Ашмяншчына: шляхі турыстычныя. 21.by

Ашмяншчына: шляхі турыстычныя

02.09.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На цэнтральнай плошчы ў Ашмянах суладна высяцца побач праваслаўная царква і каталіцкі касцёлУ госці на Ашмяншчыну мяне запрасіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Ашмянскай выбарчай акругі Валянціна Лузіна, а спадарожнікам стаў гендырэктар фірмы “Інвест-М” Іосіф Цімкоўскі. Неяк сонечным ранкам і павёў нас на паўночны захад ад беларускай сталіцы так званы Віленскі шлях. Пішу “так званы”, бо з шляхам гістарычным пад той жа назвай цяперашні мае мала агульнага: ранейшы, традыцыйны, па якім праязджалі дзясяткі відных дзеячаў беларускай і сусветнай культуры, вёў праз Радашкавічы і Маладзечна, Смаргонь і Жупраны. Новы ж, цяперашні, ляціць стралою, абмінаючы населеныя пункты. Гадзіны праз паўтары паказаліся вышынныя сілуэты Ашмян — іх касцёл і царква.
— Глядзіце, як блізка стаяць яны паміж сабой, — рэагуе на гарадскія вертыкалі Іосіф Цімкоўскі. — Думаю, у некаторых еўрапейскіх гарадах гэта выклікала б здзіўленне.
— І выклікае, — адказваю. — Беларусь традыцыйна славілася сваёй талерантнасцю. Памятаю, у свой час з ленінградскім навукоўцам Валянцінам Грыцкевічам мы пісалі кніжку “Шляхі вялі праз Беларусь”. Шляхі тыя — нямецкіх, аўстрыйскіх, французскіх, англійскіх дыпламатаў, навукоўцаў, падарожнікаў (сёння мы назвалі б іх турыстамі), што ехалі ў Масковію ці з яе і пакінулі пра падарожжы ўспаміны. На радзіме тых вандроўнікаў грымелі тады крывавыя Варфаламееўскія ночы, а на нашых землях за адным “гаспадарскім” сталом сядалі дружна побач святары праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія, мусульманскія, іудзейскія.
Часта і святыні іх стаялі побач, на адной і той жа плошчы, як у Ашмянах, — і ніякай варажнечы! Такое, наколькі я ведаю, здзіўляе зарубежных турыстаў і сёння. А вось тут, на карце, бачна, як Віленскі шлях, стары і новы, скрыжоўваецца з традыцыйнымі “трактамі” на поўдзень і поўнач — праз Гальшаны на Ліду і Гродна, а таксама праз Астравец на Полацк.
Гэта цікавае скрыжаванне, перспектыўнае для развіцця турызму, пагаджаецца Іосіф Цімкоўскі. Дарэчы, і выбраўся ён у дарогу, жадаючы прыгледзець якую гістарычную сядзібу для такой мэты, звязаную з нейкай знакавай асобай. Пытаецца, што б я мог параіць? Можа, кажу, падыдзе сядзіба, звязаная з лёсам Зыгмунта Мінэйкі, удзельніка паўстання 1863 года? Ён стаў палітссыльным, а потым і нацыянальным героем Грэцыі, аўтар кнігі “З тайгі пад Акропаль”. Гэта яго прамы праўнук Георгіас Папандрэу ўзначальвае ўрад Грэцыі ў няпросты для краіны час. Нарадзіўся ж Мінэйка непадалёк, у Балванішках, перайменаваных пазней у Зялёны Бор. Вырашаем у райвыканкаме пацікавіцца, ці ацалела тая шляхецкая сядзіба. На конях — у даўніну
У Ашмянскім райвыканкаме нас сустракае Валянціна Лузіна, разам з ёй ідзем да старшыні Юрыя Адамчыка.
— Пра вас, Юрый Уладзіміравіч, многа добрага казалі на адным з пасяджэнняў музейнай секцыі Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў, куды я маю гонар уваходзіць, — пачынаю гаворку з гаспадаром кабінета. — Згадваліся і поспехі ў спалучэнні дзяржаўнага і прыватнага прадпрымальніцтва для эканамічнага і культурнага развіцця рэгіёна, і што гэта станоўча ўплывае на развіццё ў раёне музейнай і турыстычнай справы. Якія прыклады, на вашу думку, найбольш яскравыя?
— Вядома ж, разам дзяржаўны і прыватны бізнес працуюць найбольш эфектыўна, і няма сэнсу доўга расказваць пра плюсы такога спалучэння, — усміхнуўся старшыня. — Вось кніжка з маёй прадмовай, прыкладаў шмат, можаце скарыстаць...
Пад час размовы Юрый Адамчык параіў нам абавязкова пабываць на Ашмянскім мясакамбінаце, брэнд якога добра вядомы і ў Беларусі, і ў замежжы. Камбінат атрымаў еўрапейскі экалагічны сертыфікат, на лагатыпе прадпрыемства ёсць словы “З павагай да якасці!” Што да турызму, то, нагадаў, у раёне сыходзяцца шляхі не толькі беларускія, але і еўрапейскія — гасцей прымаюць Ашмяны, Мураваная Ашмянка, Гальшаны і Баруны, раённы гістарычна-краязнаўчы музей імя Багушэвіча, музеі ў Жупранах, каля магілы паэта, і ў Гародніках, ля помніка прафесару Снядэцкаму. Ведаючы, што хутка праз Ашмяны і Гальшаны пройдзе беларуска-польска-літоўскі маршрут “Абарончыя храмы і цудатворныя іконы”, я запытаў, ці знойдзецца ў раёне турыстам добрае харчаванне і начлег. Старшыня райвыканкама ўдакладніў: усё ідзе па плане. Дзяржаўныя і прыватныя кавярні ёсць не толькі ў Ашмянах, але і ўздоўж дарог, у буйнейшых вёсках. Ёсць гасцініца і ў Гальшанах: там усё часцей бываюць на святах і ў багатым школьным музеі замежныя госці. А ў вёсцы Грынцы, у конна-спартыўным цэнтры “Гіпіка” можна пакатацца на конях, паласавацца стравамі з нацыянальнай кухні, камфортна пераначаваць. Дарэчы, гэты асяродак названы ў гонар мясцовага, з Мураванай Ашмянкі, магната і мецэната Дарагастайскага, які заснаваў там уласную друкарню і выдаў кнігу пад той жа назвай — пра анатомію і фізіялогію коней.
Пацікавіліся мы і станам сядзібы Мінэйкаў у колішніх Балванішках. “На жаль, ад яе нічога не засталося, нават фундамента”, — адказаў Ю. Адамчык. Я бачыў, як крыху разгубіўся Іосіф Цімкоўскі. Што ж, многія сядзібы напаткаў такі лёс... І я параіў Іосіфу Барысавічу заглянуць яшчэ ў Дубнікі, у суседні Астравецкі раён. Там таксама ёсць сядзіба Мінэйкаў, куды прыязджаў іх блізкі родзіч Зыгмунт, там працаваў над сваёй трылогіяй Генрык Сянкевіч.
Забягаючы наперад, скажу: наш візіт у Дубнікі пакуль не даў выніку. Сапраўды, гістарычная сядзіба, пабудаваная ў пецярбургскім стылі ў пазамінулым стагоддзі, пасля перасялення адтуль дома для састарэлых пустуе.Ля сцен Гальшанскага замка ажываюць лепшыя пачуцці І таму прадаецца. Але ці стане Іосіф Цімкоўскі яе гаспадаром?
А ў райвыканкаме на заканчэнне сустрэчы я як сябар рады выдавецтва “Кнігазбор” падарыў Валянціне Міхайлаўне і Юрыю Уладзіміравічу кнігі з выбранымі творамі Вінцука Адважнага (Язэпа Германовіча) — святара, пісьменніка і грамадскага дзеяча беларускай дыяспары ў Англіі. Нарадзіўся ён у Гальшанах, пахаваны на могілках святога Панкраца ў Лондане. Вельмі цікавы быў празаік, апісаў свой жыццёвы шлях ва ўспамінах “Кітай — Сібір — Масква”, дзе расказаў пра нягоды не з горыччу, а з гумарам. Выступаў у гады “халоднай вайны” ў лонданскім часопісе “Божым шляхам” супраць прымянення атамнай зброі, што неадназначна было ўспрынята эміграцыяй. Мы сышліся на думцы, што такая кніга абавязкова павінна быць і ў бібліятэках, і ў храмах Ашмяншчыны.

Адам Мальдзіс

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У госці на Ашмяншчыну мяне запрасіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Ашмянскай выбарчай акругі Валянціна Лузіна, а спадарожнікам стаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика