Zамор'е. 21.by

Zамор'е

13.08.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

120 гектараў... марыхуаны

Улады Мексікі абвясцілі аб выяўленні самай вялікай плантацыі марыхуаны ў гісторыі краіны. Плошча выяўленых пасеваў канопляў склала 120 гектараў.

Важнае адкрыццё вайскоўцы зрабілі пры патруляванні аднаго з пустынных раёнаў штата Ніжняя Каліфорнія. Знаходка была зроблена недалёка ад горада Сан-Квінцін. Памеры поля, акружанага "агароджай" з высокіх кактусаў і накрытага плёнкай (каб яго не ўбачылі зверху), здзівілі нават вопытных паліцэйскіх з упраўлення па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў — яго плошча склала... 1,2 тысячы квадратных кіламетраў. Гэта найбуйнейшая плантацыя марыхуаны, знойдзеная ў Мексіцы. На думку адмыслоўцаў, з яго планавалі сабраць ураджай коштам у 160 мільёнаў долараў.

Паліцыя і вайскоўцы цяпер высвятляюць імя ўладальніка наркаплантацыі, на якой працавала прыкладна 60 чалавек. Пры з'яўленні вайскоўцаў работнікі кінуліся бегчы. Некалькіх затрымалі на блокпастах, аднак афіцыйныя абвінавачванні ім не прад'яўленыя. Плантацыя наркагандляроў была забяспечана ўласнай інфраструктурай: для "абслуговага персаналу" былі зроблены сучасныя туалетныя кабінкі з фаянсавымі ўнітазамі.

Знойдзеная плантацыя будзе ліквідаваная. Урад Мексікі заявіў, што знішчэнне гэтай плантацыі марыхуаны стане сур'ёзным ударам па арганізаванай злачыннасці ў краіне. Дарэчы, марыхуана з'яўляецца адной з асноўных крыніц прыбытку для мексіканскай наркамафіі. Толькі ў мінулым месяцы паліцыя затрымала рэкордную партыю наркотыку, прызначаную для перапраўкі ў ЗША: арыштавана было прыкладна 148 тон.

8 метраў Мэрылін

У ліпені ў Чыкага была ўсталявана васьміметровая скульптура "Мэрылін назаўжды" скульптара Сьюарда Джонсана — своеасаблівае ўшанаванне памяці славутай актрысы Мэрылін Манро. Помнік у цэнтры горада выклікаў вялікі ажыятаж сярод мясцовых жыхароў і турыстаў, хоць спадабаўся далёка не ўсім.

"Вялікая Мэрылін" — а постаць мае вышыню амаль 8 метраў і вагу больш як 15 тон — стаіць на рашотцы чыкагскага метро, каля будынка гарадскога суда. Для скульптуры аўтар абраў, бадай, самую вядомую позу актрысы з эпізоду кінастужкі "Сем дзён жадання" (1955), калі плынь паветра з рашоткі вентыляцыйнай сістэмы нью-ёркскага метро ўзняла спадніцу белай плісіраванай сукенкі галоўнай гераіні. Каб нагадаць пра шарм, што вызначаў самую вядомую бландзінку свету, скульптар "падарыў" статуі адценне скуры Мэрылін Манро, яе ярка-чырвоную памаду, манікюр з педыкюрам і нават бялюткую карункавую бялізну.

Адразу пасля адкрыцця помніка Мічыган-авеню адчула ўзмоцненую турыстычную нагрузку, а сама скульптура стала ў адзін шэраг з галоўнымі адметнымі мясцінамі Чыкага, і цалкам магчыма, што стане найбольш папулярнай з іх. Пакуль жа, мяркуючы па публікацыях у мясцовай прэсе, "Вялікая Мэрылін" будзе красавацца ў Чыкага да вясны наступнага года.

Жывыя бірулькі

Гэта жорстка, але факт: у Кітаі вы можаце набыць маленькую чарапашку або пару рыбак, якія плаваюць у невялікай, герметычнай пасудзіне. Жывыя жывёлы, змешчаныя ў падфарбаваную ваду — гэта не што іншае, як бірулька для ключоў.

Прадаўцы сцвярджаюць, што ў вадзе ёсць "пажыўныя рэчывы", сілкуючыся якімі малюсенькія чарапашкі або рыбкі могуць пражыць цэлых некалькі месяцаў! Нават калі б гэта было праўдай, то адсутнасць кіслароду і цесната ўсё роўна павольна заб'юць іх. На жаль, такі гандаль не забаронены кітайскім заканадаўствам, і гэтыя бірулькі прадаюцца абсалютна легальна.

Яшчэ адзін папулярны ў Паднябеснай здзек з прыроды — манія штучнага афарбоўвання жаб. Таварыствы па абароне жывёл у Кітаі бесперастанку б'юць трывогу, але прадпрымальнікі ў пагоні за прыбыткам ігнаруюць усе забароны і папярэджанні. Натуральная афарбоўка жаб здалася камусьці недастаткова вясёлай, таму невядомы дызайнер вырашыў дадаць некаторую яркасць у задуму прыроды. З дапамогай розных прылад, у тым ліку лазераў, скуру земнаводных насычаюць вялікай колькасцю хімічных рэчываў.

Яркія колеры, калі верыць гарантыі вытворцы, трымаюцца на скуры жаб ад 4 да 5 гадоў. На жаль, толькі нямногія людзі разумеюць, што такія дозы хімічных рэчываў смяротныя для жаб. Эксперты заяўляюць, што ахвярамі моды сталі тысячы трапічных жаб.

Схадзіце на п'есу паспаць

Звычайна сон падчас спектакля — выразнае сведчанне правалу пастаноўкі, але ў выпадку з лонданскім тэатрам Bаrbісаn усё наадварот, гэта абазначае, што шоу мела надзвычайны поспех. П'еса "Калыханка" закліканая ўсыпіць гледачоў да таго, як пачнецца заключны акт.

Гасцям рэкамендуецца прыбыць у тэатр а 22-й гадзіне, не забыўшыся прыхапіць з сабой піжамы і зубныя шчоткі, бо ў тэатры яны правядуць усю ноч. Замест крэслаў у глядзельнай зале ўсталяваныя ложкі на адно, два і нават тры спальныя месцы, так што гледачы могуць атрымаць асалоду ад сну ў гордай адзіноце або раздзяліць задавальненне ад паказу шоу з сябрамі ці сваякамі.

Як толькі публіка пераапранаецца ў піжамы і займае загадзя забраніраваныя ложкі, у зале гасне святло, а на сцэне, падсвечанай шэрымі промнямі, пачынаецца нетаропкая дзея. Яна ўключае спевы і гульню акцёраў, якія часцяком чуюць храп замест апладысментаў, паколькі шоу завяршаецца ў гадзіну ночы. Аднак у гэтым выпадку акцёры лічаць, што яны вельмі добра папрацавалі. Раніцай, а палове восьмай, уключаецца святло, і гледачы атрымліваюць класічны брытанскі сняданак, перш чым адправіцца дадому. Аўтар "Калыханкі" Сайман Касан сцвярджае, што ідэя шоу прыйшла ў яго галаву пасля таго, як сам ён засынаў падчас прагляду фільмаў "Уладар пярсцёнкаў" і "Олівер".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
8 метраў Мэрылін У ліпені ў Чыкага была ўсталявана васьміметровая скульптура "Мэрылін назаўжды" скульптара Сьюарда Джонсана — своеасаблівае ўшанаванне...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика