Вязкая прыватызацыя
20.09.2011
—
Новости Общества
|
У адпаведнасці з планам прыватызацыі на 2011 год, сёлета на аўкцыёны павінны выставіць 244 прадпрыемствы, якія адносяцца да рэспубліканскай маёмасці. У дзяржаўную скарбонку паступілі б вялікія грошы, калі б гэтыя прадпрыемствы ўдалося прадаць, але прыватнік асаблівай цікавасці да аўкцыёнаў не праяўляе. Баранавічы — буйны прамысловы горад і тут ёсць што прадаваць. У верасні былі спробы прадаць акцыі шэрагу прадпрыемстваў, але не было пададзена ніводнай заяўкі. Не ўдалося знайсці пакупніка на 100% акцый ААТ "Аграпрамбудмаш". За прадпрыемства прасілі 12,7 млрд. рублёў. А "Баранавіцкі завод станкапрылады" (76,6% акцый) хацелі прадаць за 9,642 млрд. рублёў. Не знайшлося ахвотных і на "Баранавіцкі завод запчастак "Аўтака" (37,6% акцый). І гэта не першая спроба збыць гэтыя і іншыя прадпрыемствы. У чэрвені ўжо праводзіўся аўкцыён. Дык што ў гэтых таргах насцярожвае прадпрымальніка? Пачнём з таго, што прадпрыемствы, якія выстаўляюцца на аўкцыён, знаходзяцца не ў лепшым эканамічным стане. Вось ААТ "Баранавічыдрэў" хацела за 48,7% акцый атрымаць 19 млрд рублёў. Баранавіцкі міжраённы камітэт дзяржаўнага кантролю праверыў дзейнасць гэтага прадпрыемства і ўстанавіў, што на ім падаюць аб'ёмы вытворчасці, назіраецца высокая ступень зносу абсталявання, не вырашаюцца пытанні тэхнічнага перааснашчэння вытворчасці... Сітуацыя складаная, але прыход на прадпрыемства прыватнага капіталу мог бы выправіць становішча. А праблема ў тым, што чалавек, заплаціўшы 19 мільярдаў, не будзе на прадпрыемстве гаспадаром. Кантрольны пакет акцый застаецца ў дзяржавы. Які сэнс укладваць такую суму ў бізнес і быць пабочным назіральнікам? Продаж прадпрыемства, як правіла, па ўмовах конкурсу абстаўляецца дадатковымі пунктамі, якія павінны будзе выканаць пакупнік. Напрыклад, заплаціўшы за ААТ "Аграпрамбудмаш" 12,7 млрд рублёў, новы гаспадар прадпрыемства павінен будзе ўкласці ў яго развіццё яшчэ 2,5 млн. долараў. А купіўшы "Завод станкапрылады", прыватніку давядзецца дадаткова ўнесці на развіццё завода 2 млн. долараў, а яшчэ два гады захоўваць колькасць працоўных месцаў, профіль дзейнасці прадпрыемства. А калі прадукцыя завода не запатрабавана пакупніком? Быццам бы клопат аб людзях становіцца прыярытэтным для кіраўніцтва прадпрыемства, мясцовай улады ці адпаведнага міністэрства. Але ж чаму гэтае прадпрыемства вы давялі "да ручкі"? А калі ўзнікла неабходнасць яго прыватызаваць, успомнілі пра калектыў і захваляваліся? Трэба было турбавацца раней. У гэтых агаворках вязне прыватызацыя. Узнікла неабходнасць правесці прыватызацыю — трэба зрабіць гэта, а не гуляць у яе. Не хоча дырэктар прадаваць родны завод — няхай наладзіць работу на ім, каб прадпрыемства працавала эфектыўна. Гэта адносіцца да канцэрнаў і міністэрстваў. Напрыклад, у лёгкай прамысловасці стратных прадпрыемстваў хапае, таму трэба іх падымаць ці прыватызаваць. Даўно неабходна вызначыцца. Зразумела, што прыватызацыя закранае чыясьці асабістыя інтарэсы. Той жа дырэктар выкупленага прадпрыемства можа застацца без работы. Але ж ёсць інтарэсы дзяржаўныя. Адным словам, прыватызацыя рэспубліканскай маёмасці ідзе марудна. А як ідуць справы з прыватызацыяй абласной маёмасці? За 8 месяцаў 2011 года фондам "Брэстаблмаёмасць" з аўкцыёну прададзена 78 аб'ектаў нерухомасці. Праўда, 54 аб'екты — за адну базавую велічыню. А самыя адметныя аб'екты, якія ўдалося прадаць сёлета ў вобласці — гэта аздараўленчыя піянерскія лагеры "Бярозка" ў Маларыцкім раёне і "Вясёлка" ў Баранавіцкім. Прадаваліся і акцыі некаторых адкрытых акцыянерных таварыстваў. Напрыклад, ААТ "Баранавіцкі малочны камбінат" набыў 35,1% акцый ААТ "Аграспецтранс", а ТАА "Ібіра" купіла акцыі (96,2%) "Кобрын-тэкстыль". Сымон Свістуновіч. І як часта бывае. Будынак (дзіцячага садка, ФАПа, школы...) гадамі пустуе. А вось як толькі ён разваліцца, застанецца без вокнаў, а на даху пачнуць расці бярозкі — будынак уступаюць за адну базавую. Прыватызацыя працэс балючы: шкада аддаваць дзяржаўнае. А калі ў часы калектывізацыі ў селяніна забіралі зямлю, каня, маёмасць — хто яго шкадаваў? Прыватызацыя не панацэя ад усіх нашых праблем, але хіба ёсць іншы шлях? Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адпаведнасці з планам прыватызацыі на 2011 год, сёлета на аўкцыёны павінны выставіць 244 прадпрыемствы, якія адносяцца да рэспубліканскай маёмасці. У дзяржаўную...
|
|