Па жыцці — са скрыпкай!. 21.by

Па жыцці — са скрыпкай!

23.08.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Не толькі фабрычнай, але і зробленай уласнымі рукамі

Ужо шмат гадоў 91-гадовы смаргонец Уладзіслаў Будзько кожную раніцу распачынае з... ігры на скрыпцы. І гэтак жа ён звычайна дзень і завяршае. Прычым інструмент у яго не фабрычны, а ўласнай вытворчасці. Такіх, розных па гучанні, але зробленых ім самім скрыпак ва Уладзіслава Іванавіча ажно чатыры.

Калі карэспандэнт "Звязды" падышоў да хаты Уладзіслава Будзько па вуліцы Кірава ў Смаргоні, скрыпічны майстар быў на падворку, нешта рабіў па гаспадарцы. Ужо потым даведваюся, што, нягледзячы на паважаны ўзрост, гаспадар сёлета не толькі сам прапалоў бульбу, але і атрымаў ад скошанага бульбавення чатыры вядры попелу для падкормкі ўчастка. Во дае! Але наша размова — пра музыку, скрыпкі. Уладзіслаў Іванавіч запрашае ў хату і апавядае, адкуль у яго, чалавека, які ўсё жыццё працаваў на зямлі і ніколі не вывучаў нотнай граматы, не мае ніякага музычнай адукацыі, такое захапленне.  

"Вінаватыя" у гэтым, аказваецца, калядоўшчыкі, якія ў гады ягонага дзяцінства на суседняй Ашмяншчыне хадзілі па вёсцы ўпрыгожым святочным адзенні. Адзін з трох калядоўшчыкаў іграў на скрыпцы. 12-гадовы Уладзік быў так уражаны чароўнымі гукамі дагэтуль невядомага яму інструмента, што хадзіў за музыкам па ўсёй вёсцы, не думаючы пра калядныя прысмакі, а толькі пра скрыпку: "Вось бы і мне такую". Але дзе там ... Фабрычная скрыпка тады, "за польскім часам" каштавала проста шалёных грошай, параўнальных ледзь не з цаной каровы. А фондаў падтрымкі творчых здольнасцяў моладзі ў тыя часы не было.

Вось тады Уладзік Будзько і паспрабаваў сам ажыццявіць сваю мару. І ён зрабіў скрыпку. Зразумела, такой, як у калядоўшчыкаў, яна атрымацца не магла — па сутнасці, гэта была дошчачка з нацягнутымі струнамі і насечкамі для пальцаў. З гэтым інструментам Уладзік стаяў і слухаў, як іграюць музыкі на вяселлях, запамінаў мелодыі, а затым спрабаваў іграць і сам. Слухачоў не запрашаў, хіба што суседскага хлопца, з якім разам пасвілі кароў. Праўда, аднойчы ля стога саломы яго заспеў за гэтым заняткам бацька. Пастаяў, паківаў галавой, не даў прачуханкі, што не тое робіць, але і не пахваліў. А потым ...

Той дзень для Уладзіслава Іванавіча — адзін з самых шчаслівых у яго жыцці. Бацька вярнуўся з кірмашу і кажа сыну: "Ты еў сёння? Не? Дык ідзі да стала". Хлопец падыходзіць, а там — нешта накрытае рушніком. Думае, хлеб і сала. Адкрывае: скрыпка! А бацька ўсміхаецца. Аказваецца, яму на кірмашы пашанцавала не надта і дорага купіць у адной жанчыны гэты не самаробны, а сапраўдны фабрычны інструмент, які застаўся ёй пасля памерлага мужа.

Тады, узгадвае Уладзіславаў Будзько, і пачаліся ягоныя "канцэрты" — на вясковых вяселлях, танцах. Спачатку — удваіх, разам з гарманістам. А пасля вайны ўжо нават у складзе сапраўднага ансамбля, дзе, акрамя скрыпкі і гармоніка, былі таксама кларнет, бубен і труба. Гэту, кажучы па-сучаснаму, фальклорную групу (усё ж народнае, ад прадзедаў!) шанавалі не толькі ў роднай, але і ў навакольных вёсках, нават у суседнюю Літву на вяселлі запрашалі. Такой была музычная "кар'ера" скрыпача-самавучка, калгаснага палявода Уладзіслава Будзько.

У Смаргонь, бліжэй да дзяцей, яны з жонкай пераехалі ўжо пенсіянерамі. Скрыпка, якую падараваў бацька, на жаль, не захавалася, але Уладзіслаў Іванавіч не стаў збіраць грошы на новую, вырашыў зрабіць сам. Бо вопыт у яго ўжо быў, ды і рукі не роўня дзіцячым. Праўда, доўга шукаў патрэбны матэрыял, нават на дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў быў, пакуль нарэшце не пачуў жаданыя гукі ад бервяна падчас... колкі яго сякерай. Вось яно, тое, што трэба! А потым падабраў іншую драўніну і — за працу. Умовы, зразумела, не як на фабрыцы музычных інструментаў, яго абсталяванне — гэта нож, рубанак, свердзёлак... А асноўная сыравіна — елка, клён і ляшчына.

Зрабіў адну скрыпку — узяўся да другую, потым яшчэ... Адну з мадэляў, якая па форме нагадвае мандаліну, Уладзіслаў Іванавіч убачыў у сне. Такой, кажа, і вырабіў. Дазваляе ён сабе і пэўныя, так бы мовіць, навацыі ў скрыпічнай справе. Аднойчы, калі іграў у мясцовай музычнай школе, у яго пацікавіліся, чаму ў скрыпкі не чатыры, а пяць струн. Аказваецца, дзве струны аднолькавыя спецыяльна — каб было больш гуку.

...Уладзіслаў Будзько бярэ сваю любімую скрыпку, і гучыць марш, які ён калісьці граў на вясковых вяселлях. А потым — мелодыя, пачутая ім, можа, у дзяцінстве ад таго музыкі — калядоўшчыка ў прыгожым строі.

— Скрыпка для мяне — як сяброўка, я з ёй быццам размаўляю і ўсё жыццё пытаюся, што ж у яе гуках, — кажа на развітанне Уладзіслаў Іванавіч. — А яна мне адказвае: "Усё ёсць, толькі не лянуйся шукаць".

Барыс ПРАКОПЧЫК.

г.Смаргонь.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не толькі фабрычнай, але і зробленай уласнымі рукамі Ужо шмат гадоў 91-гадовы смаргонец Уладзіслаў Будзько кожную раніцу распачынае з... ігры на скрыпцы. І гэтак жа...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика