Занатоўкі мастака
13.07.2011
—
Новости Общества
|
Чаргаванне месяцаў і стыхій
Красавік звычайна напоўнены сонечнасцю да краёў. Сонечнасць у празрыстым красавіку такая пякучая, што яе можна называць вогненнай. Красавік — вогненны месяц. Сакавік, безумоўна, месяц вады, месяц плыняў ды ручаінаў. Травень — месяц духмянасцяў, месяц зямлі і квецені. Чэрвень — паветраны месяц. Ліпень цякучы, сакавіты, навальнічны, вадзяны. Жнівень, як і красавік, вогненны, пыльны, выпалены залатым і чырвоным сонцам. Зямля ў верасні збірае плады, збірае ўраджаі. Верасень зямны. Кастрычнік уздыхае з палёгкаю пасля працоўнага лета, у кастрычніку зноў лёгка і вольна дыхаецца. Лістапад змрочны ў сваіх доўгіх і халодных дажджах, змрочны ў вільготных ямінах ды ледзяных лужынах. У снежні пачынаюцца пякучыя маразы, яны запальваюць чырвань на шчоках. Студзень пад снегам глухі, як зямля. Люты ззяе ледзянымі дыяментамі ў крыштальным паветры. Эрыка і МішаРэжысёр з Чэхіі Эрыка Гайкова цэлы дзень праздымала дзесяціхвілінны дакументальны фільм пра мяне як паэта Адама Глобуса, пра мяне як выдаўца Адамчыка, і пра мяне як мастака Уладзіміра. Глобус з Адамчыкам паводзілі сябе сціпла, а вось Уладзімір запатрабаваў у студыю натуршчыцу. Я лічу, што мастак меў права на такое патрабаванне. Толькі заўсёдная і безадмоўная натуршчыца Лера не пагадзілася пазіраваць перад камераю. Лічу, што і яна мела такое права. У нашай краіне мастак і натуршчыца яшчэ маюць такія-сякія правы. Што невымоўна радуе і Глобуса, і Адамчыка, і Уладзіміра, і Эстрагона... Хто такі Эстрагон? Мой любімы персанаж у тэатры абсурду, створаным Сэмюэлем Бекетам. У яго на сцэне працавала пара — Уладзімір і Эстрагон. Яны чакалі Бога... Яны чакалі бОга, якога называлі ГадО. Можа яны і не чакалі бОга, а чакалі толькі таго, хто не прыйшоў, бо меў поўнае права не прыйсці, як і натуршчыца Лера. Яна не выйшла на сцэну, яна не з'явілася на здымачную пляцоўку, дзе ўсім кіравала блакітнавокая Эрыка Гайкова. Эрыка паглядзела на сваю здымачную групу і прызначыла на ролю натуры Мішу. "Памочнік рэжысёра Міша будзе пазіраваць?" — "Хто супраць?" — "Я за!" Міша — Міхаэла, шыкоўная доўгавалосая брунетка села на чырвонае крэсла і пачала глядзець у столь. Мастак Уладзімір маляваў. Малюнак атрымаўся няўдалы. Я намаляваў Мішу яшчэ два разы. Выйшла пасрэдна, але Эрыка ўпадабала малюнкі, а Міша іх папрасіла, а я іх падарыў. Тады Міша выплаціла мне ганарар за здымачны дзень. Як на трох, дык і невялікая выйшла сума, а на аднаго дык і добра. Я сабраў ўсе свае вобразы ў адно цэлае цела і адчуў эратычную лёгкасць быцця. Ігар і мяса кенгураняціІгар перабраўся з нашай бязмежнай Еўразіі ажно ў Аўстралію. Ягонай жонцы надакучыла тутэйшае жыццё-быццё, яна і павяла мужа ў далёкі свет. Тут Ігар працаваў архітэктарам і падпрацоўваў кніжным графікам. Тамака ён працуе і падпрацоўвае на будоўлях, але моцна не наракае на лёс. Зрэшты, ён і тут не моцна выхваляўся сваімі стылевымі фотакалажамі. Сціплы чалавек. З такім добра ўвечары пасядзець у кавярні і паслухаць расповеды пра няблізкі кантынент. Мяне заўжды цікавіў смак кенгураняці. Гэта ўсё з-за Крукава, з якім я вучыўся ў інстытуце. Крукаў прачытаў у крымінальнай хроніцы нататку пра забойства кенгураняці ў заацырку. Падлеткі забілі аўстралійскую жывёлу, падсмажылі і з'елі. Крукаў загарэўся жаданнем пакаштаваць кенгуру. Але тады мы ўсе сядзелі за жалезнай заслонаю і жывога кенгуру бачылі толькі ў клетцы. Цяпер я з Ігарам сяджу на праспекце Незалежнасці, п'ю каву і слухаю пра тое, што мяса кенгураняці падобнае да мяса баранчыка, ён, як і ягня, скубе траву, таму і мяса ў іх падобнае. Цікава. Я заўжды падазраваў, што кенгураняці падобна да ягняці Божага, але не ведаў, што асноўнае падабенства — у смаку мяса. Іваноў і в'етнамцыІваноў кінуў паліць, пачаў шмат есці і набраў лішніх дваццаць кілаграмаў. Так зазвычай і бывае: кінеш паліць і растаўсцееш. Іваноў і так быў чалавекам у целе, а тут і зусім раздабрэў. Ён нават на дыеты садзіўся, нават ад салодкага і мучнога адмаўляўся, але лішнія дваццаць як былі на Іванове, так на Іванове і засталіся. Затое ён парадаваўся ў В'етнаме. Там ёсць павер'е: калі патрымаешся за тоўстага і калі з ім сфатаграфуешся, будзе табе вялікае в'етнамскае шчасце. Іваноў у В'етнаме адчуваў сябе зоркаю, пра што сам мне і распавядаў з шырознай фотамадэльнай усмешкаю. Водгукі радасціБезнагодная радаснасць і не радасць зусім, а праява скалазубнага глупства. Чалавек можа выскаляцца і сутаргава пакурчвацца ў пахіхікванні, а радасці ў ім ні каліва не будзе. Радасць, як і гора, мусіць мець нагоду. У мяне радасць знітавана з водгукам на дзіва. Пабачыў дзівоснае ці сутыкнуўся з нечаканай асветленасцю нават самай звычайнай рэчы і ўзрадаваўся; а радасць, каб не знікнуць імгннена, пераліваецца праз мяне ў літаратурныя ды мастацкія формы. Рэйзман і запрашэнніКуды ні глянь — паўсюль запрашэнні. Усе ўсіх некуды запрашаюць: на хрэсьбіны, на выставы, у крамы, на прэзентацыі, на аўкцыёны, на канцэрты, на распродажы, на падключэнні, на службу, на выбары, на флэшмобы, на плошчу, на дні народзінаў, на хаўтуры, у рэшце рэшт. Адкрываеш паштовую скрынку і бачыш букеты запрашэнняў. Але сапраўдных, цёплых, чалавечых запрашэнняў сярод іх амаль няма. Іншая рэч, калі нехта асабіста цябе запрасіў праз тэлефон ці праз густоўную паштоўку ў папяровай капэрце. А яшчэ лепей, калі чалавек запрашае цябе, гледзячы ў вочы. Такое запрашэнне помніцца доўга, нават калі ты яго і не прыняў. Так Рэйзман запрасіў мяне ў Ізраіль. Мы выпадкова сустрэліся ў мінскім двары, і ён узрадаваўся: "Валодзя, як ты? Што ты? Дзе ты? Я тое-сёе чытаў, нешта ведаю, у цябе ёсць талент, а ў мяне ёсць белы дом на беразе мора. Праз вокны мора відаць. Можна ляжаць на скураной канапе і глядзець на мора. Тэлефануй. Прыязджай. Кладзіся на канапу і глядзі на мора..." З Рэйзманам я вучыўся ў адным класе. У школе мы нават сябравалі. Шляхі нашыя разышліся ў розныя бакі і праходзяць у розных краінах. Але ж скрыжаваліся шляхі. Я атрымаў запрашэнне, і я яго вельмі цаню, але хутчэй за ўсё так і не выкарыстаю, як і большасць атрыманых запрашэнняў. Жонка і чарвяк сквапнасціАдламалася ручка ад лядоўні, трэснула і развалілася на дзве часткі. Давялося ручку здымаць і выклікаць майстра. "Вы няправільна адчыняеце лядоўню. Каб вы асцярожна і акуратна яе адчынялі, ручка пратрымалася б сто гадоў. Цяперака вам давядзецца заплаціць за новую ручку сто тысяч". Жонка выслухала тыраду рамонтніка, і на яе напаў чарвяк сквапнасці. "За кавалак пластыка сто тысяч? Вы знарок робіце такія крохкія ручкі. Вы знарок ставіце ў лядоўні лямпачкі, якія імгненна перагараюць. Людзі заплацілі за дарагую лядоўню, а потым плоцяць і плоцяць за лямпачкі ды ручкі!" Давялося мне даваць жонцы статысячную паперку, каб утаймаваць чарвяка сквапнасці. Лядоўня з лямпачкай і ручкай мне падабаецца больш за лядоўню цёмную і без ручкі. Адам ГЛОБУС. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаргаванне месяцаў і стыхій Красавік звычайна напоўнены сонечнасцю да краёў. Сонечнасць у празрыстым красавіку такая пякучая, што яе можна называць вогненнай.... |
|