачаўся наступ на прыватную ўласнасць.

Уверцюру "Час, наперад!" можна было ўспрымаць як гімн сацыялізму, які абагнаў свой час. Але праз 75 гадоў час усё паставіў на месца: планавая эканоміка не вытрымала канкурэнцыі і сацыялістычныя ветразі абвіслі.

Некалькі краін з сацыялістычнага лагера засталіся пры "сваёй думцы" і апынуліся ў стане ізгояў. Ды і пра што размова, калі нават Кітай наступіў на горла сваёй камуністычнай песні і ўсё дзеля таго, каб уліцца ў сусветную эканамічную сістэму. І гэта яму ўдалося, хоць і не трэба перабольшваць поспехі. У Кітаі пенсіі людзі не атрымліваюць, і чамусьці многія кітайцы шукаюць шчасце не ў сябе дома, а ў свеце.

Калі б сацыялістычны эксперымент удаўся хоць у адной краіне, то была б і іншая размова.

Эканамічныя праблемы Беларусі не з'яўляюцца экстраардынарнымі. У той ці іншай меры іх зведалі ўсе нашы суседзі, і цяпер нам давядзецца іх вырашаць. Мы забылі, што трэба жыць па сродках, а прыватная ўласнасць у нас успрымалася доўгі час як зло... Мы ўпусцілі час, і цяпер давядзецца яго даганяць.

У Беларусі ёсць свае погляды і амбіцыі, але яны не павінны выпадаць з наладжаных у свеце эканамічных адносін — Беларусь не можа знаходзіцца на абочыне Еўропы.

Чаму для пераймання нам не ўзяць нейкую еўрапейскую краіну, якая па насельніцтве і тэрыторыі найбольш адпавядала б Беларусі, і запазычыць ад яе самае лепшае? Галандыя, Данія, Бельгія, Швецыя... краіны, у якіх ёсць чаму навучыцца — яны правераны часам.

Не трэба нешта ламаць — неабходна, як тыя кітайцы, адкінуць палітыку і аддаць перавагу эканоміцы. З нашым народам, які ведае, што такое праца, можна многага дасягнуць. І ў гэтым плане беларусы таксама правераны часам на трываласць.

Час імклівы — не адстаць бы нашмат...

Сымон Свістуновіч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што з'яўляецца вызначальным? Пра што чалавек павінен памятаць? Адназначнага адказу тут няма, бо ў кожнага свае каштоўнасці. Адзін скажа, што не трэба забываць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика