Спачатку быў "Камень".... 21.by

Спачатку быў "Камень"...

06.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Неяк "Звязда" ўжо расказвала пра астралагічныя і астранамічныя веды, якімі валодалі продкі цяперашніх беларусаў тысячы гадоў таму, у часы язычніцтва. Мы атрымалі шмат водгукаў і па просьбе нашых чытачоў яшчэ раз вяртаемся да гэтай тэмы, каб расказаць пра тое, што не патрапіла ў папярэдні артыкул.

— Як сцвярджаюць археолагі, плямёны, якія насялялі тэрыторыю сённяшняй Беларусі, назіралі за небам яшчэ за некалькі тысячагоддзяў да нараджэння Хрыста, — патлумачыў астролаг Уладзімір ВАСЮК. — Гаворачы аб старажытнай беларускай астралогіі, трэба разумець, што яна была адлюстраваннем язычніцкага светаўспрымання тагачаснага чалавека. Для нашых продкаў зорнае неба было працягам свету багоў, які адбіваўся і на зямлі. Зямля і Неба былі праекцыямі адно аднаго.

Цэнтрам свету старажытныя продкі беларусаў лічылі Палярную зорку. Важна адзначыць, што ў розныя перыяды гісторыі планеты ў ролі Палярнай выступалі розныя зоркі. І гэта — астранамічны факт. У час фарміравання сістэмы светапогляду прабеларусаў Палярнай зоркай была не альфа (як зараз), а бэта Малой Мядзведзіцы.

Сімвалічная выява календара Ярылы часоў неаліту на валуне, змешчаным у сталічным Музеі камянёў.   Гэта абумоўлена прэцэсійным рухам зямной восі. Ён праяўляецца ў вельмі павольным, але неперарыўным перамяшчэнні кірунку зямной восі па зорным небе. Каля трох тысяч гадоў таму (дакладней у перыяд з 2000 г. да н.э. і па 500 г. н.э.) менавіта бэта Малой Мядзведзіцы была самай блізкай да Паўночнага полюса свету яркай зоркай. Па бачным бляску яна зусім крыху саступае альфе Малой Мядзведзіцы. У яе нават ёсць сваё імя — Кохаб, якое паходзіць ад арабскага "Ко-хаб-эль-Шэмалі", што значыць "Зорка Поўначы". У Кітаі бэта Малой Мядзведзіцы называецца "царственнай зоркай", што таксама намякае на яе асаблівую ролю ў якасці пуцяводнай.

— Можна меркаваць, што продкі цяперашніх беларусаў ведалі аб з'яве прэцэсіі (перамяшчэнні восі Зямлі), — адзначыў астролаг, — паколькі ў розныя часы Бажніцай (Палярнай) яны называлі розныя зоркі — і Кохаб (бэту Малой Мядзведзіцы), і Феркад (гаму Малой Мядзведзіцы), і нават Ліру і Тубан (зоркі, якія ў розны час таксама былі палярнымі).

Як сцвярджаюць этнографы, і ў прыватнасці, даследчык міфалогіі беларусаў Павел Шпілеўскі, у свядомасці нашых продкаў бачныя касмічныя целы адлюстроўвалі пэўныя аспекты дахрысціянскага міфа аб стварэнні Сусвету. Напрыклад, Бажніцу нездарма часта называлі Каменем.

Уладзімір Васюк нагадаў, што язычніцкае капішча продкаў беларусаў уяўляла круг, у цэнтры якога ўстанаўліваўся вялікі камень у форме яйка. Ад камня "хвалямі" разыходзіліся 16 акружнасцяў. Гэта схематычная "карта свету", якім разумелі яго нашы продкі. Паводле міфалогіі старажытных беларусаў, спачатку быў толькі "Камень" пасярод бязмежнага "Акіяна". А потым Пярун грукнуў па "Камені" сваім молатам і высек тры рознакаляровыя "іскры" — тры зоркі, якія ўпалі ў "Акіян" і парадзілі Неба, Зямлю, Святло і багоў.

— Аб гэтым міфе гавораць такія даследчыкі, як Васілеўскі, Шамак і г.д. Наяўнасць гэтага міфа стварэння сусвету — агульнаіндаеўрапейская з’ява.

Як сцвярджае астролаг Брэдзі, гэты міф знайшоў сваё адлюстраванне і на небе. Само неба ўвасабляла Сусветны Акіян, у ролі Каменя выступала тагачасная Палярная зорка. Яна і тры менш заўважныя зорачкі ("іскры"), размешчаныя побач з ёй, якія ніколі не заходзілі над гарызонтам, сталі першай "хваляй тварэння" і парадзілі першае пакаленне багоў. Зоркі, размешчаныя крыху далей, — "другой хваляй" і адпаведна другім пакаленнем багоў, яшчэ больш аддаленыя ад Палярнай — "трэцяй хваляй" і трэцім пакаленнем багоў і г.д. У капішчы яны сімвалічна пазначаліся на другой, трэцяй акружнасці ад цэнтральнага каменя і г.д.

КРЫЖ ЯРЫЛЫ

...Кожная культура і традыцыя мае сваю асабістую сістэму каардынат. Мелі яе і дахрысціянскія продкі беларусаў. У прыватнасці, прастору яны вымяралі шляхам падзелу на чатыры асноўныя часткі ў адпаведнасці з чатырма кірункамі свету (поўнач, поўдзень, усход і захад) і далейшага драбнення кожнай "чвэрці" папалам, яшчэ раз папалам і г.д.

Цікава, што час разумеўся таксама як "прастора", якую можна вымяраць такім жа чынам. Пры гэтым за аснову бралася не адна дваццаць чацвёртая сутак, да якой прывыклі мы, а адна трыццаць другая (суткі ўмоўна дзяліліся на чатыры роўныя часткі, а кожная, у сваю чаргу, дзялілася яшчэ і яшчэ раз, пакуль не атрымліваліся 32 "гадзіны"). Такую дакладную сістэму выкарыстоўвалі старажытныя астролагі і святары для фіксавання перамяшчэння па небе касмічных аб'ектаў.

Па словах Уладзіміра Васюка, нашы продкі карысталіся некалькімі каляндарнымі сістэмамі: цыклам Сонца, цыклам Месяца і цыклам Ярылы, кожны з якіх меў сваю сферу прымянення.

— Народная традыцыя захавала памяць аб сонечным каляндарным цыкле, які выкарыстоўваўся ў старажытныя часы паўсядзённа. Апроч яго ва ўжытку быў і месяцавы каляндар, які грунтаваўся на фазах нашага прыроднага спадарожніка і таксама меў шырокае ўжыванне (у тым ліку ў сельскай гаспадарцы і як абрадавы).

Адзначу, што сонечны і месяцавы календары ўяўляліся не як лінейныя, а як цыклічныя, заснаваныя на прыродных цыклах аднаўлення (напрыклад, Месяц расце ад маладзіка да поўні, потым "старэе", пакуль не прападзе з небасхілу і пазней зноў не з'явіцца маладзіком).

Па аналогіі з падзелам прасторы астранамічны год (365 сутак) нашы продкі дзялілі на 4 асноўныя часткі, межы якіх супадалі з раўнадзенствамі і сонцастаяннямі, — гэта былі зіма, вясна, лета і восень. Кожную чвэрць дзялілі яшчэ папалам — атрымліваліся сярэдзіна зімы, вясны, лета, восені. Потым яшчэ і яшчэ, пакуль не ўтвараліся 32 часавыя перыяды (32 мікра-цыклы сонечнага календара), кожны — па 11-12 сутак.

Месяцавы цыкл доўжыцца 28 сутак. На злучэнні сонечнага мікрацыкла і месяцавага цыкла грунтаваўся язычніцкі каляндар Ярылы. Сімвалічна ён уяўляў так званы "крыж Ярылы" (яго выяву можна пабачыць на шчыце вершніка сучаснага герба Літвы і на шматлікіх беларускіх гербах сярэднявечча). Гэты крыж складаўся з дзвюх роўных гарызантальных і адной вертыкальнай рыс (быццам гэта два роўнабаковыя крыжы, пастаўленыя адзін на адзін).

— Яр — гэта сіла, моц, якая існавала да пачатку стварэння Сусвету і стварыла гэты Сусвет, — адзначыў астролаг. — Яна праяўлялася ў актыўнай і ў пасіўнай формах. Верхняе перакрыжаванне сімвалізавала актыўную, сонечную праяву гэтай энергіі, ніжняя — пасіўную, месяцавую. Аб'яднаныя разам, яны ўяўлялі старажытны дахрысціянскі сімвал адзінства "інь" і "ян", мужчынскага і жаночага пачаткаў.

Цыкл Ярылы налічваў 40 дзён (12+28=40). Каляндар Ярылы складаўся з дзевяці саракадзённых перыядаў і выкарыстоўваўся язычніцкімі святарамі для вызначэння часу правядзення абрадаў, свят і г.д. Кожны "месяц" гэтага календара быў звязаны з той ці іншай праявай Бога.

— У народнай традыцыі захавалася назва свята — "саракі". Напрыклад, веснавыя саракі адзначаліся 19-21 сакавіка. Гэтае свята яшчэ называлася "днём сустрэчы птушак" ("на саракі прылятае сорак выраяў"). Калі ад дня веснавога раўнадзенства адлічыць па сорак дзён, то можна заўважыць, што вялікая колькасць важных старажытных паганскіх свят прыпадала на канец аднаго і пачатак другога сакарадзённага перыяду. У тым ліку радунічны тыдзень, Сёмухавыя Дзяды, дажынкі, Пакровы, Каляды, Грамніцы і г.д.

ВОЎЧАЕ КОЛА

— Трэба адзначыць, што абрысы сузор'яў у дахрысціянскую эпоху былі зусім іншымі, чым сёння, таму паралелі ў назвах сузор'яў у многіх выпадках шукаць няма сэнсу, — падкрэсліў астролаг. — Увогуле, межы і склад сузор'яў, якімі іх уяўлялі прабеларусы, былі звязаны з іх міфічным кодам, поглядамі на жыццё і на сваё месца ў ім.

Нашы продкі ведалі, што на працягу года Сонца перамяшчаецца ў плоскасці экліптыкі і пераходзіць з аднаго сузор’я ў другое. У іх нават быў свой задыякальны пояс, але ў паўсядзённым жыцці індывідуальнымі "гараскопамі" і Задыякам яны карысталіся выключна рэдка.

Лічылася, што Задыяк — гэта сістэма, якая патрэбна тым, хто яшчэ не зрабіў свой выбар паміж дабром і злом ці збіўся са шляху. А паколькі сябе нашы продкі разглядалі, як дзяцей багоў, то, адпаведна, праблемы выбару для іх не існавала: усё загадзя вырашылі багі, абраўшы для людзей дабро.

— З дапамогай Задыяка вылічаўся час зацьменняў і некаторых іншых астранамічных з'яў, якія адбываюцца ў плоскасці экліптыкі і аказваюць значны ўплыў на жыццё роду, племені. Па індывідуальны гараскоп звярталіся для хворых на рэдкую "духоўную хваробу", якую жрацы выяўлялі па адзнаках на целе, і для тых, хто збіўся з праведнага шляху, згубіў іскру Бога і заблытаўся ў сваіх адмоўных учынках. Як сцвярджаюць этнографы і, у прыватнасці, Уладзімір Коваль, людзей, якія згубілі Боскую іскру і аддалі сябе і свой лёс на службу нячыстай сіле, называлі ваўкалакамі. Адпаведна для іх Задыяк станавіўся "воўчым колам", ці "воўчай дарогай" (чым больш чалавек намагаўся збегчы ад сябе, ад сваіх грахоў, тым больш паглыбляўся ў іх).

У нас быў распаўсюджаны так званы "гарызантальны Задыяк" (гарызантальная сістэма каардынат), дзе асновай вымярэнняў служыў матэматычны гарызонт. Менавіта гарызонт для назіральніка быў той сцэнай, дзе адбываліся зорныя містэрыі. У момант важнай падзеі жрацы запісвалі — якія бачныя нябесныя целы знаходзіліся над гарызонтам, дзе дакладна яны размяшчаліся (на ўсходзе, на захадзе, над галавой і г.д.). Зыходзячы з гэтага, і складалі астралагічны гараскоп.

Такім чынам, астралогія нашых продкаў была працягам і адбіткам іх светаўспрымання і светапогляду, падсумаваў Уладзімір Васюк. Яны прымянялі іншыя прынцыпы пабудовы гараскопаў, ужывалі іншыя назвы зор і сузор'яў і сам гараскоп выкарыстоўвалі для іншых мэт. Наша спрадвечная беларуская астралогія дахрысціянскага перыяду была прынцыпова іншай у параўнанні з цяперашняй.

Інга МІНДАЛЁВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Неяк "Звязда" ўжо расказвала пра астралагічныя і астранамічныя веды, якімі валодалі продкі цяперашніх беларусаў тысячы гадоў таму, у часы язычніцтва. Мы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика