"Вы выйгралі "Аўдзі" шостай мадэлі"
20.07.2011
—
Новости Общества
|
Пяць жыхароў Віцебска пацярпелі ад махляроў, атрымаўшы на свае мабільныя тэлефоны паведамленні пра тое, што могуць стаць уладальнікамі дарагіх аўто прэстыжнай маркі. Дзве апошнія заявы паступілі ў міліцыю на працягу апошняга тыдня. Да гэтага — у сакавіку. Кожны з ахвотных атрымаць новенькае аўто пералічыў у Расію каля 50 тысяч расійскіх рублёў. Як паведаміў "Звяздзе" Аляксандр Шальц, першы намеснік начальніка Кастрычніцкага раённага аддзела міліцыі горада Віцебска, схема падману фактычна аднолькавая ва ўсіх выпадках. Грамадзяне атрымлівалі СМС-паведамленне пра тое, што яны сталі "шчасліўчыкамі", бо разлічваліся за мабільную сувязь безнаяўнымі грашыма з пластыкавых банкаўскіх картак. У паведамленні быў указаны сайт, на якім размешчана ўся неабходная інфармацыя. Тэрмін "выхаду на сувязь" — усяго суткі. Зразумела, што людзі "клявалі" на перспектыву стаць уладальнікамі аўто. Як расказала міліцыянерам адна з пацярпелых, спачатку яна папрасіла сваю дачку, каб тая праверыла ў інтэрнэце: ці ёсць такі сайт. Ёсць, аказваецца! Яна патэлефанавала па ўказаным нумары ў Маскву. І ветлівы малады чалавек дэталёва ўсё растлумачыў пасля праверкі "ў базе звестак яе персанальнай інфармацыі". Ён расказаў, што жанчыне трэба зарэгістравацца ў прызавым фондзе. Атрымаць рэгістрацыйны нумар, а потым на названае ім прозвішча пералічыць грошы. На пытанне, чаму розыгрыш праводзіць юрыдычная асоба, а грошы трэба пералічыць грамадзяніну, быў дадзены "разумны" адказ: столькі ж ахвотных выйграць, таму давераныя асобы і дапамагаюць праводзіць арганізацыйную работу. У першы раз жанчына перавяла такім чынам 12 тысяч расійскіх рублёў толькі за рэгістрацыю. Калі потым размаўляла па тэлефоне, малады чалавек сказаў, што можна перавесці і беларускія рублі, бо ў Маскве іх мяняюць. Тады яна перавяла больш як 2 мільёны беларускіх рублёў. Хлопец паабяцаў, што на працягу гадзіны жанчына атрымае дадатковае паведамленне з рэгістрацыйным нумарам. І атрымала. Каб атрымаць прыз, патрабавалася яшчэ перавесці 0,5 працэнта ад яго кошту. Дарэчы, ёй сказалі, што можна ўзяць аўто ці яго кошт грашыма. Даслала даверлівая дама і копію свайго пашпарта. Потым патрабавалася "чэкамі" перавесці 27 тысяч расійскіх рублёў. Прычым на новыя пытанні, якія ў яе ўзніклі, атрымала падрабязныя адказы. І, як высветлілася, гэта толькі пачатак... Потым дурылі галаву пра тое, што грошы атрымаюць у Маскве толькі наступнай раніцай. Тэлефанавала, але ніхто не адказваў. Зрэшты "добры прадстаўнік фірмы" сам ёй патэлефанаваў. У выніку патрабавалася яшчэ пералічыць працэнт ад сумы выйгрышу, таму што банк змяніў працэнтную стаўку за перавод грошай. Жанчына стала сумнявацца і патэлефанавала ў беларускі банк: ці можа быць такое? Можа! І перавяла грошы. Потым гаварыла з "фінансавым дырэктарам" кампаніі. І той пацікавіўся: ці ёсць у яе валютныя рахункі, каб перавесці прызавыя грошы. У выніку, зразумела, жанчына ніякіх грошай не атрымала і свае дарма патраціла. Не выключаецца, што ахвярамі махляроў стала значна больш людзей. У міліцыі нагадваюць, што нельга верыць нечаканым СМС-паведамленням пра выйгрышы. Ці выйграў хто насамрэч і атрымаў прыз? Наўрад ці. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пяць жыхароў Віцебска пацярпелі ад махляроў, атрымаўшы на свае мабільныя тэлефоны паведамленні пра тое, што могуць стаць уладальнікамі дарагіх аўто прэстыжнай...
|
|