Зямля бясцэнная
23.08.2011
—
Новости Общества
|
Для чалавека зямля заўсёды была надзейнай апорай і мела вялікую каштоўнасць. Але з калектывізацыяй усё змянілася. У Беларусі адбылася кадастравая пераацэнка кошту зямельных участкаў у населеных пунктах. Ці змянілася ў сувязі з гэтым адносіны людзей да зямлі? Ці набыла яна рэальную цану? Калі ў дзевяностыя гады я выкупіў свае 20 сотак, то цана на іх была сімвалічная, а пасля кадастравай пераацэнкі яна вырасла, хоць і не вельмі. Кадастравая пераацэнка зямлі паўплывала на зямельныя падаткі, кошт прыватызацыі ўчасткаў і стаўку арэнды зямлі.Кошт зямлі на прысядзібных участках у некаторых рэгіёнах вырас у разы. Усё залежыць ад таго, дзе зямля знаходзіцца, якія камунікацыі да ўчастка падведзены і г. д. Калі ўчасткі знаходзяцца ў зоне буйных гарадоў, то і цана на зямлю там вельмі высокая. У Брэсце за ўчастак (25 сотак) з падмуркам для дома просяць 50 тысяч долараў. А ў прыгарадзе Брэста 6,3 соткі, таксама з падмуркам, прадаюцца за 8 тыс. долараў. Калі зямля знаходзіцца побач з зонай адпачынку ці запаведнікам, то кошт яе ўзрастае. Напрыклад, за ўчастак у 25 сотак каля возера Нарач (в. Лагавіны) спадзяюцца атрымаць 18 500 долараў. Але гэта рынкавая цана. Раней чалавек мог купіць толькі хату, а цяпер можа ўжо набыць і соткі па цане, якая ўказана ў рэестры. Кадастравая пераацэнка адбылася, але яна прынцыпова нічога не змяніла, бо сельскагаспадарчыя ўгоддзі па нашых законах не могуць прадавацца. Ды не толькі яны. У прыватную ўласнасць не могуць перадавацца землі прыродаахоўнага, аздараўленчага прызначэння... З аднаго боку — зямлю ў прыватнай уласнасці можна мець (вось у мяне 20 сотак), а з іншага — свабоднага абароту зямлі няма. Юрыдычная асоба можа атрымаць зямлю на 99 гадоў у арэнду і толькі. Напрыклад, фермер, які зямлю прывёў да ладу, як кажуць, уклаў у яе душу, на старасці можа яе толькі перадаць дзецям. А калі дзяцей няма ці яны аддзяліліся ад бацькоў? Фермер з в. Балота (Кобрынскі раён) прадае гаспадарчыя пабудовы (жывёлагадоўчую ферму, цэх з піларамай, камунікацыі) за 600 млн рублёў, а вось зямлю пакупніку неабходна будзе браць у арэнду. Акрамя гэтага, даводзілася чуць, як кіраўніцтва аднаго райвыканкама пагражала фермерам. Маўляў, калі ўраджай у вас не будзе сярэднім па раёне, то зямлю забяром. Але ж у суседнім СВК ураджай той меншы, чым у фермера. Такі выбарчы падыход сведчыць, што ў аграпрамысловым комплексе прыватнік усё яшчэ пасынак. І нягледзячы на тое, што ў некаторых раёнах многія хацелі б узяць зямлю, яны не маюць такой магчымасці. У гэтым плане вылучаецца Столінскі раён. Дарэчы, на 1 га ворыва тут прыпадае больш за 50 чалавек — гэта самы высокі паказчык не толькі на Брэстчыне. Людзі хочуць зямлі, а свабоднай няма. Практычна ўся зямля знаходзіцца ва ўласнасці СВК, а яны зямлю не аддаюць. Ад іншага сельгаскааператыва і карысці мала, але там працуюць людзі. У раёне адна трэцяя частка гаспадарак не можа пахваліцца ўраджаямі, ды і ў большасці з іх не б'юць рэкорды. Распусціць заняпалы сельгаскааператыў і перадаць (прадаць) зямлю людзям можна было б, але ў райвыканкаме кажуць: "Не мы іх стваралі — не нам іх распускаць". Хто ствараў калгасы гвалтам — тых даўно няма, але ж жыццё не стаіць і час прымусіць паставіць усё на сваё месца. У такіх вёсках, як Альшаны ці Рубель, са свабоднай зямлёй праблема, але яна ёсць на тэрыторыі іншых гаспадарак. Толькі вось пераязджаць людзі не хочуць. На Століншчыне даводзілася бываць неаднаразова, і кожны раз людзі скардзіліся на адсутнасць зямлі. Калі так, то чаму б не пераехаць на тэрыторыю суседняга раёна? Але ў чалавека "жалезны" аргумент: "Мае бацькі тут жылі і дзяды, то чаму я павінен кінуць хату і ўсё пачынаць нанова?" Я толькі хачу спытаць, а дзе зямлю ўзялі былыя калгасы (сённяшнія СВК)? Яе забралі ў бацькоў і дзядоў, чыя нашчадкі просяць сёння зямлю — сваю зямлю. Яны на яе маюць поўнае маральнае права. Але людзі не патрабуюць, а просяць. Можа, многія нават і купілі б гектар-другі, толькі вось бяда: зямля ў нас яшчэ не мае цаны. Трэба адзначыць, што не ва ўсіх рэгіёнах такія ж адносіны да зямлі, як на Століншчыне. На Радзівілаўскай градзе пад Нясвіжам раскінуліся землі агракамбіната "Сноў", і тут няма такой прагі да зямлі. Людзі працуюць на агракамбінаце, атрымліваюць прыстойную па нашых мерках зарплату, і ў іх няма жадання "рваць жылы" на сваім надзеле. Аналагічная сітуацыя на тэрыторыі іншых трывалых гаспадарак — там у фермеры не вельмі імкнуцца. На мой погляд, патрэбен дыферэнцыяльны падыход. Калі ў нейкім раёне, дзе ў людзей няма заробку, а ёсць жаданне працаваць на сваёй зямлі, то трэба яе даць з зямель сельгаскааператываў, а дзе такой праблемы няма, то і пытанне адпадае. Сусветная практыка паказвае, што хоць сельская гаспадарка і адыгрывае важную ролю ў эканоміцы, але яна не можа быць яе лакаматывам. Наша сельская гаспадарка выглядае на фоне расійскай больш эфектыўна, але гэта дзякуючы, найперш, дзяржаўнай датацыі. Фінансавыя ўліванні ў аграпрамысловы комплекс у нас вялікія. Але ці такая ж вялікая аддача? Колькі нам прынесла сельская гаспадарка валюты, мы ведаем, а вось колькі грошай было ўкладзена у яе, колькі трыльёнаў спісалі, адтэрмінавалі... то тут з арыфметыкай узнікаюць цяжкасці. А жыццё нас прымусіць лічыць. У нашых суседзяў палі ператварыліся ў сенажаці. У Літве каля 30-40% былога ворыва не апрацоўваецца, закінуты многія палі і ў Расіі. Гэтая зямля не апрацоўваецца з-за нізкай бальнасці. Які сэнс яе засяваць, калі ў зямлю ўкладваецца больш, чым яна можа вярнуць. У былым Саюзе ўсё заворвалі, цаліну падымалі, а збожжа закуплялі за мяжой. Расія сёння яго экспартуе, хоць Смаленшчына, Пскоўшчына... зараслі хмызняком. Калі на Кубані можна з гектара ўзяць 70 ц, то гэтым ўсё сказана. Спрэс датаваць сельскую гаспадарку ў нас ужо не атрымліваецца. Магчыма, зямлю некаторых стратных гаспадарак давядзецца перадаць (ці прадаць) прыватніку. І на гэты працэс трэба глядзець спакойна. Калі ў палескай зоне дрэнна расце збожжа, то няхай людзі закладваюць плантацыі журавін, чарніц, буякоў... і цана гэтай зямлі рэзка вырасце — яна будзе даваць прыбытак. Спасылкі на тое, што ў нас няма гаспадара, што не кожны можа быць фермерам, не выдуманая, але так не можа быць вечна. Калі чалавек жадае стаць гаспадаром, то трэба яго падтрымаць. Фінансава-эканамічны крызіс прымусіць гэта зрабіць. Сымон Свістуновіч. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для чалавека зямля заўсёды была надзейнай апорай і мела вялікую каштоўнасць. Але з калектывізацыяй усё змянілася. У Беларусі адбылася кадастравая пераацэнка...
|
|