Дах падлатаюць, усе выплаты маці і сыну — без парушэнняў
20.08.2011
—
Новости Общества
|
З цэлым "стосам" разнастайных пытанняў патэлефанавала на "гарачую лінію" нашай газеты жыхарка вёскі Мацькаўцы Вілейскага раёна. Пачала з галоўнага. — Жывем мы ў колішнім васьмікватэрным двухпавярховым саўгасным доме. Наша кватэра — якраз на другім паверсе. І вось мы не можам дабіцца, каб нам адрамантавалі дах. Там увесь шыфер стары, ён у шчылінах, і нам у прамым сэнсе слоў цячэ на галаву. Прычым ужо даўно. Маёй пенсіі, каб адрамантаваць той дах, не хопіць. А гаспадарка, на чыім балансе знаходзіцца дом, адмаўляе ў дапамозе. Неаднойчы былі розныя камісіі, адказваюць, што ўвесь дом — у аварыйным стане. Але галоўнае, дзве кватэры ў ім прыватызаваныя, таму, маўляў, нічога зрабіць мы не можам, — даводзіла нам сутнасць сваёй праблемы заяўніца. Другое пытанне жанчыны датычылася індэксацыі. "Я на льготнай пенсіі, тым не менш працую даяркай. Дык вось, усім работнікам выплачваюць індэксацыю, а мне — не. Чаму? Хіба пенсіянер не чалавек?" — абуралася жыхарка вёскі. Нарэшце, яна выказала прэтэнзіі па аплаце працы сына за ліпень, які таксама працуе ў гаспадарцы. Расказала, што сам ён — кіроўца, аднак мае і спецыяльнасць газаэлектразваршчыка. Калі ён стаў на рамонт, галоўны інжынер гаспадаркі папрасіў яго, каб, акрамя зварачных работ на сваёй машыне, дапамагаў са зваркай і іншым. Маўляў, аплацім. І той, па словах маці, дапамагаў з гэтай працай, калі ў майстэрню прыязджалі на рамонт трактары. А як надышоў час, сын убачыў у табелі толькі аплачаныя гадзіны за рамонт. Зварачныя работы нідзе не былі ўлічаны... Па першым пытанні заяўніцы тлумачэнні даў старшыня камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Стайкі" Уладзімір ЛУЧАНОК. — Мы неаднаразова, разам з прадстаўнікамі сельскага Савета, сустракаліся з жыльцамі названага дома, у тым ліку там прысутнічала і ваша заяўніца. Нягледзячы на аварыйнасць будынка, мы паабяцалі насельнікам: як толькі скончыцца жніво, за кошт гаспадаркі мы памяняем тыя некалькі лістоў шыферу на даху. Зразумейце, зараз проста трохі не да таго, трэба тэрмінова выконваць галоўныя работы. Тым больш што яны сапраўды набліжаюцца да завяршэння, думаю, недзе праз тыдзень атрымаецца заняцца агучанай праблемай. І ўсе жыльцы дома зразумелі нас. Навошта ў чарговы раз было скардзіцца, калі ўжо дасягнута паразуменне, шчыра скажу, не разумею, — сказаў Уладзімір Міхайлавіч на наш запыт. На астатнія два пытанні дапамагла знайсці адказы галоўны эканаміст гаспадаркі Вольга КАЖУРА. Яна распавяла, што жанчына сапраўды на льготнай пенсіі. Гэта азначае, што некалі яна працавала трактарыстам, аднак, хоць механізатарскага стажу ў яе і не хапіла, паколькі працавала яшчэ і даяркай, пайшла на пенсію ў 50 гадоў. З 4 красавіка яе часова ўзялі на працу даяркай — на ферму ў вёсцы, дзе пражывае. — У нашым калектыўным дагаворы запісана, што індэксацыя належыць толькі членам прафсаюза. Часова прынятым на працу і нечленам прафсаюза яна не выплачваецца. Таму ваша заяўніца яе і не атрымала, прычым на цалкам законных падставах. Мы нават спецыяльна кансультаваліся па гэтым пытанні ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, — распавяла Вольга Эдуардаўна. Звязаўшыся з галоўным інжынерам гаспадаркі, на якога спасылалася заяўніца, суразмоўца патлумачыла і сітуацыю са зварачнымі работамі, якія выконваў сын жанчыны. — Было такое толькі аднойчы, 3 ліпеня, на Дзень незалежнасці. Стаяў на рамонце комплекс "Палессе", таму хлопца ўзялі з дому. За гэты дзень у табелі ў яго стаіць восем працоўных гадзін, акрамя таго ў двайным памеры была налічана заработная плата, — праінфармавала рэдакцыю Вольга Кажура. — Усяго за ліпень у сына вашай заяўніцы — 130 гадзін, праведзеных на рамонце. За асобныя дні ў табелі стаіць нават па дзесяць гадзін. За рамонт налічана 170 тысяч рублёў, за перапрацоўку гадзін — 50.230. У хлопца было 14 пуцёвак, гэта яшчэ 390.580. Даплата за шкодныя ўмовы працы складае 44.220. У разлік за ліпень была ўключаная індэксацыя за чэрвень — 117.738. Усяго за 27 працоўных дзён налічана 782.936. Даплату як маладому спецыялісту юнаку мы плаціць не павінны, бо ён не паехаў па размеркаванні, а ўладкаваўся да нас у гаспадарку. Няма ў яго пакуль і класнасці. Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З цэлым "стосам" разнастайных пытанняў патэлефанавала на "гарачую лінію" нашай газеты жыхарка вёскі Мацькаўцы Вілейскага раёна. Пачала з галоўнага.
|
|