Рыба шукае дзе глыбей, а пакупнік — дзе танней, альбо Каб рыбка не была "залатой". 21.by

Рыба шукае дзе глыбей, а пакупнік — дзе танней, альбо Каб рыбка не была "залатой"

02.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Беларусі з'явяцца свая чорная ікра, ракі і афрыканскія самы. Колькі гэтыя далікатэсы будуць каштаваць, казаць рана, але дакладна танней за імпартныя аналагі. Аб магчымых шляхах зніжэння кошту на рыбу айчыннай вытворчасці размаўляем з прадстаўнікамі дзяржаўных рыбгасаў.

"Беларуская ікра будзе карыстацца попытам не толькі ў Беларусі"

Беларусь увозіць рыбы амаль на 350 млн долараў у год. Што тычыцца марской, то мы не можам яе нічым замяніць, але ж з-за мяжы завозіцца і прэснаводная рыба...

Адзін з асноўных шляхоў зніжэння кошту прэснаводнай рыбы і прадукцыі з яе — несумненна, імпартазамяшчэнне. Менавіта на гэта і скіравана Дзяржаўная праграма па развіцці рыбнай гаспадаркі на пяцігодку. Калі атрымаецца выканаць усё, што запланавана, вытворчасць таварнай рыбы вырасце да 23 тысяч тон, імпарт рыбнай прадукцыі скароціцца амаль на 8 тысяч тон. Рост вытворчасці, паводле слоў спецыялістаў, бачыцца, у прыватнасці, за кошт стварэння спецыялізаваных комплексаў і ўстановак замкнутага водазабеспячэння, якія дазволяць атрымаць з кубічнага метра вады ад 200 да 600 кілаграмаў прадукцыі.

Пакуль што 85 % у аб'ёме вытворчасці айчыннай рыбы займае традыцыйны карп. За ім па колькасці ідуць карась, шчупак, таўсталобік, лінь. Згодна з новай праграмай, істотна вырасце ў Беларусі — да 2,5 тысячы тон — і вытворчасць каштоўных відаў рыб. У бліжэйшыя гады ў нас плануецца стварыць 11 спецыялізаваных індустрыяльных комплексаў для вырошчвання ласосевых і асятровых, тры спецыялізаваныя пітомнікі-рэпрадуктары для вытворчасці рыбапасадачнага матэрыялу. Больш за тое, да канца гэтай пяцігодкі, а то і раней, як мяркуецца, можна будзе пакаштаваць нават беларускую чорную ікру. Здабываць яе будуць з асятроў, вырашчаных у спецыялізаваных гаспадарках. Матачнае пагалоўе гэтага каштоўнага віду ўжо створана ў некаторых рыбгасах.

— Сёлета аддзялілі хлопчыкаў ад дзяўчынак, — расказвае Сяргей СТАЛЬМАШУК, намеснік дырэктара па рэалізацыі рыбгаса "Сялец". — У апошніх бралі ікру. Спецыялісты СП ТАА "Санта Брэмар" ужо апрабавалі розныя рэцэпты. Таму ёсць верагоднасць, што ўжо ў наступным годзе ў гандаль трапіць чорная ікра ў слоічках.

— У нас пакуль няма ўласнай чорнай ікры, — дадае Міхаіл ЛЯСЮК, дырэктар рыбгаса "Палессе". — Але няма сумневу ў тым, што, калі пачнём яе вырабляць, яна будзе карыстацца попытам не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

У перспектыве рыбгас "Палессе" плануе разводзіць і вузкапалага рака.

— Зараз рынак Беларусі не запоўнены ракамі, — адзначае Міхаіл Лесюк. — Таму мы вырашылі запоўніць гэтую нішу. Ужо маем матачнае пагалоўе. Стаіць задача — атрымаць патомства. Каб вырасціць яго да таварнага віду, трэба каля трох гадоў. Ракі будуць прадавацца жывымі, і, перакананы, гэты тавар знойдзе свайго пакупніка.

Будзе карыстацца попытам у беларускіх пакупнікоў і афрыканскі сом, упэўнены ў рыбгасе "Волма".

— Вось гэта, бачыце, еўрапейскі сом, — падводзіць мяне да ёмістасці з вадой Аляксандр КАНЦАВЫ, намеснік дырэктара па маркетынгу рыбгаса "Волма". — Афрыканскі сом практычна такі ж, як і еўрапейскі. Толькі расце хутчэй. Гэтаму тры гады, і важыць ён тры кілаграмы. Афрыканскі ж у такім узросце важыў бы не менш за 10 кілаграмаў.

"Будучыня за перапрацоўкай"

Вэнджаная і вяленая рыба, марожанае філе, рыбны фарш, наборы для юўкі... Ужо ў бліжэйшы час усе буйныя рыбгасы будуць мець свае цэхі перапрацоўкі прэснаводнай рыбы мясцовага ўлову.

— Будучыня за перапрацоўкай, — лічыць Сяргей Стальмашук. — На базе нашага рыбгаса ("Сялец" — Аўт.) працуюць два цэхі: па вэнджанні рыбы і па вырабе паўфабрыкатаў. Вялікім попытам карыстаецца наша прадукцыя, асабліва летам: не паспяваем вырабляць. Не адмовіліся б яшчэ ад некалькіх камер для вэнджання.

Увёў сёлета цэх па перапрацоўцы рыбы на 450 тон і рыбгас "Палессе". Там плануецца выпускаць да 12 відаў прадукцыі.

— Сёлета плануем таксама ўвесці цэх па перапрацоўцы адходаў, — адзначыў Міхаіл Лясюк. — Зробім безадходную вытворчасць. Гэта зменшыць сабекошт прадукцыі, павысіць яе канкурэнтаздольнасць.

Сярод праблем рыбгасаў, якія перашкаджаюць зменшыць сабекошт, — адсутнасць камбікорму айчыннай вытворчасці для каштоўных відаў рыб.

— У Беларусі для каштоўных відаў рыб камбікорм пакуль не вырабляецца, — адзначае Эдуард ПАЧКО, намеснік дырэктара па рыбаводстве ўчастка рыбгаса "Новалукомльскі" ААТ ПМК-26. — Зараз ён закупляецца ў Польшчы, Галандыі, Фінляндыі, Расіі. Гэта дарагое задавальненне: кілаграм каштуе ў сярэднім 2 долары. Спадзяёмся, што пасля таго, як у нашай краіне павялічацца аб'ёмы вытворчасці каштоўных відаў рыб, беларускі завод закупіць лінію для вырабу камбікорму. І кошт на яго (і, адпаведна, на самую рыбу) істотна зменшыцца.

А пакуль што дзеля 400-500 тон камбікорму (менавіта столькі патрэбна на ўсе гаспадаркі на год) закупляць дарагое абсталяванне эканамічна нявыгадна.

"Зразумела, бутэльку гарэлкі прасцей прадаць, чым жывую рыбу"

Мала рыбу злавіць. Яе яшчэ трэба давезці да прылаўка, захаваць і прадаць.

Гандлёвыя арганізацыі краіны пакуль не гатовы прыняць увесь аб'ём сажалкавай рыбы, скардзяцца суразмоўцы. Няма акварыумаў, абсталявання... Дзеля галачкі паставяць акварыум на 100 літраў. А колькі там той рыбы змесціцца?...Таму рыбгасам нічога не застаецца, як узяць асноўную нагрузку па продажы на сябе. Штодзень па рэспубліцы курсіруе больш як 200 машын з надпісам "Жывая рыба".

— Гандлюем з машын сабе ва ўрон, — расказвае Аляксандр Канцавы. — Бо ў нас вельмі шмат грошай ідзе на абслугоўванне транспарту, зарплату кіроўцам і прадаўцам, немалыя выдаткі на гасцініцу. Гэта не можа не адбівацца на сабекошце прадукцыі. Я лічу, што рыбгасы ў першую чаргу павінны быць вытворцамі, а не стаяць на кожным вугле ў Мінску, як мы стаім зараз.

Прадстаўнікі рыбгасаў у адзін голас сцвярджаюць, што і рады б аддаць гэтую справу на водкуп крамам, каб займацца сваёй непасрэднай задачай. Але гандаль не асабліва ідзе насустрач.

— Крамы практычна не бяруцца прадаваць жывую рыбу, — дадае Сяргей ПІЛІПЕНКА, дырэктар ААТ рыбгас "Чырвоная зорка". — А калі і бяруць, то 5 кілаграмаў для акварыума, каб не сварыліся — квоты ж даведзены. Але з года ў год яны не выконваюцца. Не жадаюць рыбай гандляваць. Жывая рыба для гандлю — лішні клопат: акварыум перыядычна трэба чысціць, мяняць ваду. Зразумела, бутэльку гарэлкі лягчэй прадаць, чым рыбу. Яе ж трэба яшчэ вылавіць у акварыуме. Адным словам, з кожным годам усё цяжэй і цяжэй рэалізоўваць рыбу. Вось сёлета кошт на паліва падняўся... А мы ж возім па 300 кілаграмаў рыбы ў Гомель. Уявіце, што такое завезці туды, стаць на рынак і прадаць. Гэтая ж рыба робіцца "залатой"!

Падчас размовы Сяргей Піліпенка расказаў, што ўжо другі год б'ецца як рыба аб лёд, каб рыбгасу адмянілі прамысловую меру.

— Мы арэндуем возера Чырвонае і ловім там рыбу. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўвяло нам прамысловую меру на адлоў рыбы. Гэта значыць, што мы не маем права лавіць там карпаў памерам да 40 сантыметраў. Рыбу з сетак павінны выкінуць назад у возера, хоць яе вага можа дасягаць 700-800 грамаў. Уявіце сабе толькі: штодзень кожная з дзесяці брыгад, якія ловяць рыбу, выкідае недзе па 590 рыбін з сетак. Меру ўвялі, а тое, што выкінутая рыба ў хуткім часе ў тым возеры гіне, нікога не хвалюе. Мы ж загадзім возера, гніль пойдзе. Возера ж неглыбокае. Зараз там вельмі шмат рыбы. Нам трэба інтэнсіўна працаваць. Чым больш рыбы адлавілі б, тым менш яе загінула б пры заморы. А лавіць не даюць. Калі не выкінеш з сеткі і рыбінспектар гэта выявіць — заплаціш штраф ад 10 да 200 базавых.

Надзея ДРЫЛА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі з'явяцца свая чорная ікра, ракі і афрыканскія самы. Колькі гэтыя далікатэсы будуць каштаваць, казаць рана, але дакладна танней за імпартныя аналагі. Аб...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика