У Беларусі пашыраны льготы для інвестараў. 21.by

У Беларусі пашыраны льготы для інвестараў

12.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Міністэрства эканомікі лічыць, што падпісаны 6 чэрвеня 2011 года Дэкрэт Прэзідэнта №4 станоўча адаб'ецца на прытоку інвестыцый у краіну, пра гэта заявіў на брыфінгу Кірыл КАРАЦЕЕЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый Мінэканомікі. Вышэйназваны нарматыўны акт унёс дапаўненні і змены ў Дэкрэт №10 ад 6 жніўня 2009 "Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", накіраваныя на ўстанаўленне яшчэ больш ільготных умоў для прыцягнення інвестыцый.

— Прыняты Дэкрэт №4 уносіць змены ў сённяшні парадак і ўмовы заключэння інвестыцыйных дамоў. Вопыт, які Беларусь атрымала пры заключэнні гэтых дамоў, быў пазітыўным, таму мы вырашылі яго трошкі распаўсюдзіць, — сказаў Кірыл Карацееў.

Па яго словах, сёння з Рэспублікай Беларусь заключаны 682 інвестыцыйныя дамовы (усяго было 693, з іх 8 — скасаваныя), ацэначная сума інвестыцый па іх — на ўзроўні 13,9 мільярда долараў. Кірыл Карацееў выказаў меркаванне, што "гэта даволі значная сума, таму можна казаць пра паспяховую выбраную палітыку ўвядзення такога інструмента, як інвестыцыйная дамова". Ён жа патлумачыў і асноўныя новаўвядзенні, якія будуць чакаць інвестара пасля набыцця моцы Дэкрэта №4 (з 9 жніўня 2011 года):

— Дэкрэт №4, па-першае, спрашчае парадак заключэння дамоў. Раней у нас была трохузроўневая сістэма іх заключэння: першы ўзровень — гэта органы дзяржкіравання (узровень выканкамаў), другі — гэта тыя ж органы дзяржкіравання, але ўжо патрэбна было дэлегаванне паўнамоцтваў ад урада (патрабавалася прыняцце адпаведнай пастановы), і трэці — гэта калі дамовы заключаліся ўрадам па ўзгадненні з Прэзідэнтам. Практыка працы паказала, што інвестары трохі не разумелі адрознення паміж першым і другім узроўнямі: калі трэба было прымаць пастанову ўрада, а калі орган дзяржкіравання мог сам заключаць інвестыцыйную дамову. Таму зараз застаецца два ўзроўні: першы, калі такія інвестыцыйныя дамовы заключаюцца непасрэдна органамі дзяржкіравання (выканкамамі), і другі — калі такія дамовы заключаюцца ўрадам па ўзгадненні з Прэзідэнтам. Гэты другі ўзровень будзе мець месца, калі для інвестыцыйнага праекта патрабуюцца нейкія дадатковыя льготы і прэферэнцыі, якія не прадугледжаны дзейным заканадаўствам.

Разам з тым, згодна з Дэкрэтам №4, зараз пашыраны пакет ільгот і прэферэнцый для ўсіх інвестараў. Прынамсі, інвестары змогуць выкарыстоўваць праектную дакументацыю, падрыхтаваную за мяжой (пры ўмове, што замежныя нормы праектавання і стандарты ўжо ўведзены ў дзеянне на тэрыторыі Беларусі), атрымаюць права выліку поўнай сумы ПДВ, заплачанага пры набыцці тавараў (прац, паслуг) і маёмасных правоў, а таксама інвестары атрымаюць шэраг вызваленняў: не будуць плаціць адлічэнні ў інавацыйны фонд, не будуць плаціць ПДВ і падатак на прыбытак пры бязвыплатнай перадачы маёмасці (калі дзяржава бязвыплатна дае інвестару дзяржмаёмасць для рэалізацыі яго праекта), не будуць плаціць зямельны падатак і арэндную плату за ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай ўласнасці, на час будаўніцтва (і да 31 снежня наступнага года пасля заканчэння будаўніцтва) і на час правядзення праектных прац, не будуць праводзіць падрадныя таргі пры выбары праектных арганізацыі і падрадчыкаў.

— Гэта тыя самыя льготы і прэферэнцыі, якіх не хапала інвестару за час працы Дэкрэта №10. Гэта тыя правы, якія ён хацеў атрымаць і па якія звяртаўся ў адпаведныя органы. Мы прааналізавалі гэтыя звароты, указы, прынятыя па буйных праектах, і ўвялі адпаведны пакет ільгот у Дэкрэт №4, — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый Мінэканомікі.

Ёсць яшчэ адно новаўвядзенне ў Дэкрэце №4, але яно ўжо накіравана на пэўнае абмежаванне інвестараў. Гаворка ідзе пра здзелкі з зямлёй да моманту рэгістрацыі правоў на аб'екты, стварэнне якіх прадугледжана непасрэдна інвестыцыйнай дамовай.

— Чаму такое абмежаванне ўведзена? Бо практыка паказала, што меў месца шэраг злоўжыванняў пры заключэнні інвестыцыйных дамоў: некаторыя з гэтых дамоў органы дзяржкіравання вымушаны былі скасаваць, па некаторых яшчэ ідзе разбор. Інвестар, карыстаючыся нормамі дэкрэта, атрымліваў пэўныя льготы пры заключэнні інвестыцыйнай дамовы (вызваляўся ад платы за права заключэння дамовы арэнды, атрымліваў зямельны ўчастак без аўкцыёну) і пасля гэтага меў права ажыццяўляць з гэтым зямельным участкам пэўныя здзелкі. Дэкрэт №4 такія магчымасці спыняе, — патлумачыў Кірыл Юр'евіч.

Таксама ён праінфармаваў, што Міністэрства эканомікі падрыхтавала ўсе праекты пастаноў і іншых падзаконных актаў, якія накіраваны на рэалізацыю новых палажэнняў дэкрэта. Яны разгледжаны органамі дзяжкіравання і прадстаўлены ва ўрад:

— Таму 9 жніўня (калі набудзе моц Дэкрэт №4) мы атрымаем удасканалены механізм заключэння дамоў, а таксама новыя парадак, правы, магчымасці інвестараў, што, як мы лічым, станоўча адаб'ецца на прытоку інвестыцый.

З 2005 года мы ўпусцілі інвестыцый на мільярд долараў?

Кірыл Карацееў таксама паведаміў, што хутка наша краіна зможа паўнавартасна пачаць працаваць са Шматбаковым агенцтвам па гарантыях інвестыцый (ШАГІ):

— Што гэта за агенцтва? Гэта адна з устаноў Групы арганізацый Сусветнага банка, якая займаецца страхаваннем палітычных некамерцыйных рызык. Да такіх рызык адносяцца страхаванне ад магчымай экспрапрыяцыі, ад нейкіх грамадзянскіх беспарадкаў, ад вайсковых дзеянняў, ад немагчымасці краінай выканаць свае абавязацельствы перад інвестарам. Наша краіна ўваходзіць у ШАГІ з 1992 года. Аднак можна казаць пра тое, што гэты механізм практычна ніколі, на жаль, не працаваў. За ўвесь час членства ў гэтай арганізацыі адбылася толькі адна здзелка (гэта было ў 2005 годзе), якая тычылася ўзаемаадносін "РайффайзенБанка" і створанага з яго удзелам "Пріорбанка". Пасля гэтага на савеце дырэктароў ШАГІ былі прынятыя папраўкі і вылучаны ўмовы падпісання Рэспублікай Беларусь базавых пагадненняў пра выкарыстанне мясцовай валюты і аб прававой ахове гарантавання замежных інвестыцый (іх адсутнасць і стрымлівала ўсю працу з гэтым агенцтвам), — расказаў Кірыл Карацееў.

Аднак ён дадаў, што сёлета 27 чэрвеня быў падпісаны ўказ аб правядзенні перамоў па гэтых міжнародных дамовах, а 30 чэрвеня Палата Прадстаўнікоў прыняла праект Закона "Аб ратыфікацыі паправак да Канвенцыі аб заснаванні Шматбаковага агенцтва па гарантыям інвестыцый", які Савет Рэспублікі потым ухваліў.

— Зараз гэты законапраект унесены на разгляд і падпісанне кіраўніку дзяржавы. Такім чынам, мы можам канстатаваць, што па гэтых базавых дакументах, якія з'яўляліся стрымліваючым фактарам, сёння праца набліжаецца да фінішу і літаральна пасля праходжання ўсіх унутрыдзяржаўных працэдур Беларусь можа пачаць паўнавартасна працаваць з гэтай установай. Што гэта дае нашай краіне? Па-першае, паводле інфармацыі, якую прадставіла нам ШАГІ, з 2005 года ў яго адрас паступіла заявак на страхаванне праектаў на суму больш за 1 мільярд долараў. Такім чынам у той ці іншай ступені ўпэўненасці можна казаць, што гэта аб'ём недаатрыманых прамых інвестыцый у эканоміку краіны. Бо з-за адсутнасці тых пагадненняў, пра якія я казаў, агенцтва не магло выступіць гарантам па іх, і такія праекты або не ажыццявіліся, або вымушаны былі шукаць нейкае іншае забеспячэнне абавязацельстваў. Другі практычны момант карысці працы з ШАГІ — гэта адсутнасць неабходнасці выдачы гарантый Рэспублікі Беларусь па знешніх запазычаннях. Бо не сакрэт, што такія гарантыі павялічваюць велічыню знешняга доўгу краіны, таму магчымасць працаваць без такіх гарантый пазітыўна адаб'ецца на працы з нашай запазычанасцю. Ну і па-трэцяе: мы маем непасрэдна іміджавы момант — паўнавартасны ўдзел Беларусі ў Шматбаковым агенцтве па гарантыях інвестыцый будзе сігналам інвестару пра тое, што мы выкарыстоўваем прынятыя ва ўсім свеце механізмы абароны інвестыцый і зрабілі ўсё магчымае, каб гэтая абарона ажыццяўлялася, — сказаў Кірыл Карацееў і дадаў, што нашы краіны-суседзі ўжо ратыфікавалі гэтыя папраўкі, таму нам неабходна быць канкурэнтаздольнымі ў дачыненні да іх.

Інвестарам стане лёгка і прыемна?

Дарэчы, зусім нядаўна ў Беларусі пачало працаваць Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі — 28 чэрвеня на пасаду дырэктара гэтага агенцтва быў прызначаны Дзмітрый КЛЕЎЖЫЦ. Ён таксама падзяліўся з журналістамі сваім бачаннем інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі:

— Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі пачало сваю працу. Не магу сказаць, што ў поўным маштабе, бо ў нас пакуль недастаткова персаналу. Хачу сказаць, што агенцтва чакалі ўсе — і на ўрадавым узроўні, і бізнэс.

Дзмітрый Клеўжыц расказаў, што на сёння структура агенцтва складаецца з двух блокаў — прыватызацыі і прыцягнення інвестыцый, а таксама адзначыў, што для працы ў агенцтве будуць прыцягнуты першакласныя эксперты.

— Беларусь вельмі цікавая з пункту гледжання інвестара. Адзіная перашкода (калі казаць пра прыватызацыю) — гэта недастатковае інфармацыйнае забеспячэнне патэнцыйных інвестараў. Бо яны бачаць назву нейкага прадпрыемства, але не разумеюць сутнасці яго дзейнасці. Яны б хацелі бачыць глыбіню, больш шырокую інфармацыю пра гэтую кампанію. Таму калі ўсходні вектар праяўляе нейкую актыўнасць, то заходні пакуль яшчэ маўчыць. Таму ў працы з заходнім вектарам трэба будзе актывізавацца. І агенцтва павінна паказаць тут свае здольнасці.

Ён таксама паведаміў, што Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі будзе суправаджаць інвестара на ўсіх этапах яго прысутнасці ў краіне.

— Інвестар павінен зразумець ад узаемадзеяння з намі наступнае: чаму так лёгка і прыемна працаваць у Беларусі. Гэта самая галоўная мэта. Без гэтага агенцтва будзе неэфектыўным. А які сэнс займацца тым, што апрыёры не можа быць эфектыўным? Мы будзем займацца тым, дзе мы бачым перспектыву. А перспектывы ў агенцтва маштабныя: яно стане "адным акном" для сённяшніх і патэнцыйных інвестараў.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міністэрства эканомікі лічыць, што падпісаны 6 чэрвеня 2011 года Дэкрэт Прэзідэнта №4 станоўча адаб'ецца на прытоку інвестыцый у краіну, пра гэта заявіў на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика