Асвячоная вярба
22.07.2011
—
Новости Общества
|
Вітаючы ўваход Ісуса Хрыста ў Іерусалім, хрысціяне засыпалі дарогу галінкамі пальмы. У царкоўным рытуале, які склаўся ў Старажытнай Русі (часткова з-за кліматычных умоў) ролю пальмавых галін стала выконваць вярба, якая першай сярод нашых раслін абуджаецца ад зімовага сну. Таму ў гэты дзень неабходна прыходзіць у царкву з галінкамі вярбы, ад якой і з'явілася назва Вербнай нядзелі. Галінкі вярбы прыносілі ў царкву і асвячалі вадой. Лічыцца, што асвячоная вярба, якую неабходна захоўваць у хаце (за абразамі) на працягу года, будзе ахоўваць яе ад бедаў і нястач, адвядзе грымоты і маланкі, захавае здароўе, дабрабыт і поспех. Калі вярталіся з царквы, галінкамі сцёбалі ўсіх хатніх, але пачыналі з самых малых (тым самым ім перадавалі моц абуджанай прыроды — здароўе, рост, бадзёрасць) і казалі: "Не я б'ю, вярба б'е". Тых, хто праспаў ранішняе набажэнства, сцёбалі мацней. Лічылася, што такія дзеянні на ўвесь год засцерагалі ад хвароб, зганялі "доўгі" сон, спрыялі поспеху і дабрабыту. Усходнія славяне надзялялі вярбу здольнасцю аказваць дапамогу бясплодным жанчынам. У старажытныя часы жанчыны прыходзілі да вярбы і малілі яе даць ім доўгачаканых дзяцей. Дзевяць пупышак асвячонай вярбы клалі ў ваду, калі купалі хворае дзіця. З галінак вярбы рабілі адвары і настоі, якія ўжывалі пры захворваннях горла і страўніка. У Вербную нядзелю бабулі пяклі хлеб з пупышкамі асвячонай вярбы і давалі яго з'есці свойскай жывёле. Некалькі галінак утыкалі пад дахам хаты і хлява, каб жывёла не хварэла і вярталася дадому, не гублялася ў лесе. З галінкамі вярбы ішлі ў поле на засеўкі: "Свята Вярбніца сошкі правіць". На вясенняга Міколу (22 мая), калі ў начное выганялі коней, іх таксама сцёбалі асвячонымі галінкамі вярбы. У народзе верылі, што асвячоныя галінкі вярбы, якія вы кінеце супраць ветру, спыняюць буру; кінутыя ў полымя — спыняць пажар; уторкнутыя вакол поля — захаваюць пасевы ад грызуноў, граду і іншых непрыемнасцяў. Калі вы кінулі асвячоную галінку вярбы на зямлю, гэта лічыцца вялікім грахом і прадказвае бяду. Галінку трэба было падняць і спаліць у печы. Асвячоныя галінкі вярбы захоўвалі на працягу года, а затым спальвалі на прыпечку, а попел рассыпалі па градах. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вітаючы ўваход Ісуса Хрыста ў Іерусалім, хрысціяне засыпалі дарогу галінкамі пальмы. У царкоўным рытуале, які склаўся ў Старажытнай Русі (часткова з-за кліматычных...
|
|