Метэор з Карлава ўніверсітэта. 21.by

Метэор з Карлава ўніверсітэта

20.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вацлаў Жыдліцкі адкрыў чэшскім чытачам беларускую літаратуру
Вацлаў Жыдліцкі з Максімам Танкам і Іванам ШамякінымСпачатку, прызнацца, вабіла мяне паставіць у загалоўку слова “зорка”. Ды зорка ззяе нерухома ў атачэнні іншых свяціл. А Вацлаў Жыдліцкі, у якога нядаўна былі 80-я ўгодкі, пранёсся на небасхіле чэшскай беларусістыкі 1960–90-х адзін, да таго ж імкліва. Спрабаваў акружаць сябе вучнямі, але тых пераманьвалі іншыя славянскія літаратуры. Праўда, знаходзіў сяброў і паплечнікаў у Беларусі. Яны зрабілі яго, прафесара Карлава ўніверсітэта ў Празе, сябрам Міжнароднага камітэта беларусістаў, а ў 1996-м і ганаровым доктарам Беларускага дзяржуніверсітэта.
Згадваю, што ўпершыню сустрэліся мы 10 мая 1968 года, на дні нараджэння Сяргея Панізьніка — афіцэра, журналіста, перакладчыка і паэта, “Лермантава беларускай паэзіі”. Ён быў знаёмы з “Вацэкам”, запрасіў яго на вечарыну. У Сяргея сваёй жылплошчы ў Мінску яшчэ не было, імяніны святкавалі на гасціннай кватэры Уладзіміра Караткевіча. Мы дружна атачылі калегу з берагоў Влтавы, здзіўляліся, як хораша ён гаворыць па-беларуску. А паколькі на маёй хатняй паліцы ўжо стаялі яго манаграфіі “Украінская і беларуская літаратура ў чэшскіх перакладах” (1956), “Даследаванні па гісторыі чэшска-беларускай супольнасці” (1960) і іншыя, мы сталі абменьвацца кнігамі, пісаць на іх водгукі. Жыдліцкі запрасіў Караткевіча і яго жонку ў Прагу, іх дружба вылілася ў пераклады на чэшскую мову раманаў і аповесцяў “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Нельга забыць”, “Хрыстос прызямлілся ў Гародні” і “Чорны замак Альшанскі”. Былі сустрэчы на канферэнцыях у Мінску, у доме адпачынку “Іслач” каля Ракава — менавіта там зроблены здымак Вацлава з Максімам Танкам і Іванам Шамякіным.
Апошні раз мы бачыліся ў 1991-м, калі група беларускіх скульптараў і літаратараў выязджала аўтобусам у Прагу, каб выбраць знакавае месца для помніка Францыску Скарыну, які, як вядома, выдаў там у 1517 годзе першую кніжку на старабеларускай мове. Нашымі паплечнікамі-экскурсаводамі былі Вацлаў Жыдліцкі і настаўнік-філолаг Міласлаў Зіма. Дарэчы, калі б не іх прадуманая дапамога, у Празе сёння не стаяў бы наш Скарына, не віднелася б мемарыяльная дошка на бібліятэцы “Клементынум”.
18 жніўня 2002 года вернага сябра беларускай літаратуры не стала. У некралогу я прыгадаў, што нарадзіўся ён 16 красавіка 1931 года ў вёсцы Тулічаў Валынскай вобласці (Украіна), адкуль пасля вайны сям’я перасялілася ў Чэхію. Сярод заслуг нябожчыка згадваў курсы лекцый па беларускай філалогіі для студэнтаў Карлава ўніверсітэта, падручнік “Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры”, пераклады твораў А. Адамовіча, Я. Брыля, В. Быкава, І. Пташнікава, І. Шамякіна, складзеныя ім анталогію беларускай паэзіі, аднатомнікі Я. Купалы і М. Танка.

Адам Мальдзіс

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вацлаў Жыдліцкі адкрыў чэшскім чытачам беларускую літаратуру
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика