Горкая асіна?. 21.by

Горкая асіна?

16.08.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нашы далёкія продкі не любілі і называлі заклятым гэтае дрэва. Яно ж, наперакор такой несправядлівасці, вельмі шчодрае да людзей

Прысеў крыху на задумлівым ускрайку лесу, каб спачыць, бо ад спякоты, якая стаіць увесь дзень, навокал разлілася млявасць, якая ахапіла і мяне. А тут цень, прыемная прахалода, яна ідзе ад дрэў, кустоў, травы, што застылі ў маўклівай нерухомасці.

Раптам нешта лёгка затрымцела ўверсе. Потым разышлося нейкае палахлівае шапаценне, якое парушыла навакольную цішыню. Я сяджу і ўважліва слухаю гэтае прыемнае трымценне. Гляджу ўверх: так і ёсць, свавольнік ветрык нетаропка перебірае лісце на галінах асіны, быццам вядзе з імі гульню. Кожны лісцік ад такого пяшчотнага дотыку ветрыку злёгку ўздрыгвае, і ўжо ўся вершаліна дрэва трывожна закалацілася.

Ну што тут асаблівага, скажаце вы, паважаныя чытачы. Асіна, як вядома, адразу дрыжыць, як толькі яе кране самы слабы вецярок. Навука нават тлумачыць такую з’яву тым, што чарашкі лісцяў гэтага дрэва сплюшчаныя ў верхнім канцы, яны такія рухомыя, што дастаткова лёгкага ветрыку, каб ажывіліся.

Што ж, гэта па навуцы, і ёй трэба верыць. Між тым людзі ў глыбокай старажытнасці па-свойму тлумачылі такое, можна сказаць, палахлівае трымценне асіны, якое ўласціва толькі ёй. Па біблейскай легендзе з даўніх часоў за ёй замацавалася непрыгожая назва «іудзіна дрэва». Маўляў, на асіне павесіўся Іуда Скарыёт пасля таго, як здрадзіў Ісусу Хрысту. Так і засталася аб гэтым дрэве ганебная памяць, і дрыжыць асіна ўсё свае жыццё, быццам праклятая людзьмі...

Вялікая несправядлівасць была ў такіх адносінах да асіны. Бо яна, не зважаючы на такую людскую няміласць, дае нам шмат дабра, карысць ад яе ў народнай гаспадарцы неаспрэчная і вялікая. Разам з альхой і бярозай яна заўсёды першая пры засяленні новых мясцін. Ёй вельмі да спадобы вырубкі, участкі пасля лясных пажараў, запушчаныя пахаці. Прычым, што надзвычай важна, сваё ўладанне пашырае смела і вельмі хутка. Тут прырода аднеслася да асіны мудра і клапатліва. Па-першае, асіна дае шматлі­кае патомства. Убачыш іншы раз вакол моцнага, дарослага дрэва мноства малых, тоненькіх асінак і падумаеш: ну зусім як у добрай клапатлівай маці, якая вельмі любіць дзяцей і ўсяляк стараецца мець вялікую сям’ю. Па-другое, асіна — хуткарастучая парода. Дасягне 40 гадоў — і ўжо прыгодная для лесанарыхтовак. На жаль, асіну лёгка і хутка бярэ гніль. Таму беларускія вучоныя-лесаводы настойліва працуюць над вывядзеннем яе новых парод.

У беларускіх лясах асіна па займаемай плошчы ідзе адразу за дубам. Без яе проста немагчыма вытворчасць запалак. З яе драўніны рыхтуюць запалкавую саломку, яна добра прапітваецца, дае роўнае полымя і зусім не капціць. Я пацікавіўся ў дырэктара Пінскай запалкавай фабрыкі Паўла Прывальчука, колькі ж асіны ідзе для гэтых патрэб?

— Кожны месяц наша прадпрыемства выкарыстоўвае 1700 кубаметраў асіны, — расказвае ён. — У год гэтая лічба дасягае 20—21 тысячы кубаметраў (столькі патрэбна, каб кожныя суткі выпускаць 2,5—2,8 мільёна карабкоў запалак). Бярэм асіну па ўсёй Беларусі, яе, дзякуй нашай прыродзе, хапае, бо вельмі хутка расце.

Барысаўская запалкавая фабрыка штогод спажывае 15 тысяч кубаметраў асіны.

Развіццё хіміі выклікала яшчэ большую практычную патрэбу ў асіне, бо яна — сыравіна для атрымання тлустых кіслот, вітамінаў, хларафілу і іншых рэчываў. Народныя лекары эфектыўна выкарыстоўваюць почкі і лісце гэтага дрэва супраць запалення ў арганізме, каб зняць боль... Ну а для такіх каштоўных у паляўнічых промыслах звяроў, як лось, алень, касуля, зайцы дык без асінавай кары і лісцяў, вобразна кажучы, і стол не стол, да таго смачны гэты корм.

Раней у беларускіх вёсках ніводная гаспадарка не магла абыйсціся без кашоў, сплеценых з моцных асінавых прутоў. Ды што кашы. Памятаю, як у нашай вёсцы пасля вайны адмысловыя мужыкі-бандары рабілі асінавыя бочкі. Як вы думаеце для чаго? Для журавін, якіх у навакольных балотах было тады процьма. Яшчэ да пачатку сезона на гэтыя ягады мноства бочак было гатова. Ах, якія бочкі, ну проста мастацкія вырабы, ды й годзе. Драў­ніна асіны лёгкая, добра паддаецца апрацоўцы, вось і выстаўлялі нашы мужыкі цэлыя «батарэі» цудоўных бочак. Яны былі чыстыя-чыстыя, аж свяціліся сваёй бялізной. Паміж клепкамі — не дай бог, каб хоць прыкметная шчыліна, быццам уся бочка цалкам вытачана з аднаго суцэльнага ствала. Скупыя на пахвалу вясковыя мужыкі дасціпна ацэньвалі на вока хараство гэтага «тавару». «Бочка, як сонца» — такое параўнанне азначала самую высокую якасць, трываласць і прыгажосць.

Потым прыязджалі «купцы», спрабавалі знайсці ў той ці іншай бочцы загану, але ж мужыкі іх дружна «аса­джалі», маўляў, можаце не браць, мы павязём бочкі ў Бярозу ці Драгічын, там іх у нас вырвуць з рук, а куды ж будзеце ссыпаць журавіны?

«Купцы» адразу «мягчэлі», бо добра разумелі: такія рэчы на базары ў выхадныя дні разыйдуцца, як вокам глянуць і што ты іх упусціў — такога начальства спажыўсаюза табе не даруе. Журавіны ж прападуць. Гандаль канчаўся тым, што мужыкам плацілі такія мізэрныя грошы, ад якіх было вельмі крыўдна. Але ў цяжкія пасляваенныя гады і гэта быў нейкі заробак, тым больш што разлік рабіўся тут жа, на месцы. Грузавікі, набітыя выгадным для «купцоў» таварам, пакідалі нашу вёску, а сялянскія двары быццам трацілі крыху сонечнага святла, якое жыло ў цудоўных вырабах таленавітых бондараў. Дзесьці я чытаў, што ў даўнія часы рыбакі дзяўблі з цэлага ствала асіны чаўны, вельмі лёгкія і зручныя, імі добра было карыстацца.

Што яшчэ можна дадаць? Многія з нас не раз паспыталі грыбную ўдачу ў асінавым лесе. Быццам спяшаючыся абрадаваць людзей, падасінавікі першымі выглядваюць на свет у жніўні. Крэпкія, свежыя, з прыгожымі чырвонымі шапкамі, яны любяць мясціны каля адзінокіх, часцей за ўсё старых асін.

Вось вам і дрэва з горкім лёсам. А тое, што асіна нават пры слабым ветрыку ажывае і лёгка, з нейкай тугою і смуткам трымціць, — ну, што ж, так, відаць, ёй наканавана прыродай. Але ж і ў гэтым незвычайным шолаху ёсць свая чароўнасць, пяшчота і вабнасць, якія цешаць нашы душы. Іншы раз і хвалюе, і нічога дрэннага ў тым няма...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашы далёкія продкі не любілі і называлі заклятым гэтае дрэва...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика