Дзямідчык Уладзімір Паўлавіч. 21.by

Дзямідчык Уладзімір Паўлавіч

12.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

(1930, г. Барысаў Мінскай вобл. — 3.9.1977, г. Душанбэ, Таджыкістан) Спецыяліст у галіне арабскай мовы і літаратуры. Доктар філалагічных навук, прафесар. Аўтар некалькіх кніг навуковага характару. Займаўся літаратурнай творчасцю, жывапісам і разьбой па дрэве. Брат акадэміка НАНБ, доктара медыцынскіх навук Яўгена Дзямідчыка.

Пасля заканчэння Усходняга факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954) па размеркаванні паехаў працаваць у Душанбэ. Выкладчыцкую работу ў Таджыкскім універсітэце ён паспяхова спалучаў з работай у Інстытуце ўсходазнаўства АН Таджыкскай ССР. Як дасведчаны спецыяліст чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Сірыі, Лівана, Егіпта, Ірака, Палесціны, Судана і Іарданіі. Рыхтаваў аспірантаў, дапамагаў у вывучэнні нацыянальных літаратурных помнікаў.

Вучоным апублікавана больш за сотню прац. Бачачы патрэбу ў навучальных дапаможніках, стварыў кнігі "Падручнік арабскай мовы" (Сталінабад, 1958) і "Нарыс сучаснай арабскай літаратуры" (Душанбэ, 1965). Затым выходзіць яго кніжка пра суданскую паэзію ХХ стагоддзя — адзінае ў той час у СССР даследаванне па суданскай літаратуры. Займаўся рукапісамі арабскіх філосафаў, географаў і падарожнікаў, перакладаў іх тэксты. У 2004 г. у Маскве выйшла кніга У. Дзямідчыка "Свет цудаў у арабскай літаратуры ХІІІ—ХІV стст.: Закарый ал-Казвіні і жанр мірабіляў". У ёй упершыню грунтоўна, з выкарыстаннем шырокага матэрыялу разглядаецца творчасць аднаго з самых цікавых сярэдневяковых арабскіх празаікаў — Закарыйа ал-Казвіні, паглыблена даследуецца спадчына арабскай літаратуры. Асабліва выдзяляецца жанр мірабіляў ("пра цуды свету").

У. Дзямідчык добра валодаў беларускай, польскай, рускай, арабскай мовамі, быў добра начытаны ў мусульманскай духоўнай літаратуры, таму мог улавіць тонкасці беларускіх перакладаў Карана, хадзісаў (апавяданняў пра выказванні і дзеянні прарока Мухамада), прынятых малітваў, апавяданняў пра цуды і г.д. На жаль, з велізарнага падрыхтаванага матэрыялу па гэтай тэматыцы наш суайчыннік паспеў апублікаваць толькі адзін артыкул — у зборніку памяці акадэміка І. Крачкоўскага (1987).

Уладзімір Дзямідчык, усебакова адораны чалавек, пісаў вершы і прозу, рабіў мастацкія пераклады. Ім напісана цэлая серыя апавяданняў, звязаных з яго асабістымі партызанскімі ўспамінамі (некалькі твораў пасмяротна, у 1991—1992 гг., надрукаваў часопіс "Памир"). У 12-13 гадоў іх аўтар трапіў у партызанскі атрад, які дыслацыраваўся ў наваколлі Барысава. І таму яго апавяданні эмацыйна адлюстроўваюць жыццё пад нацысцкай акупацыяй у невялікім беларускім горадзе — з расстрэлам закладнікаў, знішчэннем цэлых катэгорый насельніцтва. Партызанскае жыццё паказана не ў хвіліны гераічных змаганняў, а ў доўгія месяцы цяжкай і непрыкметнай працы, бытавой неўладкаванасці, голаду, бесперапыннай небяспекі. У плане выдавецтва "Адзіб" стаяў выпуск зборніка такіх апавяданняў У. Дзямідчыка, падрыхтаваных да друку яго жонкай Ларысай Мікалаеўнай. Крытыкі параўноўвалі гэтыя творы з прозай Васіля Быкава.

У музеях і прыватных зборах Таджыкістана, Беларусі і арабскіх краін засталіся акварэльныя малюнкі У. Дзямідчыка, яго разьба па дрэве. Рукапісы вучонага цяпер знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу, відаць, у прыватных руках.

Вядучыя рубрыкі Святлана Карпучок і Яраслаў Мальдзіс.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(1930, г. Барысаў Мінскай вобл. — 3.9.1977, г. Душанбэ, Таджыкістан) Спецыяліст у галіне арабскай мовы і літаратуры. Доктар філалагічных навук, прафесар. Аўтар некалькіх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика