"Дзелавой ініцыятыве, інвестарам — "зялёная вуліца". 21.by

"Дзелавой ініцыятыве, інвестарам — "зялёная вуліца"

25.08.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напярэдадні рэгіянальнай выставы "Паўночны вектар Гродзеншчыны" карэспандэнт "Звязды" пабываў у Смаргоні і яшчэ раз пераканаўся, што там выпускаюць не толькі ўжо добра вядомыя на рынку міні-трактары і мотаблокі, але і вельмі запатрабаваныя і ў нас, і ў замежжы малочныя прадукты, а таксама браніраваныя аўтамабілі для банкаў. Гарсэтнымі вырабамі мясцовай фірмы "Карункі" карыстаюцца жанчыны ў Ізраілі, а аўстрыйцы распачалі інвестыцыйны праект у дрэваапрацоўцы, які сёння ацэньваецца прыкладна ў 100 мільёнаў еўра.

Але ёсць і праблемы, якія стрымліваюць развіццё бізнэсу.

Ніякай валакіты

Сёлета за студзень—ліпень на Смаргоншчыне зарэгістраваны і пачалі працаваць 118 індывідуальных прадпрымальнікаў і 37 малых прадпрыемстваў, прычым не толькі гандлёвага профілю. Напрыклад, 36 "навічкоў" займаюцца будаўніцтвам, 10 — сталярнымі работамі, 9 — лесанарыхтоўкамі, 7 — грузаперавозкамі, 3 — цырульніцкімі паслугамі, 2 — прыдарожным сэрвісам... Акрамя таго, створаны прадпрыемствы па вытворчасці электраапаратуры і мэблі, а чатыры новыя фермерскія гаспадаркі спецыялізуюцца на вырошчванні свіней, буйной рагатай жывёлы, бульбы і рыбы.

— Колькі часу патрабуецца ў Смаргоні, каб адкрыць сваю справу?

— Гарантую, што калі ёсць нармальная ідэя, "жывы" праект, то будзе аказана ўсялякая падтрымка, без нейкай валакіты. На гэта нацэлены ўсе нашы службы, — адказвае старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў ГОЙ. — Літаральна "бяром за руку" і водзім па кабінетах, каб паскорыць рэгістрацыю новага суб'екта гаспадарання. Ёсць нейкая праблема — тут жа яе вырашаем самі, а калі гэта не ў нашай кампетэнцыі, то адразу ж звяртаемся ў абласныя ці рэспубліканскія інстанцыі. Нярэдка бывае, што чалавек прыйшоў раніцай у райвыканкам і ўжо ў той жа дзень мае ўвесь пакет дакументаў і можа "стартаваць".

Дарэчы, падчас гэтай камандзіроўкі карэспандэнт "Звязды" даведаўся, што многія бронеаўтамабілі, якія ездзяць з інкасатарамі па населеных пунктах Беларусі, выраблены, аказваецца, у Смаргоні. У моцнай канкурэнцыі з замежнымі фірмамі мясцовае ТАА "ПрактыкСэрвіс" за тры гады паставіла нашым банкам 115 такіх машын, пры гэтым выкарыстоўваючы не толькі імпартныя "колы" і браню, але і шэраг камплектуючых беларускай вытворчасці. Будзе больш заказаў (усе разлікі, у адрозненне ад расіян, у смаргонцаў — у беларускіх рублях) — відавочная выгада не толькі "ПрактыкСэрвіса", але і айчынным пастаўшчыкам амартызатараў, аўтамабільных правадоў, фарбаў, клею ...

А вось у былым ваенным гарадку цяпер "уладарнічаюць" жанчыны. Вядомая мінская фірма "Мілавіца", якая спецыялізуецца на выпуску гарсэтных і іншых дамскіх рэчаў, палічыла, што развіваць бізнэс варта менавіта ў Смаргоні. Чаму? Там ёсць праблема жаночага беспрацоўя, кадры, свабодныя памяшканні, ды і недалёка ад сталіцы. Мясцовая ўлада падтрымала заснавальніка і дырэктара ТАА "Карункі" Святлану ДУБАЎЦОВУ перадачай у арэнду памяшканняў, якія пустуюць, а таксама падрыхтоўкай швачак праз цэнтр занятасці насельніцтва і ў ліцэі, куды фірма паставіла швейнае абсталяванне. І вось ужо каля двух гадоў, як "ажылі" былыя вайсковыя казармы. Пераважная частка вырабленай у адрамантаваных памяшканнях прадукцыі экспартуецца, ужо сёння створана 130 рабочых месцаў, а патрабуецца яшчэ мінімум 50 швачак.

У першыя тры месяцы, пакуль навічкі асвойваюць сучасныя камп'ютарызаваныя машыны, дырэктар ТАА "Карункі" даплачвае ім 300 тысяч рублёў. А затым усё залежыць ад майстэрства, працавітасці самой работніцы — зарплата па здзельна-прэміяльнай        сітстэме можа скласці і 2,5 мільёна рублёў. Выгадна і раённаму бюджэту, які штомесячна атрымлівае ад гэтай фірмы падаткі ў памеры каля 50 мільёнаў рублёў.

Дарэчы, пасля Смаргоні фірма арганізавала вытворчасць і ў яшчэ адным рэгіёне "паўночнага вектара Гродзеншчыны" — у Ашмянах.

А для тых, хто пачынае сваю справу, у Смаргоні нядаўна стварылі цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, які таксама абслугоўвае суседнія Астравецкі і Ашмянскі раёны.

Каб не "блукаць у поцемках"

— Праблема ў тым, што многія прадпрымальнікі, асабліва на першым этапе сваёй дзейнасці, дапускаюць шмат памылак — юрыдычных, бухгалтарскіх, па стратэгіі развіцця фірмы, так бы мовіць, блукаюць у поцемках — зазначае дырэктар цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва Ілья ПЯТУНОЎ, які, маючы вялікі стаж працы ў прыватным бізнэсе, вырашыў падтрымаць навічкоў.

Цэнтр, дзе разам з Ільёй Мікалаевічам працуюць вопытныя бухгалтары і юрыст, дзейнічае ў цесным кантакце з мясцовай уладай. Звярнуліся людзі ў райвыканкамам з нейкай ідэяй, праектам — у цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва ім дапамогуць у распрацоўцы бізнэс-плана, падборы вытворчых плошчаў, параяць аптымальную форму падаткаабкладання і найбольш выгадны варыянт крэдытавання альбо лізінгу. Больш за тое, могуць узяць на сябе ўвесь бухгалтарскі ўлік — ад апрацоўкі першаснай дакументацыі да складання і здачы справаздачнасці ў падатковую інспекцыю, чым ужо скарысталіся восем МП.

Дарэчы, толькі бухгалтарскія паслугі ў цэнтры платныя, на дагаворнай аснове. Прычым для кліентаў гэта танней у параўнанні з наймам уласнага бухгалтара:няма затрат на арганізацыю яго рабочага месца, выплату сацыяльных падаткаў, набыццё праграмнага забеспячэння і бухгалтарскай перыёдыкі.

— Любое пытанне стараемся вырашыць хутка і якасна, бяром на сябе ўсю адказнасць, — зазначае Ілья Пятуноў.

— А калі раптам у бухгалтарскім уліку нейкая памылка?

— Мы страхуем свае рызыкі на той выпадак, калі наш работнік дапусціць памылку, з-за чаго кліенту выставяць нейкія санкцыі.

Інвестары не спужаліся

Гасцінічны нумар у Смаргоні трэба заказваць загадзя, бо гасцей прыязджае шмат. Вось і ў той дзень у атэль засяліліся прадстаўнікі аўстрыйскай кампаніі "Krоnоnsраn". Пра зацікаўленасць аднаго з сусветных лідараў у галіне дрэваапрацоўкі ў стварэнні прадпрыемства на Смаргоншчыне гаворка ішла даўно. Аднак ці не адпужвае буйнога інвестара цяперашняя эканамічная сітуацыя ў нашай краіне ў сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля і цяжкасцямі з СКВ? Мо далі "задні ход"?

Не, інвестар не спужаўся. Старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Гой паведаміў, што аўстрыйская кампанія ўжо не на словах, а на справе ўзялася за рэалізацыю праекта па выпуску імпартазамяшчальнай і экспарта арыентаванай прадукцыі — ламінату, пліт МДФ, ДСП і іншых матэрыялаў. Ужо ў верасні мяркуецца завяршыць арганізацыю бытавога гарадка для будаўнікоў, пасля чаго паставяць раствора-бетонны вузел для забеспячэння будоўлі і будуць працаваць у дзве змены без выхадных, каб у першым паўгоддзі наступнага года запусціць першую лінію новага прадпрыемства. Пры гэтым упор робіцца менавіта на экалагічную вытворчасць.

"Чым выгадны раёну гэты праект?" — цікаўлюся ў старшыні райвыканкама.

— У нас і цяпер дзякуючы экспартным пастаўкам ААТ "Смаргонскія малочныя прадукты", тэхнікі агрэгатнага завода, дзвярэй фірмы "Халес" і іншых прадпрыемстваў станоўчае знешнегандлёвае сальда, якое сёлета за першае паўгоддзе складае 12,1 мільёна долараў. Але рэальна дасягнуць і значна большага, — перакананы Мечыслаў Гой.

Пры гэтым перспектыву партнёрства з аўстрыйскай кампаніяй Мечыслаў Браніслававіч бачыць не толькі ў стварэнні больш чым трохсот новых рабочых месцаў і ў падатках, што атрымае раённы бюджэт, але і ў выпуску мэблі на базе той жа ламініраванай пліты, якая сёння закупляецца па імпарце. Прычым развіваць мэблевую вытворчасць плануюць не толькі аўстрыйцы. Зацікаўленасць у вырабе мэблі, выкупіўшы ў Смаргоні памяшканні, якія пустуюць, ужо цяпер праяўляюць і іншыя прадпрыемствы, у тым ліку з Мінска. Яны лагічна спадзяюцца на канкурэнтаздольнасць прадукцыі з сыравіны, якая бярэцца напрамую, а не па імпарце, ды яшчэ і з улікам транспартных расходаў.

Дарэчы, гэты праект аказаўся выгадны і вытворцам зусім іншага профілю — Смаргонскаму агрэгатнаму заводу. Справа ў тым, што мясцовая ўлада прапанавала кампаніі "Krоnоnsраn" плошчы гэтага прадпрыемства, якія ўжо даўно не былі задзейнічаны. Такім чынам, завод пазбаўляецца ад баласту, які, да таго ж, не проста не прыносіў ніякай карысці, а патрабаваў вялізных затрат па падатках на зямлю і нерухомасць.

Сёння непатрэбнае — заўтра прыбытковае

Праблема з наданнем "другога жыцця" памяшканням, якія пустуюць, у Смаргоні вельмі вострая. Мясцовая ўлада актыўна шукае ім прымяненне, запрашае патэнцыяльных пакупнікоў, ды і на рэспубліканскім, заканадаўчым узроўні быццам і ёсць зацікаўленасць у больш спрыяльных умовах набыцця падобных аб'ектаў. Але на практыцы сістэма іх задзейнічання ў гаспадарчым абароце пакуль вельмі доўгая і грувасткая. Пакуль гэты працэс дойдзе да рэальнай цаны, якую гатовы заплаціць новы ўласнік, не гаворачы ўжо пра адну базавую велічыню, то пакупнік можа і не дачакацца.

Напрыклад, у тым жа вышэйзгаданым былым ваенным гарадку нядаўна разгарнула вытворчасць прыватнае прадпрыемства "Спецтэхніка — Захад". Вырабляюць розныя дэталі для машынабудавання на сучасных станках з праграмным кіраваннем, і заказаў столькі, што гэтага абсталявання, трынаццаці токараў і фрэзероўшчыкаў ужо не хапае. Трэба пашырацца, і быццам ёсць усе ўмовы: побач яшчэ адна даўно нікому не патрэбная былая казарма з ... пустазеллем на даху. Мінская фірма, чыім філіялам з'яўляецца смаргонскае прадпрыемства, гатова была набыць гэты будынак, але ж не за больш чым 700 мільёнаў рублёў, паколькі яшчэ з паўмільярда спатрэбіцца на прывядзенне яго ў парадак.

Быў пакупнік і на недабудаваны корпус, які калісьці планаваўся пад развіццё Смаргонскага завода аптычнага станкабудавання і сёння знаходзіцца на яго балансе. Але, зноў жа, цана для пакупніка аказалася непад'ёмнай. А тым часам заводу гэты корпус штомесячна абыходзіцца ў 50 мільёнаў рублёў падаткаў.

Вырашэнне гэтых праблем дазволіць Смаргоншчыне яшчэ лепш выкарыстаць свой эканамічны патэнцыял, які будзе прадстаўлены падчас рэгіянальнай выставы "Паўночны вектар Гродзеншчыны" і міжнароднага эканамічнага форуму. Дарэчы, на гэтым форуме, згодна з інфармацыяй Мечыслава Гоя, інвестарам прапануюць 16 праектаў. Напрыклад, для выкарыстання адходаў жывёлагадоўлі з адначасовым атрыманнем цяпла і электраэнергіі ў раёне мяркуецца пабудаваць біягазавую ўстаноўку. Прагназуецца, што затраты інвестара акупяцца праз восем гадоў.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні рэгіянальнай выставы "Паўночны вектар Гродзеншчыны" карэспандэнт "Звязды" пабываў у Смаргоні і яшчэ раз пераканаўся, што там выпускаюць не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика