РОЗГАЛАС. 21.by

РОЗГАЛАС

01.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У святочную ноч — па падоўжаным графіку

Пры правядзенні святочных мерапрыемстваў у ноч з 3 на 4 ліпеня ў сталіцы да 3 гадзін будзе падоўжана праца метрапалітэна.

Таксама, як паведамілі ў дзяржаўным прадпрыемстве "Мінсктранс", да таго ж часу будзе падоўжана праца і наземнага пасажырскага транспарту. Гаворка ідзе пра наступныя маршруты: аўтобусныя — №№ 1, 18, 21, 29, 35С, 42, 44, 52, 57, 69, 73, 91, 95, 99, 100, 112С, 121, 145С, 159, 191; тралейбусныя — №№ 1, 27, 45, 48, 53, 60, 62, 65; трамвайныя — №№ 1, 4.

Сяргей РАСОЛЬКА. Добра падмачыла...

Згодна з аператыўнымі звесткамі МНС, 29 чэрвеня падчас праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 20 метраў у секунду пацярпелі два населеныя пункты ў Пухавіцкім раёне, адзін — у Рагачоўскім. Усяго пашкоджаны дахі пяці сельскагаспадарчых будынкаў. Людзі не пацярпелі.

У вёсцы Вялікая Валохва Баранавіцкага раёна пашкоджаны шыферныя дахі 45 будынкаў. Без электраэнергіі засталіся спажыўцы 69 населеных пунктаў Клімавіцкага, Бабруйскага і Асіповіцкага раёнаў, а таксама Мінскага. Электразабеспячэнне было адноўлена ў хуткія тэрміны.

Каля вёскі Хомічы Кіраўскага раёна на полі СВК "Бераснеўскае" ўдарам навальнічнага разраду маланкі забіла 12 кароў. Пастух не пацярпеў.

У Мінску ў перыяд з 16.30 да 19 гадзін выпала 19 міліметраў ападкаў (сярэднямесячная норма — 89 міліметраў), быў абмежаваны рух грамадскага транспарту (да адной гадзіны) на 15 участках аўтадарог. Для ліквідацыі наступстваў падтапленняў было задзейнічана 25 адзінак тэхнікі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Упала пад колы грузавіка

У Драгічынскім раёне загінула жанчына ад падзення з веласіпеда пад колы грузавіка. 48-гадовая жыхарка вёскі Сукачы ехала на веласіпедзе і трымалася рукой за падводу, якой кіраваў муж. Пры сустрэчным раз'ездзе з аўтамабілем яна не ўтрымалася і ўпала. Падзенне было вельмі няўдалым, няшчасная выцялася аб металічную частку кола грузавіка. Прыбыўшыя па выкліку медыкі канстатавалі, што жанчына памерла на месцы падзення.

Апошняе купанне ў Піне

У Пінску загінуў грамадзянін Малдовы. 35-гадовы госць горада выпіў, а затым пайшоў купацца ў раку Піну. Хутчэй за ўсё, алкаголь і паспрыяў таму, што малады мужчына патануў. Як высветлілі міліцыянеры, замежны грамадзянін меў від на жыхарства ў Беларусі.

Яна СВЕТАВА.

Наехаў на лаўку і...

650 літраў дызпаліва вылілася на праезную частку ў выніку дарожна-транспартнага здарэння з удзелам грузавога аўтамабіля "Мерсэдэс Бэнц", паведамляе Гродзенская абласная Дзяржаўтаінспекцыя.

На аўтастаянцы каля адміністрацыйнага будынка прадпрыемства "Гродна Азот" кіроўца грузавіка, рухаючыся заднім ходам, не заўважыў лаўку і сметніцу побач з ёй. У выніку быў прабіты паліўны бак, давялося нават выклікаць спецыялістаў МНС.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Падпольны "супермаркет" у хляве

У вёсцы Краснасельцы Браслаўскага раёна падчас сумеснага рэйду супрацоўнікі міліцыі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, падатковай інспекцыі і памежнікі знайшлі падпольны склад у гаспадарчай забудове, якая належыць 56-гадоваму беспрацоўнаму мясцоваму жыхару.

У прыватным "супермаркеце" было схавана 16 тысяч пачкаў цыгарэт, адзенне замежнай вытворчасці і 325 літраў дызельнага паліва на агульную суму 335 мільёнаў рублёў. Паколькі адпаведныя дакументы на ўвесь гэты скарб адсутнічалі, знойдзенае канфіскавалі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Сезон нелегалаў

Пінскія памежнікі за адзін толькі панядзелак затрымалі восем грамадзян Украіны, якія, нелегальна перайшоўшы мяжу, збіралі чарніцы ў нашых лясах. Шэсць жанчын і два мужчыны тлумачылі, што заблудзіліся і самі не заўважылі, як перасеклі мяжу... Але ім не паверылі і затрымалі для высвятлення асоб. Проста пачаўся сезон, гавораць вартавыя мяжы. За мінулыя сезоны яны лавілі па некалькі тысяч нелегальных украінскіх зборшчыкаў грыбоў і ягад.

Яна СВЕТАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У святочную ноч — па падоўжаным графіку Пры правядзенні святочных мерапрыемстваў у ноч з 3 на 4 ліпеня ў сталіцы да 3 гадзін будзе падоўжана праца метрапалітэна.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика