Усе — на "штурм" прыёмных камісій.... 21.by

Усе — на "штурм" прыёмных камісій...

09.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

9 ліпеня ў Беларусі стартуе чарговы этап прыёмнай кампаніі — з гэтага дня ў ВНУ "сілавых" ведамстваў і творчых ВНУ распачынаецца прыём дакументаў. Першымі па традыцыі прыйдуць у прыёмныя камісіі абітурыенты Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, Ваеннай акадэміі, Камандна-інжынернага інстытута, Гомельскага інжынернага інстытута МНС, Акадэміі мастацтваў, Акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Прыёмныя камісіі ВНУ "сілавых структур" будуць весці прыём дакументаў на ўсе формы навучання з 9 па 15 ліпеня. Падаць дакументы ў гэтыя ж ВНУ на завочную і вячэрнюю формы навучання абітурыенты, якія вытрымалі ўступныя іспыты, але не прайшлі на дзённую бюджэтную форму навучання, змогуць па 21 ліпеня, а для ўдзелу ў конкурсе на дзённую, завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты дакументы будуць прымацца па 23 ліпеня.

У так званых творчых ВНУ прыём дакументаў на ўсе формы навучання будзе весціся з 9 па 13 ліпеня. Для абітурыентаў, якія не прайшлі па конкурсе на дзённую бюджэтную форму навучання, дакументы на завочную або вячэрнюю формы навучання будуць прымацца па 25 ліпеня, а на платную форму навучання — па 27 ліпеня. Ва ўсіх астатніх ВНУ любой формы ўласнасці прыём дакументаў будзе весціся з 16 да 25 ліпеня (на ваенных факультэтах — з 16 па 23 ліпеня). У Акадэміі МУС, Ваеннай акадэміі, Камандна-інжынерным інстытуце МНС, Гомельскім інжынерным інстытуце МНС уступныя іспыты пройдуць з 16 па 19 ліпеня, у творчых ВНУ — з 14 па 23 ліпеня, у ВНУ другога патоку (як дзяржаўных, так і прыватных) — з 26 па 30 ліпеня. Залічэнне абітурыентаў у ВНУ "сілавых" ведамстваў на ўсе формы навучання завяршыцца 24 ліпеня, у творчых ВНУ — 28 ліпеня, а ў ВНУ другога патоку — 6 жніўня.

Да слова, сёлета ў Палажэнне аб прыёмнай камісіі ВНУ была ўнесена новая норма аб тым, што ў склад прадметных экзаменацыйных камісій па прадмеце "Творчасць" забаронена ўключаць асоб, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку на факультэтах давузаўскай падрыхтоўкі, падрыхтоўчых аддзяленнях, падрыхтоўчых курсах гэтых ВНУ, асоб, якія займаюцца рэпетытарствам або знаходзяцца ў блізкіх сваяцкіх сувязях з абітурыентамі.

Усяго ў дзяржаўныя і прыватныя ВНУ запланавана прыняць у гэтым годзе каля 105 тысяч чалавек, у тым ліку 57,2 тысячы чалавек — на дзённую (плюс 2,8 тысячы) і 48,1 тысячы — на завочную форму навучання.

На навучанне за кошт бюджэтных сродкаў запланавана прыняць 32,9 тысячы чалавек, што на 1 тысячу менш за паказчык папярэдняга года: з іх на дзённую форму навучання 25 тысяч чалавек (мінус 800) і 7,9 тысячы чалавек — на завочную (мінус 200). У дзяржаўныя ВНУ запланавана прыняць 91 тысячу чалавек, з іх на дзённую форму атрымання адукацыі — 51 тысячу і завочную — 40 тысяч.

План набору ў прыватныя ВНУ складае больш як 14 тысяч чалавек, з іх 6 тысяч чалавек будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю на дзённай форме навучання.

Дарэчы, сёлета многія беларускія ВНУ будуць ажыццяўляць набор на новыя спецыяльнасці (прынцыпова новыя для рынку працы і новыя — непасрэдна для іх) . Так, у

Белдзяржуніверсітэце адкрыюцца спецыяльнасці "Біяхімія", "Мікрабіялогія", "Фізіка нанаматэрыялаў і нанатэхналогій" і "Косма- аэракартаграфія". У БДУІР — "Інфармацыя і тэхналогіі праграмавання", у Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце і Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце — "Прыродаахоўная дзейнасць".

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце распачнецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях "Транспартная лагістыка", "Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі", "Інфармацыя і камунікацыя" і "Міжнароднае права". У Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту адкрыецца "Транспартная лагістыка", у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце — спецыяльнасці "Машыны і апараты харчовых вытворчасцяў", "Сельская гаспадарка і ўладкаванне тэрыторый" і гэтак далей.

Праўда, у прыёмных камісіях з жалем канстатуюць, што абітурыенты ўсё часцей выбіраюць не будучую прафесію і не канкрэтную ВНУ, а арыентуюцца на прахадны бал і нават не могуць сфармуляваць свае прафесійныя намеры. Самая вострая праблема, з якой даводзіцца сутыкацца членам прыёмных камісій, гэта праблема апошняга дня падачы дакументаў. Менавіта таму летась было прынята рашэнне апошні раз інфармаваць абітурыентаў аб ходзе прыёму заяў за тры гадзіны да зачынення дзвярэй прыёмных камісій. Нельга сказаць, каб гэтая мера цалкам зняла нервовае напружанне, тым не менш, і ў гэтым годзе ў апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў будзе спынена ў 15 гадзін. Такім чынам, у іх будуць тры гадзіны, каб канчаткова вызначыцца з выбарам спецыяльнасці або ВНУ. У апошні дзень прыёму дакументаў допуск абітурыентаў у будынак, дзе размяшчаецца прыёмная камісія, будзе спынены ў 18 гадзін. Прыёмная камісія ў 18 гадзін спыніць выдачу дакументаў абітурыентам з мэтай іх падачы на іншую спецыяльнасць. Пры гэтым будзе забяспечаны прыём дакументаў ад усіх абітурыентаў, што паспелі трапіць у будынак да таго, як дзверы на ўваход зачыніліся.

Натуральна, што яшчэ па меры абвяшчэння вынікаў ЦТ усе сталі падлічваць свае шанцы на паступленне. Уладальнікі сертыфікатаў з высокім баламі больш-менш супакоіліся. Але ў вельмі многіх маладых людзей, нацэленых на паступленне ў ВНУ, якія аказаліся ў сярэдзіне ці ў ніжняй частцы тэставай шкалы, "момант ісціны" яшчэ наперадзе.

Калі прааналізаваць вынікі маладых людзей, якія сталі летась студэнтамі ВНУ дзённай бюджэтнай формы навучання, то самы нізкі сярэдні бал быў па фізіцы (43,1 бала) і матэматыцы (55,08 бала). Па беларускай мове сярэдні бал першакурснікаў бюджэтнай формы навучання склаў 66,92 бала, рускай — 69,04 бала, па хіміі — 65,73 бала, біялогіі — 64,80 бала, геаграфіі — 69,23, гісторыі Беларусі — 60,10, грамадазнаўстве — 72,08 і гэтак далей.

У Міністэрстве адукацыі не без гонару адзначаюць тэндэнцыю па выраўноўванні падрыхтоўкі абітурыентаў-гараджан і выхаванцаў устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці. Розніца ў сярэдніх балах гараджан і вяскоўцаў на ЦТ вагалася летась у залежнасці ад прадмета ад 0,3 да 5 балаў (у 2009 годзе яна была ад 0,9 да 6 балаў). А па геаграфіі выпускнікі сельскіх школ мелі нават перавагу перад гараджанамі ў 2,6 бала. І гэта пры адсутнасці ў сельскай мясцовасці інстытута рэпетытарства.

Многіх абітурыентаў часта цікавіць, якім чынам арганізуецца асобны конкурс для сельскай моладзі. Усё даволі проста: на месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму (без уліку лічбаў прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі) залічваюцца асобы, якія маюць ільготы на залічэнне без уступных іспытаў і па-за конкурсам. А тыя месцы, што засталіся, дзеляцца прапарцыянальна пададзеным заявам сярод дзвюх катэгорый абітурыентаў — сельскіх і гарадскіх. Між іншым, не пашкодзіць нагадаць, што залічэнне па асобным конкурсе сярод абітурыентаў-гараджан і абітурыентаў з сельскай мясцовасці можа ажыццяўляцца толькі на бюджэтныя месцы. А пры залічэнні на ўмовах аплаты дзейнічае агульны конкурс, без раздзялення выпускнікоў на сельскіх і гарадскіх.

Сёлета, як сцвярджаюць арганізатары цэнтралізаванага тэсціравання, сярэдні бал удзельнікаў ЦТ мала адрозніваецца ад мінулагодніх паказчыкаў. На ЦТ па беларускай мове высокія вынікі (ад 100 да 50 балаў) паказалі 17 працэнтаў удзельнікаў. Як правіла, менавіта 17 працэнтаў удзельнікаў ЦТ могуць прэтэндаваць на навучанне на дзённай бюджэтнай форме. Сярэдні бал у гэтай групе — 65,03. Ад 20 да 49 балаў набралі 53 працэнты абітурыентаў (іх сярэдні бал 31,4).

На ЦТ па матэматыцы сярэдні бал у групе з высокімі вынікамі (ад 36 да 100 балаў) — 54, 56, у групе з сярэднімі вынікамі (12—35 балаў) — 19,67.

На ЦТ па хіміі 17 працэнтаў абітурыентаў атрымалі і ад 50 да 100 балаў. Сярэдні бал у гэтай групе склаў 64, 44 бала. Ад 21 да 49 балаў атрымалі 53 працэнты абітурыентаў. Сярэдні бал склаў у гэтай групе 30,56.

Высокія вынікі на ЦТ па фізіцы — ад 27 да 100 балаў, а сярэднімі лічацца вынікі ад 12 да 26 балаў (такія балы ў пераважнай большасці ўдзельнікаў тэсціравання па фізіцы). Сярэдні бал у першай групе — 45,04, у другой — 16,93.

На ЦТ па біялогіі высокія вынікі — ад 41 да 100 балаў. Сярэднія — ад 23 да 40 балаў і гэтак далей.

Залічэнне, як абяцаюць у Міністэрстве адукацыі, будзе ажыццяўляцца ў максімальна адкрытым рэжыме, таму што поўная і праўдзівая інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў з'яўляецца сведчаннем празрыстастасці конкурсу. Спісы залічаных павінны ўтрымліваць інфармацыю аб колькасці набраных балаў і льготным залічэнні (без уступных іспытаў і па-за конкурсам), каб у абітурыентаў і іх бацькоў не ўзнікала нават думкі аб магчымасці супрацьпраўных дзеянняў членаў прыёмнай камісіі.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Пералік міжнародных алімпіяд, пераможцам якіх (уладальнікам дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступені) будзе дадзена права на залічэнне ў 2011 годзе без уступных іспытаў у ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

Згодна з Пастановай Міністэрства адукацыі ад 25 мая 2011 года № 17, такое права будзе ў пераможцаў 5-й Міжнароднай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы (2011, Польшча); 5-й Алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры "Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства" (2010, Расійская Федэрацыя); 22-й Міжнароднай біялагічнай алімпіяды (2011, Тайвань); 23-й Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы (2011, Тайланд); 42-й Міжнароднай фізічнай алімпіяды (2011, Тайланд); 43-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды (2011, Турцыя); 45-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі (2011, Расійская Федэрацыя); 52-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды (2011, Нідэрланды).

Згодна з дзейнымі Правіламі прыёму ў ВНУ, без уступных іспытаў у кола студэнтаў залічваюцца пераможцы міжнародных алімпіяд (у адпаведнасці з пералікам, што зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі) і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзеных Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму пры паступленні на спецыяльнасці, для якіх гэты прадмет вызначаны прадметам другога профільнага выпрабавання (на спецыяльнасцях медыка-фармацэўтычнага профілю — па хіміі і біялогіі).

Пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па інфарматыцы і астраноміі маюць права паступаць без экзаменаў у ВНУ на спецыяльнасці фізічнага, матэматычнага і тэхніка-тэхналагічнага профіляў. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
9 ліпеня ў Беларусі стартуе чарговы этап прыёмнай кампаніі — з гэтага дня ў ВНУ "сілавых" ведамстваў і творчых ВНУ распачынаецца прыём дакументаў. Першымі па...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика