Няптун ніколі не знаходзіўся ля мора. 21.by

Няптун ніколі не знаходзіўся ля мора

13.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі ў Старажытным Рыме пачыналася засуха, рыбакі заставаліся без улову, а маракі не маглі адшукаць шлях дадому, то кожны ведаў, што вырашыць усе гэтыя праблемы толькі бог мора. Але іншы час — і новыя погляды. Цяпер вера ў нейкія асаблівыя здольнасці міфічнага бога выклікае хіба што шчырую ўсмешку. Аднак, насуперак скептыкам, Няптун усё ж ёсць. І ёсць у нашай Беларусі.

Часам жарты — рэч сур'ёзная

Пры жаданні дабірацца сюды можа двума маршрутамі — як з Кіраўска, так і з Бабруйска. Аднак у любым выпадку тут трэба арыентавацца на буйную вёску, а дакладней, ужо на аграгарадок Жылічы. Па сутнасці, яго і варта лічыць тым самым "канчатковым пунктам прызначэння". Бо калі б не дарожны паказальнік, то разабрацца, дзе заканчваюцца Жылічы і дзе пачынаецца пасёлак Няптун, амаль немагчыма.

Падобнае суседства — зусім не выпадковае. Многія з мясцовых распавядаюць: дзесьці ў 30-х гадах мінулага стагоддзя адзін з жыхароў Жыліч па прозвішчы Нагуль вырашыў пабудавацца крыху наводдаль ад вёскі. І менавіта гэтая "адлегласць ад цывілізацыі" адыграла сваю ролю. Жартам сталі казаць прыкладна так: пасяліўся — нібы на ўскрайку Сусвету. Або "нібы на планеце Нептун".

Аднак існуе і іншая, не менш папулярная версія. Новы пасёлак узнік у балоцістай мясціне, літаральна на самым беразе рэчкі Добасна з яе шматлікімі невялікімі прытокамі і адтокамі. Вось і ўзгадалі тутэйшыя жартаўнікі імя старажытнарымскага бога. Бо сапраўды — вады і вільгаці было заўсёды шмат.

— Мы прыехалі сюды ў 1955 годзе — тады тут, у цяперашнім пасёлку Няптун, стаялі толькі тры хаты, — узгадвае пенсіянерка, былая настаўніца геаграфіі і завуч Жыліцкай сярэдняй школы Ева Іванаўна Зайкоўская. — І калі неўзабаве ўзнікла пытанне аб будаўніцтве, то нечакана высветлілася, што "пустой" зямлі ў Жылічах амаль няма. Тады муж падумаў і прапанаваў выйсце — ставіць хату ў пасёлку Няптун. Прычым знайшоў "жалезны" аргумент: тут рэчка, а ў ёй — рыба. І рыбы было шмат. Бывала нават такое: пойдзеш паліваць агарод, зачарпнеш вядро ў Добасне, а ў тым вядры — уюн.

З 1960-х гадоў, пасля правядзення буйной меліярацыі і выраўноўвання рэчышча Добасны, рыбы стала крыху менш. Аднак казаць, што яна ўвогуле знікла, нельга. І цяпер у рэчцы і ў бліжэйшых сажалках ёсць ліні, карасі, карпы, шчупакі. Нездарма наваколле — любімыя мясціны шматлікіх рыбакоў.

— Няхай сабе каля Жыліч і Няптуна няма свайго лесу і грыбоў-ягад, але гэтыя месцы — вельмі прыгожыя, — заўважае Ева Зайкоўская. — Рэчка, парк і нават панскі палац — адметнасцяў тут шмат. Аднак перш-наперш варта сказаць пра нашых людзей. Яны надзвычай спакойныя, ураўнаважаныя, а яшчэ — вельмі працавітыя. Магчыма, таму яны ніколі і не жылі бедна.

Ад цыбулі з сутарэння да парэчак

Рыбалка — проста хобі. І зразумела, што асноўны даход дае зусім не яна. Нехта з мясцовых жыхароў заняты ў сельгаспрадпрыемстве "Жылічы" — гаспадарцы па-сапраўднаму моцнай. Іншыя ж маюць свой невялікі бізнэс або працуюць у сацыяльнай сферы, і ў тым ліку — у вядомым Жыліцкім сельскагаспадарчым каледжы.

Аднак асноўная праца — далёка не ўсё. Ці не ўсё жыхары пасёлка Няптун трымаюць свіней, курэй, качак, а многія — кароў і нават коней. А да таго ж ці не ўсе актыўна займаюцца агародніцтвам. Прычым што адметна — без асаблівай аглядкі на "высокія" і "нізкія" сезоны.

  Так, узімку ў сутарэннях дамоў вырошчваюцца цыбуля і радыска. У чэрвені тут капаюць і прадаюць бульбу — яе садзяць на агародах напрыканцы сакавіка — у пачатку красавіка "пад плёнку". А вось ліпень — час парэчак. Іх тут нямала, сёння ўявіць вясковыя вуліцы без машын нарыхтоўшчыкаў проста немагчыма. І, дарэчы, нарыхтоўшчыкі едуць не толькі з Кіраўска, але і з суседніх Жлобінскага і Рагачоўскага раёнаў.

— Цяпер кілаграм чорных парэчак сталі прымаць па пяць тысяч рублёў, і такая цана даволі выгадная, — усміхаецца жыхар пасёлка Няптун Яўген Аляксандравіч Філіпенка. — Сапраўды, збіраць ягады не так і проста — будуць балець рукі-ногі. Аднак справа ўсё ж вартая, бо здай тры кашы — і атрымай 140 тысяч. А гэтая капейка — не лішняя.

Сама назва — турыстычны брэнд

Запытайся, што мае цяперашні Няптун, і пачуеш у адказ — нічога. Аднак асаблівай бяды тут нібыта няма. Бо зноў жа зусім побач — Жылічы. А значыць, і ўся "стандартная" для аграгарадка інфраструктура — ад школы, дзіцячага садка і амбулаторыі да крамаў, лазні і банкаўскага філіяла. У Жылічах ёсць нават кавярня. А плюс да таго — і свая невялікая царква.

— На першы погляд, статыстыка не ўражвае: у цяперашнім пасёлку Няптун жыве крыху больш за сто чалавек, і ў тым ліку — усяго дзесяць дзяцей, — зазначае старшыня Дабасненскага сельвыканкама Галіна Шчур. — Аднак лічбы не павінны ўводзіць у зман. Запісваць Няптун у спіс "неперспектыўных" населеных пунктаў адназначна нельга. Так, нехта з моладзі паступае вучыцца і ўрэшце рэшт застаецца жыць у гарадах. Аднак людзі адсюль не "бягуць". Хутчэй наадварот: многія перакананы, што, дзякуючы суседству з аграгарадком і вельмі добрым, урадлівым землям, лепш жыць якраз тут. Таму ў цяперашнім пасёлку няма ніводнай закінутай хаты. Калі той або іншы дом вызваляецца — яго адразу ж купляюць. А нехта і будуецца самастойна.

Прычым у будучыні гэтае месца можа стаць яшчэ больш прывабным. Сёлета ў Жылічах завершыцца аднаўленне часткі колішняга панскага палаца. У адрамантаваных памяшканнях размесцяцца музычная школа і бібліятэка. Але ці не галоўнае — палац стане больш прывабным для турыстаў.

— Зразумела, што палац і размешчаны каля яго стары парк будзе неабходна даглядаць, а турыстаў — накарміць, — зазначае Галіна Шчур. — Такім чынам, з'яўляюцца добрыя магчымасці для стварэння новых працоўных месцаў, і гэтыя перспектывы не прывідныя — у нас ужо распачалося будаўніцтва другой прыватнай кавярні. А што ж да цікавасці з боку падарожнікаў, то сумнявацца не выпадае: панскі палац і сама назва пасёлка зробяць сваю справу. Таму адна з задач на заўтра — адрадзіць тэатралізаванае свята Нептуна. Быў час, калі яно ладзілася ў нас ці не штогод — на Купалле.

Сяргей ГРЫБ. Фота аўтара.

Кіраўскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі ў Старажытным Рыме пачыналася засуха, рыбакі заставаліся без улову, а маракі не маглі адшукаць шлях дадому, то кожны ведаў, што вырашыць усе гэтыя праблемы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика