Навыперадкі з жыццём, ці Аб тым, як не страціць сваё iмя
14.06.2011
—
Новости Общества
|
Цікавая, я б сказаў, заліхвацкая праца ўласнага карэспандэнта. Удалечыні ад кіраўніцтва будуеш планы, глыбока ўзіраешся ў жыццё. Праўда, сутыкаешся з праблемай: крытыкаваць — не крытыкаваць. Але калі яе пераадольваеш, атрымліваеш сапраўднае задавальненне. Адкрываю Календу Памятаю, па нейкіх справах я выбраўся за горад і ўбачыў незвычайны помнік: са стэлай, нават гармата ўстаноўлена… “Ды быццам бы такі не значыцца на раённай карце гістарычных помнікаў, — падумаў. — Хто яго ўстанавіў?” Аказалася, мясцовы жыхар, ветэран вайны Яўген Календа. Яўген Міхайлавіч ваяваў ва Усходняй Прусіі, пасля вайны працаваў намеснікам дырэктара Каменскага дома-інтэрната, потым узначальваў адно з гарадскіх гандлёвых прадпрыемстваў. Аднак са сваёй малой радзімай сувязі не страчваў… Таму вырашыў узвесці помнік, каб ушанаваць памяць аднавяскоўцаў, якія склалі свае галовы на полі бітваў… Спачатку падрыхтаваў пляцоўку паблізу населенага пункта, затым прыцягнуў камень-валун, на якім прымацаваў мармуровую пліту з высечанымі на ёй прозвішчамі. Устанавіў стэлу са здымкамі загінуўшых, прывёз гармату, пафарбаваў агароджу, высадзіў дрэвы. Усё рабіў сам. Дзе грошы браў? Адкладваў з прэміяльных, каб не адбівалася на бюджэце сям’і, з пенсіі, як любіў казаць, адшчыпваў. Будаўніцтва вялося даволі хутка. Да чарговай гадавіны Вялікай Перамогі помнік і адкрылі. Сабраліся аднавяскоўцы, таварышы па працы. Усклалі кветкі, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. На жаль, такі высакародны ўчынак заставаўся як бы ў цяні. Аднак пасля таго, як я расказаў пра Календу ў “Рэспубліцы”, сітуацыя змянілася. Па-першае, яму адразу патэлефанавалі са словамі падзякі з рэспубліканскага ўпраўлення ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, затым былы міністр абароны рэспублікі Леанід Мальцаў выдаў загад аб узнагароджанні яго ганаровай граматай: “Паважаны Яўген Міхайлавіч, вы праявілі прыклад грамадзянскасці, патрыятызму не на словах, а на справе. Доўгіх вам год, удзячнай памяці!” А Календа тым часам ажыццявіў яшчэ адну задумку: з другога боку помніка ўстанавіў вялізны камень, нанёс на яго прозвішчы ўсіх аднавяскоўцаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і зрабіў надпіс-памятку нашчадкам. Абгарадзіў — атрымаўся цэлы мемарыяльны комплекс! І пра яго аўтар гэтых радкоў напісаў у “Р”, а затым абедзве публікацыі адправіў у аблвыканкам. Хадайніцтва рэдакцыі мела сілу: Яўген Календа быў удастоены ганаровага звання “Чалавек года Магілёўскай вобласці”. Крытыкаваць ці на баку ляжаць? Гэта пытанне востра стаіць для ўласнага карэспандэнта. З аднаго боку, жывеш на той тэрыторыі, дзе і працуеш, як бы не з рукі крытыкаваць. А з іншага боку, будзеш маўчаць — страціш сваё “я”, цябе пачнуць забываць. Як знайсці “залатую сярэдзіну”? Аднойчы ў карэспандэнцкі пункт “Р” завіталі адразу некалькі былых работнікаў фабрыкі па вырабу і рамонту трыкатажу. Так, маўляў, і так: у нас укралі частку пенсіі… І расказалі, што мелі па дваццаць, трыццаць гадоў працоўнага стажу. Даражылі сваім прадпрыемствам і думаць не думалі, што яго закрыюць. А праз некаторы час, калі сталі выходзіць на заслужаны адпачынак, выявілася, што адсутнічаюць бухгалтарскія дакументы амаль за два дзесяткі гадоў. Хто іх узяў, з якой мэтай — невядома. Людзі пачалі звяртацца ў мясцовыя органы ўлады, а ім у адказ: “У выпадку надзвычайных сітуацый, стыхійных бедстваў, аварый, катастроф, як і трактуе адпаведны закон, вам бы пайшлі насустрач, а тут крадзеж…” Людзі без віны вінаватыя! Гэта па-чалавечы закранула мяне. Змясціў у “Р” артыкул “Хто адкажа за наймальніка-бюракрата?”, які меў рэзананс на самым высокім узроўні. Але адчуў халадок з боку асобных работнікаў гарвыканкама: “Вы з крытыкай будзьце асцярожныя, бо ведаеце, як яе не любіць наша кіраўніцтва?..” А тут я яшчэ адзін артыкул напісаў па праблеме чыноўніцтва, які так заканчваўся: “Дык што, шаноўнае чыноўніцтва, будзем перабудоўвацца? Будзем, нікуды ад гэтага не падзецца. Інакш падзенуць куды-небудзь нас”. Ну тут ужо шквал эмоцый, па мне “прайшліся” на планёрцы ў гарвыканкаме. “Не паважае… За апошні час змясціў у газеце некалькі крытычных артыкулаў…” Я, праўда, спакойна перанёс гэтыя “стрэлы” ў свой адрас. Ведаў, рана ці позна сітуацыя нармалізуецца, верх возьме здаровы сэнс. У прынцыпе, так яно і атрымалася: у кіраўніцтва горада прыйшлі новыя людзі, якія з павагай ставяцца да канструктыўнай крытыкі, журналісцкага слова. “Я вас памятаю!” Неяк мяне запрасілі на сход актыву райкама прафсаюза работнікаў АПК. Прыйшоў, размясціўся ў пярэдніх шэрагах, прыглядваюся да прысутных. Адна прывабная жанчына, якая сядзела непадалёк, падалася мне знаёмай. Аднак дзе яе бачыў, не магу зразумець. Як раптам пасля сходу тая падыходзіць да мяне: — Я Вольга Зярняк, вы пра мяне пісалі ў газеце “Рэспубліка”. — А кім вы працавалі? — Выхавальніцай дзіцячага садка на фанерадрэваапрацоўчым камбінаце. Ведаеце, які быў рэзананс, я гераіняй хадзіла! Тую публікацыю да гэтага часу захоўваю, паказваю родным, блізкім. Гэта напамін аб маёй маладосці. Вялікае дзякуй вам! Я і ўспомніў, як вырашыў “намаляваць” партрэт да прафесійнага свята адной з маладых работніц дашкольнай установы, пераможцы гарадскога вытворчага спаборніцтва. Прыйшоў на сустрэчу са сваёй будучай гераіняй. Яна пакінула добрае ўражанне: начытаная, на любое пытанне — цікавы адказ, малявала, спявала — адным словам, сапраўдны маладзёжны лідар! Пісаўся артыкул лёгка, з ахвотай. Ну што, думаю, мясцовая газета, дашлю матэрыял у “Рэспубліку”, якая толькі адкрылася. Маладая газета, маладая гераіня! Так яно і атрымалася. І вось амаль два дзясяткі гадоў прайшло, а чалавек памятае. “Якую сілу, — міжволі думаеш, — мае друкаванае слова. Не, наша журналісцкая праца не застаецца не заўважанай!” Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цікавая, я б сказаў, заліхвацкая праца ўласнага карэспандэнта... |
|