Мясцовае багацце. 21.by

Мясцовае багацце

31.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З беларускіх лясоў і палеткаў, з драўніны і саломы

Лясны масіў каля вёскі Заполле Мастоўскага раёна сустракае генеральнага дырэктара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам "Гроднааблпаліва" Віктара НІКАЛАЙЧЫКА, галоўнага інжынера Уладзіміра ГУЗЕНЯ і аўтара гэтых радкоў моцнай "атакай" камароў, да чаго ў гэтыя дні ўжо прызвычаіліся спецыялісты брыгады па вырабе дранкі — мясцовага паліва з драўніны. Гэтая прадукцыя, якая яшчэ некалькі гадоў таму з'яўлялася для Беларусі навінкай і некаторымі гаспадарнікамі ўспрымалася насцярожана, з пэўным скепсісам, сёння літаральна нарасхват у кацельнях ЖКГ.

Так, можна было б і надалей спадзявацца выключна на прыродны газ (а Гродзенская вобласць самая газіфікаваная ў рэспубліцы: летась у паліўным балансе рэгіёна — 81,8 працэнта), але трэба лічыцца з эканамічнымі рэаліямі, з энергетычнай бяспекай краіны, якая не можа залежаць ад аднаго віда рэсурсаў. І ўжо цяпер відавочна, што тая ж дранка складае ў кацельнях жыллёва-камунальнай гаспадаркі даволі дастойную альтэрнатыву "блакітнаму паліву". І нішто не сведчыць, што ў перспектыве ў сувязі з коштам прыроднага газа стане інакш. Больш за тое, можна спрагназаваць, што гэта мясцовае паліва з кожным годам будзе яшчэ больш запатрабаваным — і не толькі на нашым унутраным, але і на знешніх рынках.

Карэспандэнт "Звязды" пацікавіўся, чым жа можа быць карысным для іншых досвед адных з першапраходцаў па вытворчасці паліўнай дранкі.

Паводле слоў дырэктара Мастоўскага філіяла КУП "Гроднааблпаліва" Уладзіміра ДАНІЛЬЧЫКА, брыгады па вырабе дранкі ўжо даўно не прастойваюць без справы, даводзіцца працаваць нават у выхадныя. Напрыклад, літаральна паўгадзіны таму адзін "дранкавоз" накіраваўся ў Скідаль — і адразу ж пад загрузку стаў другі. Тэхніка надзейная, зарплата ў брыгадзе па нарыхтоўцы дранкі часам перавышае 2 мільёны рублёў, а эканамічнае становішча філіяла ў цэлым дзякуючы гэтай прадукцыі палепшылася так, што прадпрыемства стала адным з лепшых у раёне.

Не абцяжарваючы чытачоў тэхналагічнымі нюансамі, паведамім толькі, што наша мясцовая дранка "пачынаецца" з нарыхтоўкі драўніны, а затым вальшчыкі перадаюць "эстафету" аператарам пагрузачна-транспартных і рубільнай машын. На перапрацоўку бярвёнаў, вывезеных з лесу на бліжэйшую, зручную для пад'езду пляцоўку ля вёскі Заполле, патрабуецца прыкладна тыдзень. Пасля чаго тэхніка накіруецца ў іншыя раёны Гродзеншчыны, дзе ўжо паклапаціліся аб нарыхтоўцы сыравіны для дранкі.

А пачыналася з ініцыятывы кіраўніцтва КУП "Гроднааблпаліва", з разумення таго, што жыць на старым "багажы" ўжо нельга.

— У 2007 годзе пры падтрымцы аблвыканкама і Дэпартамента па энергаэфектыўнасці наша прадпрыемства ўключылі ў рэспубліканскую праграму па вытворчасці паліўнай дранкі на Гродзеншчыне, — расказвае Віктар Нікалайчык. — Азнаёміліся з адпаведным досведам у рэспубліцы і за мяжой, вызначыліся з найлепшым у нашых умовах абсталяваннем, а міжраённую брыгаду па вытворчасці і дастаўцы дранкі да кацельняў ЖКГ стварылі на базе Мастоўскага філіяла па меркаваннях найбольшай эфектыўнасці. Набылі ўсю неабходную тэхніку, абучылі кадры вальшчыкаў, аператараў пагрузачна-транспартных і рубільнай машын, стварылі пяць брыгад па нарыхтоўцы драўніны ў Ваўкавыску, Зэльве, Мастах і Гродне, атрымалі ліцэнзіі на ўсе віды дзейнасці. Увогуле на гэты праект затрачана каля 2,3 мільярда рублёў з трох крыніц — інавацыйных фондаў Мінэнерга і аблвыканкама, а таксама за кошт уласных сродкаў прадпрыемства.

Сёння геаграфія вытворчасці паліўнай дранкі значна пашырана і ахоплівае, акрамя вышэйзгаданых, Слонімскі, Бераставіцкі, Карэліцкі і Навагрудскі раёны. Лесанарыхтоўчыя брыгады стварылі таксама ў Смаргоні і Свіслачы. Такі падыход, на думку Віктара Нікалайчыка, апраўданы як з пункту гледжання стабільных саманарыхтовак драўніны, так і дзеля паляпшэння эканомікі. Па-першае, гэта танней, чым карыстацца "чужымі" пастаўкамі, а па-другое, на лесасеках (як выдзеленых лясгасамі, так і купленых на таварнай біржы) сустракаецца дзелавая драўніна, рэалізацыя якой таксама прыносіць даходы прадпрыемству. Больш за тое, гэта дазволіла арганізаваць экспартныя пастаўкі дроў у Еўропу.

Для даведкі:

У 2010 годзе міжраённай брыгадай КУП "Гроднааблпаліва" на рубільнай машыне HЕM-420D нямецкай фірмы "Jеnz" выраблена 31,7 тысячы шчыльных кубаметраў паліўнай дранкі — лепшы вынік сярод аналагічнай тэхнікі ў краіне. Гэтая вытворчасць забяспечыла прадпрыемству прыбаўку да агульнага аб'ёму тавараабароту і паслуг амаль на 2 мільярды рублёў (8,5 працэнта).

Цяпер Віктар Нікалайчык марыць аб набыцці яшчэ адной рубільнай машыны, каб пашырыць вытворчасць паліўнай дранкі — у інтарэсах і прадпрыемства, і ўсёй краіны. Зрэшты, не дранкай адзінай ... Развітваемся з мастаўчанамі і накіроўваемся ў Зэльву, каб азнаёміцца з яшчэ адным, раней нетрадыцыйным відам прадукцыі з мясцовай сыравіны.

Карэспандэнт "Звязды" прыязджаў у Зэльвенскі філіял КУП "Гроднааблпаліва" пяць гадоў таму, калі там не абмежаваліся ўжо звычнымі торфабрыкетам і дровамі, а заняліся яшчэ і вырабам драўнянага вугалю. Цікаўлюся ў дырэктара філіяла Чэслава БУСЛОВІЧА, ці не шкадуе ён, што ўзяўся за гэту справу. У адказ — лічбы, якія сведчаць, што драўняны вугаль — сапраўды тавар шырокага народнага спажывання, вельмі запатрабаваны аматарамі шашлыкоў і іншых страў. На складзе ён не залежваецца і рэалізуецца па ўсёй вобласці — у крамах, на аўтазаправачных станцыях. Будзе яшчэ больш рэтортаў (абсталявання па вытворчасці драўнянага вугалю) — дык, пэўна, не толькі ўнутраны рынак гэтай прадукцыяй забяспечаць, але і атрымаюць выгаду з экспарту.

Для даведкі:

У 2006 годзе прадалі 58 тон драўнянага вугалю, а летась, калі колькасць рэтортаў павялічылася да шасці — 152 тоны, на 350 мільёнаў рублёў. Прыбаўка па валу тавараў і паслуг у Зэльвенскім філіяле за мінулы год склала 10, а па прыбытку — амаль 23 працэнты. Да таго ж дзякуючы драўнянаму вугалю створана 12 новых рабочых месцаў.

...Усё гэта пра што? Ды пра тое, мусіць, што так і павінны сёння працаваць сапраўдныя гаспадарнікі. Не чакаць лепшай кан'юктуры аднекуль "зверху", а вывучаць перадавы вопыт, бачыць рэзервы ў сябе і граматна іх задзейнічаць. Так, імгненнай выгады не будзе, новае — гэта заўсёды рызыка, пралікі, нервы, і рэальны вынік зусім не гарантаваны. Але, як сведчаць тыя ж паліўная дранка і драўняны вугаль у "выкананні" КУП "Гроднааблпаліва", цалкам магчымы.

  Варта дадаць, што ўсе філіялы прадпрыемства цяпер аснашчаны новым абсталяваннем па распілоўцы і колцы дроў. У гэтым — таксама рэальная эканоміка, бо прадукцыйнасць у паўтара раза вышэйшая, чым раней, а энергіі спажываецца на столькі ж менш. У выніку павялічыўся прыбытак ад паслуг па дровах. Плюс бяспека, мінімум фізічнай працы. Паклапаціліся і пра тое, каб зрабіць больш таннай дастаўку паліва насельніцтву: кузаў самазвала дзеляць на дзве часткі і вязуць дровы альбо торфабрыкет адным рэйсам дваім домаўладальнікам.

...Цяпер на парадку дня прадпрыемства — чарговы праект па мясцовых, альтэрнатыўных прыроднаму газу відах паліва. На гэты раз справе энергетычнай бяспекі краіны і, безумоўна, эканоміцы вытворцаў павінна паслужыць салома, якой на Гродзеншчыне з яе высокімі ўраджаямі хапае. На базе Навагрудскага філіяла працуюць па асваенні выпуску з саломы паліўных пелетаў (гранул). Купілі і зманціравалі вытворчую лінію, набылі прэс-падборшчыкі і іншую неабходную тэхніку, будуюць павеці для захоўвання сыравіны, каб, як гаворыцца, у поўным узбраенні сустрэць сёлетняе жніво.

А затым у генеральнага дырэктара прадпрыемства "Гроднааблпаліва" Віктара Нікалайчыка (якога хочацца шчыра павіншаваць з надыходзячым юбілеем) і яго калег, магчыма, з'явяцца новыя ідэі і праекты. Чаму б і не?

Барыс ПРАКОПЧЫК. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З беларускіх лясоў і палеткаў, з драўніны і саломы Лясны масіў каля вёскі Заполле Мастоўскага раёна сустракае генеральнага дырэктара камунальнага ўнітарнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика