Раман Бродаў: "Доступ да валюты ва ўсіх суб'ектаў гаспадарання аднолькавы: валюта знаходзіцца за межамі нашай краіны"
04.08.2011
—
Новости Общества
|
Пра вынікі знешнегандлёвай дзейнасці Беларусі за першыя шэсць месяцаў 2011 года журналістам расказаў Раман БРОДАЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення знешняй эканамічнай палітыкі Мінэканомікі. Ён паведаміў, што за першае паўгоддзе сальда гандлю таварамі склала каля 4,5 мільярда долараў са знакам мінус, але папрасіў не экстрапаляваць гэтую лічбу на 2011 год у цэлым:
Наогул Раман Бродаў лічыць, што само па сабе адмоўнае сальда знешняга гандлю не з'яўляецца праблемным, а ў невялікіх памерах мае нават станоўчы эфект: — Шмат якія эканомікі, якія мы ўспрымаем як паспяховыя, маюць традыцыйна адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі: Вялікабрытанія — звыш 140 мільярдаў долараў са знакам мінус (аднак да ВУП гэта складае 6-6,5%), Францыя — каля 60-70 мільярдаў (да ВУП — 2-3%), Польшча — 6 мільярдаў са знакам мінус (меней за 1% да ВУП). Больш за тое, хачу сказаць, што адмоўнае сальда ў невялікіх памерах мае нават аздараўленчы эфект для эканомікі: для той эканомікі, якія развіваецца, гэта карысна. Таму прапаную глядзець не на абсалютныя лічбы, якія мы зафіксавалі па нейкім канкрэтным перыядзе, а на трэнды, якія складваюцца ў дынаміцы. А яны такія: у лютым сальда да ВУП было мінус 22%, а пачынаючы з лютага яно памесячна зніжалася і дасягнула ў маі 2,8% са знакам плюс. Нядрэнны вынік, пра які ўжо не раз узгадвалі. Разам з тым ён адзначыў, што ў чэрвені гэты трэнд трохі спыніўся, але на гэта ёсць свае прычыны — увоз аўтамабіляў і тэхнічнае пераўзбраенне на адным з нафтаперапрацоўчых заводаў, з-за чаго быў запаволены экспарт светлых нафтапрадуктаў. Дарэчы, калі казаць пра ўвоз аўтамабіляў з-за мяжы, то толькі за адзін чэрвень іх імпарт склаў каля 640 мільёнаў долараў. Раман Бродаў патлумачыў, што каб такую лічбу адпрацаваць у валюце, такому канцэрну як Беллегпрам неабходна працаваць на экспарт цэлы год. Якім жа будзе прагноз Мінэканомікі наконт сальда гандлю таварамі за год? Раман Паўлавіч лічыць, што не больш за мінус 5,7-5,9 мільярда долараў: — Мінэканомікі даволі-такі педантычна і акуратна падышло да гэтага пытання, мы вельмі асцярожна паглядзелі на кожную групу тавараў, на кожны напрамак, на кожны від, на вартасныя і фізічныя аб'ёмы, і наша ацэнка блізкая да таго, што вызначана ў прагнозе на 2011 год — 5,7-5,9 мільярдаў са знакам мінус. Экспарт вырас з-за дэвальвацыі Што тычыцца экспарту, то ў красавіку і ў маі ў Беларусі быў рэкордны аб'ём экспарту тавараў. Як адзначыў Раман Бродаў, такога экспарту тавараў ніколі не было за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі — больш за 3,5 мільярда долараў. Але ў чэрвені гэты паказчык знізіўся, а прычынай стала ўжо згаданае пераўзбраенне на нафтаперапрацоўчым заводзе: — І ў чэрвені мы б засталіся на тым жа ўзроўні, калі б не планавае пераўзбраенне НПЗ — экспарт у чэрвені склаў 3,35 мільярда долараў. Такім чынам, недзе 150 мільёнаў мы не дацягнулі да таго, каб застацца на рэкордным узроўні. Гэта добры вынік, які паказвае, што структурна эканоміка перабудоўваецца на экспарт у сваім дамінуючым значэнні. З паўгадавога сальда гандлю таварамі 67% было сфарміравана ў першым квартале, і толькі 33% — у другім. Гэта зноў паказвае на тое, што тэндэнцыя па яго мінімізацыі мае стабільны і прагназуемы характар. Пры гэтым ён пагадзіўся, што такі вялікі аб'ём экспарту быў дасягнуты дзякуючы праведзенай нядаўна дэвальвацыі: — Той фенаменальны аб'ём экспарту, які мы маем на працягу трох месяцаў, — гэта прамы вынік фактару дэвальвацыі. Мы праводзілі ацэнку праз апытанне і аналітычныя даследаванні наконт таго, як змяніліся планы суб'ектаў гаспадарання ў сувязі са зменай курсу валюты. І яны ацанілі дадатковы аб'ём экспарту ў памеры 6-6,5 млрд долараў па краіне за год. Гэта тыя дадатковыя аб'ёмы паставак, якія суб'екты бачаць у сувязі з тым, што змяніўся курс рубля. Але яшчэ больш важным паказчыкам Раман Бродаў лічыць перавышэнне тэмпаў росту экспарту над тэмпамі росту імпарту: — Па выніках 5 месяцаў мы канстатавалі, што ўпершыню за доўгі час тэмпы росту экспарту перавысілі тэмпы росту імпарту на 4,7 працэнтнага пункта. Павелічэнне гэтай вілкі захавалася і па выніках шасці месяцаў — гэты разрыў складае ўжо 8,7 працэнтнага пункта, — сказаў ён і дадаў, што такая тэндэнцыя назіраецца на ўсіх сегментах, незалежна ад геаграфічнай прыналежнасці. — Гэта добры вынік, які паказвае, што сітуацыя ў знешнеэканамічнай дзейнасці сапраўды стабілізуецца, што яна накіраваная на мінімізацыю сальда, а не на яго далейшае нарошчванне. Начальнік галоўнага ўпраўлення знешняй эканамічнай палітыкі Мінэканомікі выказаў думку, што па выніках года разрыў паміж тэмпамі росту экспарту і імпарту складзе ўжо 14 працэнтных пунктаў, што дасць магчымасць "закончыць год з добрым падмуркам для стабільнага і ўпэўненага пачатку 2012 года не толькі для суб'ектаў гаспадарання, але і самой макраэканамічнай сітуацыі ў краіне". Выказаўся Раман Бродаў і наконт так званага "валютнага голаду": — Мне могуць запярэчыць, што ўсе гэтыя тэндэнцыі дасягнуты ва ўмовах "валютнага голаду". Сапраўды, валютны рынак функцыянуе трошкі па іншаму, не так, як прывыклі суб'екты гаспадарання. Але хацеў бы не пагадзіцца з меркаваннем некаторых экспертаў, якія заяўляюць, што доступ да валюты абмежаваны або яго маюць не ўсе суб'екты гаспадарання. Доступ да валюты ва ўсіх суб'ектаў гаспадарання аднолькавы: валюта знаходзіцца за межамі нашай краіны. І ўменне працаваць на знешніх рынках, уменне прадаваць прадукцыю і зарабляць валюту — гэта найважнейшы індыкатар канкурэнтаздольнасці суб'екта гаспадарання, галіны ў цэлым. Іншая справа, што на працягу апошніх гадоў цяплічныя ўмовы нацыянальнай эканомікі, стабільны курс нацыянальнай валюты стваралі камфортныя ўмовы для працы менавіта на ўнутраным рынку. І любое змяненне гэтых умоў, безумоўна, вымушае суб'екты гаспадарання перабудоўвацца для працы на знешні рынак. Не ўсе з гэтым спраўляюцца. Можна папракаць дзяржаўныя арганізацыі ў непаваротлівасці, пасіўнасці, нават у недастатковай эфектыўнасці, але факт застаецца фактам — 85% валютнай выручкі краіны генерыруюць прадпрыемствы менавіта дзяржаўнай формы ўласнасці. Таму сваю задачу Мінэканомікі бачыць у тым, каб ствараць такія ўмовы, пры якіх будзе патрэбна і выгадна працаваць на знешнім рынку, пры якіх суб'екты гаспадарання будуць хацець выходзіць за межы нашай краіны і зарабляць валюту, мець доступ да яе, ажыццяўляць сваё развіццё. Павел БЕРАСНЕЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра вынікі знешнегандлёвай дзейнасці Беларусі за першыя шэсць месяцаў 2011 года журналістам расказаў Раман БРОДАЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення знешняй... |
|