Котка абароніць ад службовых інтрыг
24.08.2011
—
Новости Общества
|
Калі вы — абсалютна ўпэўненая ў сабе асоба, якая ніколі не спадзяецца на шанцаванне і не ставіць пад сумненне свой высокі прафесіяналізм, гэты артыкул не для вас. Мы дадзім парады тым, хто непакоіцца з-за магчымай аптымізацыі штату, баіцца застацца без працы ці верагодных канфліктаў з кіраўніцтвам. Старажытнакітайскае вучэнне фэн-шуй здольнае дапамагчы ў многіх рэчах, у тым ліку і ў галіне кар'еры. Першае, з чаго раяць пачаць майстры фэн-шуя, — гэта са свайго працоўнага месца. "Пачысціце" яго! Як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Высуньце скрыні свайго офіснага стала і высыпце ўсё змесціва. Калі вам нязручна гэта рабіць у працоўны час, прыйдзіце на службу раней ці застаньцеся пасля працы. У вашых рэчах, якія запаўнялі стол, абавязкова знойдзецца шмат непатрэбных ці лішніх. Іх варта аднесці дамоў, раздарыць ці проста выкінуць, бо яны спрыяюць застою станоўчай энергіі. Паглядзіце, як стаіць ваш стол. Калі вы седзіце спінай да дзвярэй і асабліва спінай да ўваходу ў кабінет начальніка, — гэта дрэнна. Яшчэ горш, калі з акна на вас накіраваны востры рог нейкага будынка, ці прама насупраць вас размешчаны рог шафы. Не надта спрыяльнае і размяшчэнне стала ля адкрытых стэлажоў — яны літаральна "рэжуць" прастору. Паспрабуйце, калі ёсць такая магчымасць, перасунуць стол. Можна патлумачыць кіраўніцтву, што там вам сядзець некамфортна, не хапае святла і г.д. Пра сапраўдную мэту вашых маніпуляцый шэфу здагадвацца неабавязкова. Сачыце за парадкам на вашым стале. На ім не павінна быць завалаў, лішніх рэчаў, папак і папер. Толькі тое, што сапраўды вам патрэбна для працы. Не забудзьцеся і пра талісманы фэн-шуй. У прыватнасці, выява божай кароўкі прыносіць удачу і поспех. Дрэва — гэта сімвал сілы і дабрабыту. Дракон падорыць вам непаражальнасць, што і патрабуецца ў сітуацыі магчымага скарачэння. Павук дапаможа "зачапіцца" за цяперашнюю працу і нават атрымаць больш высокую пасаду. Пчала — сімвал працалюбства, яна надасць вам сіл. Выява коткі абароніць ад службовых інтрыг... Калі вы займаецеся продажам, то змясціце на сваім стале выяву хрушча, — ён спрыяе поспеху ў камерцыі і гандлёвых справах. На вашым стале абавязкова павінна прысутнічаць выява слана. Гэта сімвал багацця, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Багацце прыносіць і чарапаха, якая дае нам яшчэ і жыццёвую мудрасць. Цяпер час заняцца домам. Вам трэба "ўмацаваць" зону кар'еры (яна размешчана ў паўночнай частцы памяшкання). У ідэале там павінен знаходзіцца пісьмовы ці камп'ютарны стол. Змясціце на яго ці побач расліны, а яшчэ купіце настольную лямпу сіняга ці блакітнага колеру. Гэты колер спрыяе кар'ерным поспехам! Можна расставіць на стале ці недалёка ад яго фігуркі-талісманы, пра якія мы казалі вышэй. Знайдзіце фотаздымак, які быў зроблены ў той час, калі вы толькі пачыналі працаваць у вашай арганізацыі і вас перапаўнялі спадзяванні на паспяховую будучыню. Пастаўце яго на стале. Побач можна змясціць фота нейкага паспяховага чалавека, з якога вы хочаце браць прыклад. Падыдуць такія здымкі і для офіснага стала на працоўным месцы. Часцей пазірайце на іх! Кар'еры і грошам спрыяе стыхія вады, таму прыміце адпаведныя меры. Часцей прымайце душ, запішыцеся ў басейн. Гэта зробіць вашу энергетыку больш гарманічнай. На працы і дома размясціце ля вашага стала які-небудзь водны пейзаж. Падчас перарываў паглядайце на яго. Падыдзе і міні-фантан ці акварыум з рыбамі. Толькі не забывайцеся даглядаць іх! Набудзьце два кубкі сіняга колеру. Адзін з іх аднясіце на працу. Штодзень напаўняйце яго вадой ці іншай вадкасцю і выпівайце палову перад пачаткам працоўнага дня, а другую палову — перад адыходам дамоў. Дома выпівайце палову кубка вадкасці перад сном і столькі ж — калі прачнуліся. Аднак не спадзявайцеся, што, прымяніўшы метады фэн-шуй, вы зможаце больш не працаваць. Калі не хочаце, каб вас звольнілі, вы павінны трымаць руку на пульсе, на "выдатна" спраўляцца са сваімі абавязкамі, прапаноўваць канструктыўныя ідэі... і тады, магчыма, кіраўніцтва, проста не захоча губляць такога каштоўнага супрацоўніка. Падрыхтавала Іна АРЭХАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі вы — абсалютна ўпэўненая ў сабе асоба, якая ніколі не спадзяецца на шанцаванне і не ставіць пад сумненне свой высокі прафесіяналізм, гэты артыкул не для вас.... |
|