А вы б змянілі сваю прафесію на больш запатрабаваную?
22.07.2011
—
Новости Общества
|
Да 2015 года амаль кожны трэці выпускнік дзяржаўных беларускіх ВНУ будзе мець дыплом інжынера-тэхнолага. Такія звесткі прыводзіць Міністэрства адукацыі. Плануецца рыхтаваць больш спецыялістаў па нанатэхналогіях, касмічнай тэхніцы, архітэктуры і будаўніцтве. Не зніжаецца патрэба ў праграмістах, менеджарах па продажах, а таксама ў прадстаўніках усіх будаўнічых спецыяльнасцяў. Але ж застаецца шмат прафесій, якія не ўваходзяць у гэты шэраг. Карэспандэнт "Звязды" пацікавіўся, што думаюць на гэты конт беларусы, ці змянілі б яны сваю прафесію на больш запатрабаваную? Юлія Дзенісюк, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю: — І так і не. Сёлета я скончыла Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і цяпер шукаю працу. Першая мая спецыяльнасць — лінгва-інфармацыйнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (сувязь з грамадскасцю), а другая — перакладчык-рэферэнт. Першай я вельмі задаволеная і хацела б працаваць у гэтай сферы. А вось другая мне не вельмі падабаецца. Калі б была магчымасць атрымаць новую прафесію, думаю, згадзілася б. Антаніна Шафарэнка, жыхарка в. Баравікі Светлагорскага раёна, індывідуальны прадпрымальнік: — Я вучылася на кандытара, а цяпер маю сваю справу. Таму працую не па спецыяльнасці. Давялося змяніць прафесію. Але я ўсё жыццё марыла быць сцюардэсай, хоць панічна баюся лятаць. Проста заўжды марыла паглядзець, як жывуць іншыя краіны, спасцігнуць іх культуру. Яўген Сапрычоў, электрык ААТ "Брэстсельмаш": — Мне падабаецца мая спецыяльнасць. І мяняць я яе не стаў бы. Ну патрэбны сёння адны прафесіі, а праз пяць гадоў спатрэбяцца іншыя. Вельмі сумна, калі чалавек будзе кожны дзень прымушаць сябе хадзіць на запатрабаваную, але нелюбімую працу. Калі ёсць справа, якая атрымліваецца, навошта шукаць чагосьці невядомага? Ганна Літвіновіч, вучыцца па спецыяльнасці "Садова-паркавае будаўніцтва": — Я паступіла ў мінулым годзе. Думаю, наўрад ці змяніла б сваё рашэнне, каб мела перад вачыма ў той момант спіс самых запатрабаваных прафесій. Садова-паркавае будаўніцтва абрала таму, што гэтая прафесія звязана з творчасцю. Генадзь Дзмітрыеў, фатограф з Пінска: — Калі я выбіраў сабе прафесію, зусім не думаў пра тое, прэстыжная яна ці не. Тады была проста цікавасць да фатаграфіі, захапленне ёй. Цяпер разумею, што спецыяльнасць змяняць не буду нават на самую запатрабаваную ў свеце. Ганна ГАРУСТОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 2015 года амаль кожны трэці выпускнік дзяржаўных беларускіх ВНУ будзе мець дыплом інжынера-тэхнолага. Такія звесткі прыводзіць Міністэрства адукацыі. Плануецца...
|
|