Мужчынскія Гульні, або у «бой» ідуць толькі асы
04.08.2011
—
Новости Общества
|
Бачыць адно гэта — сапраўдная асалода. А ўжо якія прыгожыя гэтыя цацачныя сродкі перасоўвання, як грацыёзна яны рухаюцца, манеўруюць, як імгненна набіраюць вышыню! Убачыць такое атрымліваецца не часта. Хіба на спаборніцтвах. Нядаўна на ўскрайку Мінска прайшоў этап еўрапейскага кубка па "паветраным боі" мадэляў-копій самалётаў часоў Першай і Другой сусветных войнаў.
Калі мужчыны кіруюць аўтамабілямі, марскімі суднамі і баявымі самалётамі, гэта ўспрымаецца як належнае і, бадай, наўрад ці выклікае асаблівую цікавасць. Іншая справа, калі дарослыя дзядзькі, як дзеці, гуляюць з машынкамі, караблікамі ці самалёцікамі. Калі для іх гэта — спартыўны азарт. І мужныя твары асвятляе шчодрая дзіцячая радасць ад захаплення. Радыёкіруемыя мадэлі самалётаў на аэрадром у Баравую прывезлі аматары- канструктары з Масквы, Смаленска і Піцерскай Гатчыны, Кіева, Палтавы і Вінніцы, Кішынёва. Гэтая геаграфія, хай сабе і недалёкага замежжа, сведчыць, што захопленых стварэннем самалётаў на прасторах колішняй вялікай дзяржавы дагэтуль нямала. Але Беларусь лічыцца калыскай і лідарам нябесных спаборніцтваў-шоу. І па колькасці авіямадэлістаў таксама, а яны — з Мінска, Магілёва, Віцебска і Барысава. Удзельнікі "паветранага бою", як правіла, па адукацыі і абраных прафесіях — інжынеры альбо радыёэлектроншчыкі.Але дакладна, што ўсе яны выраслі з авіямадэльных гурткоў. Сваімі рукамі робяць свае паветраныя судны. І яшчэ — усе яны выдатныя знаўцы гісторыі сусветнага самалётабудавання. Кандыдат у майстры спорту барысаўчанін Віктар Трухан "хварэе" на маленькую авіяцыю з дзесяці гадоў. Самалёты робіць, лічы, на кухні. Ён — шматразовы чэмпіён Беларусі ў розных класах авіямадэляў. А ягоная копія-мадэль самалёта часоў Першай сусветнай вайны "Пфальц Е-5" стала пераможцам у паветраных баях з французскім "Ньюпардам", нямецкімі "Роландамі і "Фокерамі". У апошнім "баі" барысаўскі паветраны рыцар зведаў крушэнне і быў адпраўлены ў капітальны рамонт. На твары радыёпілота адбіўся сапраўдны сум. Хоць два дні перад гэтым ён быў непераможны. І было ад чаго расчуліцца. — Наша захапленне нятаннае. Пабудаваць мадэль вымагае шмат часу і ад 300 да 500 долараў у пераводзе на замежную валюту. Ды і паездкі на спаборніцтвы ў іншыя краіны абыходзяцца не меней за 200 долараў. Звычайна авіямадэліст вязе з сабою не менш за тры самалёты, — кажа бывалы "лётчык" Віктар Трухан і дадае: — Але галоўнае тое, што калі ты захварэў на самалёты, дык гэта назаўсёды. Самаму старэйшаму ўдзельніку спаборніцтваў, таксама барысаўчаніну, ідзе ўжо шосты дзесятак... Але азарт у Віктара Трусава — як у падлетка-пачаткоўца. Трэба толькі бачыць. І паветраныя баі трэба бачыць. Дзясятак самалётаў у невялікай прасторы, але на імгненнай хуткасці ганяюцца адзін за адным, імкнуцца пратараніць. Як правіла, за дзесяць хвілін ў нябеснай гонцы застаецца адно-два паветраныя судны. Яны і становяцца пераможцамі. Але ўзнагароды атрымліваюць радыёпілоты. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бачыць адно гэта — сапраўдная асалода. А ўжо якія прыгожыя гэтыя цацачныя сродкі перасоўвання, як грацыёзна яны рухаюцца, манеўруюць, як імгненна набіраюць вышыню!...
|
|