Жураўлі
16.09.2011
—
Новости Общества
|
У апошнія дні жніўня, у пачатку верасня назіралі за паводзінамі жураўлёў: "Калі жоравы палятуць, то ў сярэдзіне кастрычніка мароз пачнецца, а калі не — то зіма позна прыйдзе". Жораў ва ўсім свеце з'яўляецца сімвалам зносін з боствамі. У культуры ўсходніх славян гэту прыгожую птушку заўсёды лічылі свяшчэннай, веснікам усяго добрага, станоўчага. Па ўяўленні нашых продкаў, увосень жураўлі пакідаюць наш край, адлятаюць на зімоўку і нясуць з сабой прэч грэшныя душы, а рана ўвесну вяртаюцца з выраю, каб прынесці з сабой душы будучых дзяцей, якія народзяцца ў гэты год. Журавель заўсёды быў годнай, незалежнай, недасяжнай для чалавека птушкай. Калі ў жыцці чалавека ствараліся сітуацыі, у якіх неабходна было зрабіць выбар, у народзе казалі: "Лепш сініца ў руках, чым жораў (журавель) у небе". Пра нешта вельмі жаданае, але недасягальнае, казалі: "Што жораў у небе". Забіць жорава значыла назаўсёды развітацца з асабістым шчасцем: ніва будзе бясплоднай, гаспадарка прыйдзе ў заняпад, у сям'і пачнуцца сваркі і хваробы. Шматлікія рытуальныя дзеянні і прыкметы, звязаныя з жоравам, супадалі з дзеяннямі ў дачыненні да бусла. Так, на Палессі ранняй вясной, калі вы ўбачылі першага жураўля, неабходна было "пакачацца" па полі, каб на працягу года не было болю ў спіне. Лічылі, што на тым полі, куды села шмат жураўлёў, будзе добры ўраджай. Па палёце жораваў прадказвалі надвор'е: — жоравы ляцяць высока — да дажджу; — жораў заляцеў у вёску — чакай непагадзі, буры; — калі жураўлі ў час адлёту на поўдзень ляцяць высока, не спяшаючыся, "перагаворваюцца" — будзе ціхая добрая восень. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У апошнія дні жніўня, у пачатку верасня назіралі за паводзінамі жураўлёў: "Калі жоравы палятуць, то ў сярэдзіне кастрычніка мароз пачнецца, а калі не — то зіма... |
|