"Ёсць сэнс здаваць зброю добраахвотна"
18.05.2011
—
Новости Общества
|
Сцвярджае начальнік аддзела па наглядзе за дазнаннем у органах унутраных спраў Генеральнай пракуратуры Салаўдзі МАГАМАДАЎ. І тут жа тлумачыць карэспандэнту "Звязды" сваю пазіцыю. Адразу ж пасля тэракта ў мінскім метрапалітэне ў Беларусі стартаваў комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на супрацьдзеянне незаконнаму абароту зброі, выбуховых рэчываў і прыстасаванняў пад назвай "Арсенал". Літаральна за месяц было канфіскавана 474 адзінкі зарэгістраванай зброі, 480 адзінак незарэгістраванай зброі, 51 602 адзінкі боепрыпасаў. — Асобна хочацца вылучыць тых грамадзян, якія здалі зброю па сваёй волі, — адзначыў Салаўдзі Рашыдавіч. — Так, з 12 красавіка па 11 мая добраахвотна здадзена ў органы ўнутраных спраў 553 адзінкі зарэгістраванай, 1184 адзінкі незарэгістраванай зброі, 48 897 адзінак боепрыпасаў. Мы заклікаем людзей добраахвотна здаваць зброю. Бо так званыя "добраахвотнікі" аўтаматычна вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці за незаконнае набыццё, захоўванне, перавозку, выраб зброі, выбуховых рэчываў і прыстасаванняў, а таксама іх кампанентаў. Суразмоўца нагадаў, што за злачынства, акрэсленае артыкулам 295 Крымінальнага кодэксу, прадугледжана сур'ёзная адказнасць. Максімальная санкцыя — 12 гадоў пазбаўлення волі. — Баяцца здаваць незарэгістраваную зброю ў міліцыю не варта, — падкрэсліў прадстаўнік Генпракуратуры. — Я не ведаю ніводнага выпадку, калі б гэта прывяло да нейкіх негатыўных наступстваў у дачыненні да такіх людзей. А вось у дачыненні тых, хто працягвае насуперак закону трымаць пры сабе зброю ды выбуховыя рэчывы, толькі падчас правядзення комплексу мерапрыемстваў "Арсенал" заведзена ажно 162 крымінальныя справы, 473 асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. — Салаўдзі Рашыдавіч, скажыце, калі ласка, наколькі забюракрытазаваная працэдура добраахвотнай здачы зброі? — Сама працэдура добраахвотнай здачы нескладаная. Яна шмат часу не займае і, як я ўжо адзначыў, не цягне ніякіх негатыўных наступстваў для "добраахвотніка". Чалавеку дастаткова напісаць заяву і аднесці яе разам са зброяй у міліцыю. Спецыялісты, у сваю чаргу, складаюць пратакол аб добраахвотнай выдачы зброі (выбуховых рэчываў, прыстасавання альбо іх кампанентаў), пасля чаго выносіцца працэсуальнае рашэнне аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні заяўніка. Ведаеце, калі на адну шалю пакласці нязручнасці працэдуры здачы зброі, а на другую — тое, што пры выяўленні гэтай зброі чалавек будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, то лепш выбраць, як мне здаецца, найменшае ліха. Больш за тое, дадаў суразмоўца, хто гарантуе, што стрэльба, якая без справы пыліцца ў вас на сцяне, не трапіць у рукі зламысніку?.. Згодна з беларускім заканадаўствам (арт. 300 КК), за неналежнае захоўванне агнястрэльнай зброі законным уладальнікам, які стварыў умовы для выкарыстання гэтай зброі іншай асобай, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека альбо прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, таксама прадугледжана адказнасць. Выпадкаў крадзяжу зброі і выбуховых рэчываў дастаткова. Так, суд Вілейскага раёна пазбавіў волі мужчыну, які, знаходзячыся нападпітку ў 2008 годзе, скраў паляўнічую зброю з майстэрні жыхара вёскі Бараўцы і перапрадаў яе незнаёмцу за 100 тысяч рублёў. А не так даўно ў цэнтры Жлобіна пільныя мінакі знайшлі гранату і паведамілі пра гэта ў міліцыю. Граната, якую тут жа прыбралі, аказалася вучэбнай. Зараз правяраецца, адкуль яна магла трапіць у цэнтр горада. — Калі ўзважыць усе "за" і "супраць", то зразумела, што нашмат спакайней чалавеку будзе жыць, калі ён законную зброю, якая яму ўжо не патрэбная, а тым больш незарэгістраваную, здасць. Бо, як паказвае жыццё, адно правапарушэнне нярэдка цягне за сабой і другое. У пацвярджэнне сваіх слоў прывяду толькі адзін прыклад. Жыхар Жлобінскага раёна ў 2008 годзе знайшоў у старым доме вінтоўку ваеннага ўзору, зрабіў з яе абрэз і захоўвае ў сябе дома. Праз год-паўтара ён (чалавеку было пад 60 гадоў) у кампаніі маладых людзей распіваў спіртное. У разгары спрэчкі пабег дадому за абрэзам. Па вяртанні пачаў запужваць маладых людзей. Апошнія паспрабавалі забраць у яго зброю, якая ў рэшце рэшт стрэліла. У выніку адзін хлопец атрымаў раненне, ад якога пасля ў бальніцы памёр. Вось так незаконнае захоўванне пацягнула за сабой прычыненне па неасцярожнасці смерці. Чалавек у цэлым законапаслухмяны, раней не судзімы, зараз знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Навошта, хочацца спытаць, яму патрэбна было захоўваць дома тую зброю?.. Былі выпадкі, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў знаходзілі выбуховыя рэчывы на гарышчах вясковых жылых дамоў. Страшна ўявіць, у што б ператварыліся тыя і суседскія дамы, калі б, не дай Бог, разгарэўся пажар да таго, як іх канфіскавалі... — Мы заклікаем грамадзян памятаць, што зброя альбо выбуховыя рэчывы — гэта крыніца павышанай небяспекі. Не выкідвайце яе ні ў якім разе. Бо дзе гарантыя, што выкінуты абрэз альбо знойдзеная міна не трапіць у рукі не зусім адэкватнаму чалавеку альбо дзецям? Так, у красавіку гэтага года ў вёсцы Пнёва Лёзненскага раёна школьнік знайшоў частку снарада. Маці, калі ўбачыла знаходку сына, сказала, каб ён яе выкінуў. Хлопчык не паслухаўся. На другі дзень у школе расказаў аб прыхаваным снарадзе аднакласнікам, якія пасля ўрокаў цэлай групай спрабавалі яго ўзарваць. Снарад узарваўся. У выніку хлопчык загінуў, а трое дзяцей атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Калі б маці хлопчыка адразу ж патэлефанавала ў міліцыю, няшчасце можна было б папярэдзіць... Бяздзеяння з боку дарослых не павінна быць. Напрыканцы размовы Салаўдзі Рашыдавіч падкрэсліў, што ён меў на мэце патлумачыць патрабаванні закону, але ні ў якім разе не запужаць чытачоў. Надзея ДРЫЛА. фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сцвярджае начальнік аддзела па наглядзе за дазнаннем у органах унутраных спраў Генеральнай пракуратуры Салаўдзі МАГАМАДАЎ. І тут жа тлумачыць карэспандэнту... |
|