З дзіцем — камандзіроўка па жаданні
08.06.2011
—
Новости Общества
|
Сяргей ГРЫБ З пункту гледжання нашага заканадаўства, кожны работнік мае роўныя правы і абавязкі. Аднак у агульным правіле ўсё ж ёсць выключэнні — гаворка аб жанчынах і няпоўнагадовых грамадзянах. Так, не сакрэт, што для іх існуюць дадатковыя працоўныя гарантыі. І менавіта гэта стала тэмай чарговай інтэрактыўнай канферэнцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, удзел у якой узялі намеснік міністра Аляксандр Аляксеевіч РУМАК, намеснік дырэктара дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Ірына Фёдараўна ШЫЛЯЕВА, галоўны юрысконсульт аддзела працоўнага заканадаўства Таццяна Валер'еўна РАБУХА і начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Іван Аляксандравіч КАРЧЭЎСКІ. @ <І>Наколькі правамоцная прапанова наймальніка заключыць кантракт з жанчынай, якая адна выхоўвае няпоўнагадовае дзіця? — Такая прапанова правамоцная. Пры заключэнні кантрактаў ніякіх выключэнняў з агульных правілаў для адзінокіх маці наша заканадаўства не робіць. @ Ці можа жанчына, якая мае 7-гадовае дзіця, адмовіцца ад службовай камандзіроўкі? — Паводле 263 артыкула Працоўнага кодэкса, жанчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў або дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, накіроўваюцца ў службовую камандзіроўку толькі з асабістай пісьмовай згоды — у прыватнасці, на самім загадзе. Прычым калі такія жанчыны згоды на камандзіроўку не даюць, то расцэньваць адмову як дысцыплінарны праступак нельга. @ Ці можа жанчына з няпоўнагадовым дзіцем разлічваць на няпоўны працоўны дзень? — Паводле 289 артыкула Працоўнага кодэкса, наймальнік абавязаны вызначыць няпоўны працоўны дзень ці няпоўны працоўны тыдзень з аплатай прапарцыянальна адпрацаванаму часу па просьбе жанчыны, якая мае дзіця ва ўзросце да 14 гадоў. Для гэтага такая жанчына павінна звярнуцца да наймальніка з пісьмовай заявай. @ Дзе нельга працаваць жанчынам? — Наша заканадаўства забараняе працу жанчын на пэўных работах з цяжкімі і небяспечнымі ўмовамі, на падземных работах (за выключэннем работ без выкарыстання фізічнай сілы і работ па санітарным ці бытавым абслугоўванні), а таксама на некаторых іншых работах. Напрыклад, зыходзячы з меркаванняў аховы здароўя, жанчыны не могуць прымацца бетоншчыкамі, вадзіцелямі (на міжнародных пасажырскіх перавозках на аўтобусах больш чым з 14 месцамі, на аўтамабілях грузапад'ёмнасцю больш за 5 тон і самазвалах грузапад'ёмнасцю больш за 2,5 тоны), машыністамі, электрагазазваршчыкамі пры работах у закрытых ёмістасцях, цеслярамі і г.д. Да таго ж для жанчын вызначаны строгія абмежаванні па пад'ёме і перасоўванні цяжкасцяў уручную. @ Ці не з'яўляюцца відавочнай дыскрымінацыяй аб'явы аб прыёме на працу кшталту "патрабуецца мужчына..."? — Калі жанчына лічыць, што яе не прынялі на працу толькі па палавой прыкмеце, то яна мае поўнае права звярнуцца ў суд па месцы знаходжання юрыдычнай асобы з позвай аб факце дыскрымінацыі. Дарэчы, варта заўважыць: пры разглядзе індывідуальных працоўных спрэчак плаціць судовую пошліну не трэба. @ Ці можна прыцягваць да сельгасработ школьнікаў, якім яшчэ не споўнілася 16 гадоў? — Сельгасарганізацыя можа прыцягваць да работ толькі школьнікаў ва ўзросце больш за 14 гадоў і толькі пры выкананні пэўных патрабаванняў заканадаўства. Так, па-першае, для работы школьніка ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў патрабуецца пісьмовая згода аднаго з бацькоў, усынаўляльніка ці папячыцеля. Па-другое, такія падлеткі могуць быць занятыя на лёгкіх работах, якія не з'яўляюцца шкоднымі для здароўя. Напрыклад, маюцца на ўвазе падрыхтоўка саджанцаў, догляд кветнікаў і маладых лясных культур без выкарыстання ядахімікатаў, нарыхтоўка лекавай сыравіны, праполка агародніны, уборка той жа агародніны, збор бульбы пасля механізаванага выкопвання і г.д. Па-трэцяе, неабходна памятаць, што пры выкарыстанні працы няпоўнагадовых існуюць спецыяльныя патрабаванні да рэжыму працоўнага часу, тэхнікі бяспекі, умоў харчавання і адпачынку. У прыватнасці, падчас працы праз кожныя 45-50 хвілін тут павінны прадугледжвацца 10-15-хвілінныя перапынкі. І яшчэ. Тэрміны ўдзелу няпоўнагадовых у сельгасработах абмежаваныя: для 14-16-гадовых ліміт складае 6, а для 16-18-гадовых — 12 дзён на працягу вучэбнага года з абавязковым выхадным. @ З якога ўзросту дазваляецца працаваць на трактары? — Працаваць на трактары могуць толькі асобы, якім споўнілася 17 гадоў і якія маюць адпаведнае пасведчанне на права кіравання такімі машынамі. Да таго ж допуск да працы на трактары тут магчымы толькі пасля праходжання падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, стажыроўкі і інструктажу, павышэння кваліфікацыі і праверкі ведаў па ахове працы. @ Наколькі законнае патрабаванне наймальніка прайсці медагляд да работніка ва ўзросце да 18 гадоў? — Такое патрабаванне — абавязак кожнага наймальніка. Няпоўнагадовыя работнікі павінны накіроўвацца на медагляд штогод. Пры гэтым такія медагляды праводзяцца ў працоўны час з захаваннем сярэдняй зарплаты. @ Калі работнік ва ўзросце да 18 гадоў можа скарыстацца правам на першы водпуск? — У адрозненне ад іншых катэгорый, работнік ва ўзросце да 18 гадоў па ўласным жаданні можа скарыстацца правам на водпуск яшчэ да заканчэння 6-месячнага тэрміну працы — адно, што тут варта не забывацца на існаванне графіку водпускаў. Дарэчы, у такім выпадку нялішне звярнуць увагу на дзве акалічнасці. Па-першае, работнікам ва ўзросце да 18 гадоў нельга пераносіць водпуск на наступны год. І па-другое, работнікаў ва ўзросце да 18 гадоў забараняецца адклікаць з водпуску. @ Колькі школьнікаў змогуць папрацаваць падчас летніх канікулаў? — Чакаецца, што сёлета падчас летніх канікулаў зможа прапрацаваць не менш чым 25,6 тыс. школьнікаў і навучэнцаў. Прычым пры пошуках часовай працы можна звярнуцца да сацыяльных педагогаў сваіх навучальных устаноў, або як варыянт — у службу занятасці насельніцтва па месцы жыхарства. @ Што неабходна мець на ўвазе школьнікам, якія збіраюцца працаваць на канікулах? — Тут трэба звярнуць увагу адразу на некалькі момантаў. Для няпоўнагадовых існуюць строгія ліміты на ручны пад'ём і перасоўванне цяжкасцяў. Няпоўнагадовым нельга працаваць звышурочна, па выхадных, у дзяржаўныя святы і ў начную змену. Заканадаўства вызначае, што працягласць працы падчас канікулаў для асоб ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў не можа перавышаць 4 гадзін 36 мінут, а для асоб ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — 7 гадзін у дзень. Пры гэтым зарплата тут павінна налічвацца і выплачвацца ў такім жа памеры, як і работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай працы. І яшчэ. Неабходна падкрэсліць, што ў любым выпадку з няпоўнагадовымі падпісваецца працоўны дагавор. Адзін з яго экзэмпляраў застаецца ў наймальніка, а другі — перадаецца работніку. Прычым падпісанне працоўнага дагавора — лепшы сродак застрахавацца ад якіх-небудзь непаразуменняў, і ў тым ліку пры выплаце зарплаты. @ Наколькі верагоднае павелічэнне ў Беларусі дародавага водпуску? — Цяпер гэта пытанне не разглядаецца. Бо ў параўнанні з іншымі краінамі такі водпуск у нас — максімальны. Да таго ж спрагназаваць, наколькі змяненне працягласці гэтага водпуску паўплывае на змяншэнне колькасці заўчасных родаў, вельмі складана. @ Ці можа ў нашай краіне па прыкладзе Еўропы быць уведзена норма аб абавязковым падзеле водпуску па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў паміж жонкай і мужам? — Абавязковага падзелу водпускаў па доглядзе дзяцей не плануецца. Разам з тым, падзяліць такі водпуск можна добраахвотна. Да слова, статыстыка сведчыць, што доля бацькоў, якія аформілі водпуск па доглядзе дзяцей на сябе, у Беларусі складае 1 працэнт. @ Як плануецца павышаць дзіцячыя дапамогі ў Беларусі? — Пакуль дапамогі ў сувязі з нараджэннем і доглядам дзяцей пераразлічваюцца ў сувязі са змяненнем бюджэту пражытковага мінімуму. Так, за сёлетнія студзень—май адносна аналагічнага перыяду летась памер дапамог на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў павялічыўся на 23,1 працэнта — у маі ён складае 343.260 рублёў. Што ж да перспектывы, то дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў плануецца дыферынцыраваць у залежнасці ад чарговасці нараджэння дзяцей і вылічваць, зыходзячы з сярэдняй зарплаты па краіне. А дапамогі пры нараджэнні ёсць намер павялічыць удвая: да 10 бюджэтаў пражытковага мінімуму пры нараджэнні першага і да 14 БПМ — пры нараджэнні другога і наступных дзяцей. У прыватнасці, такія нормы закладзены ў праекце новай Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2011-1015 гады, якая цяпер знаходзіцца на разглядзе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З пункту гледжання нашага заканадаўства, кожны работнік мае роўныя правы і абавязкі. Аднак у агульным правіле ўсё ж ёсць выключэнні — гаворка аб жанчынах і...
|
|