Алег Праляскоўскі: «Праблемы атрымання альтэрнатыўнай інфармацыі ў Беларусі не існуе»
24.08.2011
—
Новости Общества
|
Аб гэтым заявіў учора ў ходзе оnlіnе канферэнцыі на сайце БЕЛТА міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. Ён адзначыў, што ў рэспубліцы праходзіць шэраг розных ток-шоу, круглых сталоў і іншых мерапрыемстваў, дзе можна абмяняцца меркаваннямі, але многія так званыя незалежныя эксперты іх проста ігнаруюць. Зарэгістравана амаль 2 тыс. друкаваных, 90 электронных выданняў — гэта вялікая колькасць для адносна невялікай краіны. Акрамя дзяржаўных, ёсць прыватныя, незалежныя газеты, сеткавыя СМІ. "Таму эксперты, каментатары, тыя, хто хоча выказацца, выказвайцеся! Праблемы распаўсюджвання і атрымання альтэрнатыўнай інфармацыі ў Беларусі не існуе. Гэта вялікія казкі нашай апазіцыі, што яе ў чымсьці прыціскаюць, не пускаюць некуды (яна часта сама нікуды не ідзе). Іншая справа, што не варта злавацца, а прыслухацца да таго, што кажуць іншыя", — сказаў Алег Праляскоўскі. Разам з тым, на думку міністра, некаторыя СМІ займаюць не заўсёды аб'ектыўную пазіцыю, поўнасцю ігнаруюць недахопы, і Мінінфарм крытыкуе іх за бяззубасць. Але большасць дзяржаўных выданняў, і ў першых радах "СБ", даюць дастаткова крытыкі, якая наводзіць шорах на месцах, у радах кіраўнікоў, чыноўнікаў. Ёсць і іншая крайнасць — выданні, дзе няма ніводнага добрага слова аб краіне, грамадстве, дзе радуюцца ўсім паражэнням. "А ісціна пасярэдзіне. Журналістыка — гэта люстэрка. Аб'ектыўнай крытыкі (не крытыканства), напэўна, у "Советской Белоруссии", напрыклад, больш, чым у апазіцыйных, дзе толькі ўсё дрэнна. Свята прайшло — дрэнна, прайшло спартыўнае мерапрыемства — дрэннае мерапрыемства. Штосьці чыноўнік сказаў — глупства гаворыць. А гэта проста іншая пазіцыя", — лічыць Алег Праляскоўскі. Медыйны рынак стабільны Цяпер у Беларусі зарэгістравана 1390 друкаваных, 241 электронны СМІ, 9 інфармацыйных агенцтваў. "Калі гаварыць аб колькасных тэндэнцыях, то колькасць СМІ за апошнія гады вырасла нязначна: колькасць новых СМІ амаль роўная колькасці тых, хто вымушаны пакідаць медыйны рынак. Калі разглядаць сітуацыю па відах сродкаў масавай інфармацыі, то з'яўляецца больш новых часопісаў, бюлетэняў і каталогаў". "Такім чынам, колькасныя паказчыкі сведчаць аб стабільнасці медыйнага рынку Беларусі, яго ў большай ступені якаснага, а не колькаснага развіцця". У Беларусі таксама распаўсюджваюцца больш як 4 тыс. замежных друкаваных СМІ, у першую чаргу расійскіх. На айчынным медыйным рынку прысутнічаюць выданні з Казахстана, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Латвіі, Фінляндыі. У сетках электрасувязі (кабельных, мабільных, эфірных і да т.п.) распаўсюджваецца каля 140 тэлепраграм замежнай вытворчасці, большасць з якіх таксама расійскія. Для прыцягнення англамоўнай аўдыторыі з чэрвеня гэтага года рэпартажы інфармацыйных выпускаў дубліруюцца бягучым радком на англійскай мове. Стварэнне медыяхолдынгаў і выдавецкіх дамоў дапаможа павысіць канкурэнтаздольнасць СМІ Стварэнне ўзбуйненых інфармацыйна-выдавецкіх структур — стратэгічны напрамак структурных пераўтварэнняў у сферы СМІ. Такі падыход прадугледжаны асноўнымі напрамкамі стратэгічнага развіцця галіны друку і сродкаў масавай інфармацыі на 2011—2015 гады, распрацаванымі Міністэрствам інфармацыі і ўзгодненымі ўрадам. Як адзначыў міністр, такія структуры будуць забяспечваць выпуск газет і часопісаў падобных тэматычных напрамкаў, а таксама галіновых СМІ. "Гэта дае магчымасць аптымізаваць расходы, сканцэнтраваць арганізацыйна-творчы і фінансавы патэнцыял. У выніку павышаецца канкурэнтаздольнасць СМІ як у змястоўным, так і ў эканамічным плане". Друкаваныя дзяржСМІ не плануецца акцыяніраваць "Мы будзем ісці не зусім па гэтым шляху", — сказаў ён. Цяпер не разглядаецца пытанне аб акцыяніраванні і далейшым продажы рэспубліканскіх газет. Цяпер абмяркоўваецца магчымасць узбуйнення друкаваных выданняў, стварэння выдавецкіх дамоў. "Іншая справа, што няма праблемы для кагосьці стварыць сродак масавай інфармацыі ў форме акцыянернага таварыства або якой-небудзь іншай форме гаспадарання. Але некалькі дзяржаўных выданняў усё роўна будзе. Гэта звычайная практыка, ва ўсякім разе, для постсавецкай прасторы". "Калі дзяржава не возьме на сябе ролю па падтрымцы выданняў для моладзі, на тэмы культуры, то яны проста знікнуць і не выжывуць. Таму пытанне аб акцыяніраванні выданняў не стаіць". Неабходна развіваць падпіску на інтэрнэт-версіі СМІ У гэтым годзе газетная папера падаражэла больш як на 60 працэнтаў, афсетная і мелаваная — амаль у 4 разы. У два разы павялічыліся і цэны на паліграфічныя паслугі — тут таксама высокая доля імпартнага складальніка. "Усё гэта не магло не паўплываць на эканамічнае становішча рэдакцый: расходная частка павялічылася вельмі істотна". У цяперашніх умовах рэдакцыям неабходна дэталёва прааналізаваць эканамічны складальнік сваёй работы, аптымізаваць штатны расклад, усе затраты, звязаныя з рэдакцыйна-выдавецкім працэсам. Трэба актыўна працаваць па пашырэнні выданняў, прыцягненні рэкламы, устанаўленні аптымальных цэн, якія даюць магчымасць атрымліваць нармальныя даходы, захоўваючы канкурэнтаздольнасць па цэнавым фактары, гэта значыць тыраж. "Безумоўна, трэба развіваць і такую форму, як падпіска на інтэрнэт-версіі, продаж інтэрнэт-кантэнту выданняў. Гэта дае магчымасць застрахавацца ад рызык, звязаных з падаражаннем паперы і друкарскіх паслуг. Да таго ж вэб-тэхналогіі — найбольш перспектыўны напрамак развіцця СМІ, і тут вельмі важна не спазніцца, інакш можна прайграць у канкурэнтнай барацьбе". Лічбавае вяшчанне будзе ўводзіцца паэтапна Пераход на "лічбу" павінен быць ажыццёўлены да 2015 года згодна з рэалізуемай сёння Дзяржаўнай праграмай укаранення лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання. "Пры гэтым адключэнне аналагавага вяшчання будзе праводзіцца паэтапна, каб пераход на лічбавае вяшчанне для насельніцтва не быў вельмі адчувальным". Прапанова Міністэрства сувязі і інфарматызацыі аб пачатку адключэння ў 2012 годзе аналагавага вяшчання абумоўлена ў першую чаргу тым, што сёння на тэрыторыі, дзе пражывае больш як 94 працэнты насельніцтва рэспублікі, ужо арганізавана вяшчанне ў фармаце DVB-T 8 тэлевізійных праграм: Першы канал, Лад, АНТ, СТБ, НТБ-Беларусь, РТР-Беларусь, 8 канал, Мір. "Тэлепраграмы ў лічбавым фармаце трансліруюцца паралельна з праграмамі ў аналагавым фармаце. Для арганізацыі такой трансляцыі (у двух фарматах адначасова) трацяцца немалыя сродкі. Гэта і паслужыла штуршком да больш актыўных дзеянняў у гэтым напрамку", — сказаў міністр інфармацыі. Пытанне пераходу ў Беларусі з аналагавага на лічбавае тэлебачанне з'яўляецца даволі вострым. Так, для прыёму лічбавага сігналу неабходна спецыяльная прыстаўка. Аднак сучасныя тэлевізійныя прыёмнікі, як правіла, ужо маюць убудаваны модуль для прыёму лічбавага сігналу. "На жаль, айчынныя вытворцы тэлевізійнай тэхнікі своечасова не зарыентаваліся і спазніліся, на наш погляд, з асваеннем і выпускам прыёмнай апаратуры. Сёння сітуацыя выпраўляецца", — адзначыў Алег Праляскоўскі, дадаўшы пры гэтым, што вытворцы і гандаль прапануюць насельніцтву шырокі выбар сучасных мадэляў тэлевізараў і прыставак. Дубліраваць "Тэлевяршыню" на рэгіянальным узроўні немэтазгодна Да гэтай высновы Міністэрства інфармацыі прыйшло, прапрацаваўшы пытанне аб правядзенні нацыянальнага конкурсу на рэгіянальным узроўні, пасля дэталёвага вывучэння ўсіх нюансаў і магчымасцяў патэнцыяльных удзельнікаў. "Па-першае, гэта даволі затратнае мерапрыемства. Па-другое, і гэта, мабыць, галоўнае — для мясцовых тэлекампаній ужо сам удзел у рэспубліканскім фестывалі — добры стымул і прызнанне". Міністр таксама закрануў тэму самаакупнасці раённых газет і рэгіянальнага тэлебачання. "Я заўсёды гаварыў і цяпер паўтару: самаакупнасць — не самамэта. Галоўнае — якасць, канкурэнтаздольнасць СМІ, змястоўны складальнік. СМІ павінны быць запатрабаваны аўдыторыяй, сучасныя, цікавыя і пераканаўчыя. Без гэтага не будзе тыражоў і рэкламы, а значыць, і эфектыўнай эканамічнай дзейнасці", — падкрэсліў Алег Праляскоўскі. Неабходна актыўна ісці ў інтэрнэт, асаблівую ўвагу ўдзяляць кадраваму патэнцыялу, прыцягваць маладых таленавітых журналістаў, здольных ісці ў нагу з часам, упэўнены ён. "Што датычыцца самаакупнасці, то дзяржаўныя СМІ і сёння выглядаюць нядрэнна", — лічыць Алег Праляскоўскі. Па выданнях, якія фінансуюцца праз Міністэрства інфармацыі, працэнт акупнасці, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці апошняга часу — рост цэн на паперу і паліграфічныя паслугі — па выніках І паўгоддзя 2011 года перасягнуў 81 працэнт. Колькасць рэдакцый мясцовых газет, якія працуюць з прыбыткам, складае 34, а сярэдні працэнт акупнасці па мясцовай прэсе складае больш як 85 працэнтаў. Сярод рэгіянальных тэлестудый самаакупнымі з'яўляюцца каля 80 працэнтаў. БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым заявіў учора ў ходзе оnlіnе канферэнцыі на сайце БЕЛТА міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. Ён адзначыў, што ў рэспубліцы праходзіць шэраг розных ток-шоу,... |
|