Спачатку біёлагі і заолагі, а затым эканамісты
21.09.2011
—
Новости Общества
|
Упершыню ў Беларусі схема землеўпарадкавання Карэліцкага раёна распрацоўвалася з улікам абавязковага захавання ўсіх відаў жывёл, птушак і раслін. Калі казаць навуковай мовай, то ў раёне была праведзена комплексная інвентарызацыя біялагічнай і ландшафтнай біяразнастайнасці. Яна стала першым этапам складанай работы па навядзенні парадку на зямлі ў поўным сэнсе гэтага слова. Чаму спатрэбілася так дакладна вывучаць фаўну і флору раёна? Адказ просты: каб людзям і іх братам меншым, розным там мошкам і букашкам, усім насякомым, а таксама самым звычайным і вельмі рэдкім раслінам, палявым кветкам было зручна і ўтульна разам жыць на адной зямлі — у нашым выпадку, у межах Карэліцкага раёна. Дарэчы, на яго тэрыторыі знаходзіцца самая паўночная папуляцыя рабога сусліка. Яна, як сцвярджаюць біё- лагі, мае вялікую міжнародную, навуковую і нават гістарычную каштоўнасць. Некалі, яшчэ да 30-х гадоў ХХ стагоддзя, суслікаў у Беларусі было так шмат, што за іх знішчэнне выплачвалі грошы. Сёння ў Мінскай, Гомельскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях зафіксаваны асобныя паселішчы суслікаў. Увогуле сёння ўсе вядомыя папуляцыі гэтых звяркоў знаходзяцца на мяжы знікнення. І раптам у Карэліцкім раёне знойдзена такое багацце з Чырвонай кнігі. Як не захаваць яго для будучых пакаленняў? Кажу без жарту. Як усялякая сур'ёзная работа, стварэнне навукова-абгрунтаванай схемы землеўпарадкавання запатрабавала значных сродкаў. Яны былі выдаткаваны Праграмай развіцця ААН і Глабальным экалагічным фондам (ГЭФ). Нагадаем, ГЭФ — гэта міжнародная фінансавая арганізацыя, якая актыўна падтрымлівае намаганні ў кірунку паляпшэння стану глабальнага навакольнага асяроддзя. Членамі ГЭФ з'яўляюцца 182 дзяржавы. ГЭФ выдзяляе сродкі, каб рэалізаваць розныя праекты для аховы біяразнастайнасці, міжнародных вод, барацьбы з дэградацыяй зямельных рэсурсаў, супрацьдзеяння знішчэнню азонавага слоя атмасферы, арганічнага забруджвання прыроднага асяроддзя ў маладых краінах і краінах з пераходнай эканомікай. Якраз часткова на грошы ГЭФ і быў запушчаны праект "Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі". Нацыянальным выканаўчым агенцтвам па яго рэалізацыі было абрана Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Бюджэт праекта — 971 000 дол. ЗША. Яго ажыццяўленне пачалося летась у студзені і завершыцца ў студзені 2014 года. Былі выбраны 10 раёнаў, для якіх навукоўцамі і спецыялістамі і распрацоўваюцца новыя схемы землекарыстання. Хутчэй за іншых была падрыхтавана схема для Карэліцкага раёна. У якасці першынца ён быў выбраны невыпадкова. Раён заўсёды вылучаўся ў краіне развітай сельскай гаспадаркай, людзьмі, якія ўмелі працаваць на зямлі, шанаваць прыроду. Днямі вынікі даволі складанай папярэдняй работы па распрацоўцы схемы былі грунтоўна абмеркаваны ў Карэлічах разам з прадстаўнікамі мясцовай улады, спецыялістамі раённых службаў і гаспадарак. Гэта была размова зацікаўленых бакоў аб шляхах захавання балансу інтарэсаў чалавека і патрэб прыроды. Адначасова гэта была і справаздача выканаўцаў праекта перад тымі, каму з часам прыйдзецца жыць і працаваць па іх схеме. Вось некаторыя фрагменты той цікавай і змястоўнай дыскусіі. Бо няпростая гэта задача — захаваць біяразнастайнасць і няўхільна павышаць ураджайнасць палёў. Таму і шукалі разам залатую сярэдзіну. Уладзімір Калтуноў, менеджар праекта: "Схема вызначае стратэгію землекарыстання раёна, як, напрыклад, зрабіць яго ўстойлівым. А гэта значыць, строгі ўлік эканамічных, сацыяльных і экалагічных інтарэсаў жыхароў раёна. Таму ў дакуменце, падрыхтаваным у рамках нашага праекта, прысутнічаюць як абмежаванні, звязаныя з неабходнасцю захавання біяразнастайнасці, так і рэкамендацыі, як найбольш эфектыўна выкарыстаць зямельныя рэсурсы раёна. Пасля абмеркавання з усімі зацікаўленымі бакамі праект схемы будзе перададзены кіраўніцтву Карэліцкага райвыканкама. Потым пасля дапрацоўкі з улікам выказаных заўваг і прапаноў схема землеўпарадкавання будзе прадстаўлена ў Гродзенскі аблвыканкам. Прыняцце схемы землеўпарадкавання Карэліцкага раёна плануецца завяршыць да канца гэтага года". Наша даведка Біяразнастайнасць , біялагічная разнастайнасць — разнастайнасць жыцця ва ўсіх яе прая- вах, разнастайнасць унутры відаў, паміж відамі і экасістэмамі. Ад велічыні біяразнастайнасці залежыць здольнасць экасістэмы да выжывання. Яўген Капчан, начальнік упраўлення землеўпарадкавання і рэгулявання зямельных адносін Дзяржкамітэта па маёмасці: "Дзяржава сёння ўсвядоміла, што няма іншага шляху развіцця сельскай гаспадаркі як павышэнне эфектыўнасці выкарыстання зямельных рэсурсаў. Адным са спосабаў дасягнення гэтага — распрацоўка дакументаў тэрытарыяльнага планавання. Таму схема ўяўляе сабой генеральны план развіцця раёна. Гэта дакумент, які пасля зацвярджэння аблвыканкамам, павінен будзе выконвацца ў абавязковым парадку. Акрамя гэтага, наяўнасць такой схемы павысіць інвестыцыйную прываблівасць раёна. Увогуле гэты дакумент не павінен ляжаць у архіве райвыканкама. Яго варта вывесіць на стэндах у органах мясцовай улады, каб усе ахвотныя маглі б з ім пазнаёміцца непасрэдна. А для кіраўнікоў і спецыялістаў райвыканкама — гэта настольны дакумент". Наталля Мінчанка, начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай біяразнастайнасці Мінпрыроды: "Захаванне біяразнастайнасці ў схемах землеўпарадкавання — гэта аснова экалагічна збалансаванага тэрытарыяльнага планавання. Яно з'яўляецца абавязковай умовай устойлівага развіцця рэгіёна ў доўгатэрміновай перспектыве. Рэалізацыя такога падыходу — частка дзяржаўнай палітыкі, якую праводзіць наша міністэрства сумесна з дзяржаўным камітэтам па маёмасці". Наша даведка Устойлівае развіццё — такое развіццё, пры якім задавальненне інтарэсаў цяперашняга пакалення адбываецца без ушчамлення магчымасцяў і патрэб будучых пакаленняў. Іншымі словамі, гэта такое развіццё, "якое працягваецца", самадастатковае развіццё, пры якім эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, грамадскае і эканамічнае развіццё ўзгодненыя адно з адным і ўмацоўваюць цяперашні і будучы патэнцыял пэўнай тэрыторыі. Міхаіл Максіменкаў, галоўны эксперт праекта па пытаннях біяразнастайнасці і кіравання экасістэмамі: "Лагічна, што пры распрацоўцы схемы землеўпарадкавання раёна спачатку працуюць біёлагі і заолагі, затым падключаюцца эканамісты, інжынеры, аграномы і г. д. Так біё- лагамі і заолагамі былі выяўлены ў раёне месцы пасялення 42 віды дзікіх жывёл і 19 відаў дзікарослых раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Прыкладна, як у беларускім салідным заказніку ці запаведніку. Бачыце, наколькі багатая флора і фаўна раёна? Вывучэнне прыроднага патэнцыялу выявіла, дакладней, яшчэ раз пацвердзіла агульную для ўсёй краіны вялікую праблему: дрэнна выконваецца водаахоўнае заканадаўства. Гэта і беспакаранае ворыва прыбярэжных палос, нямэтавае выкарыстанне водаахоўных зон і г. д. А ў раёне ёсць два нерасцілішчы фарэлі, але не факт, што яны захаваюцца ў будучым". Аркадзь Скуратовіч, навуковы супрацоўнік ДНУ "інстытут эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча": "Раён мае ўнікальнае месцазнаходжанне: тут і ўзвышшы, і даліны, і балоцістыя тэрыторыі. Гэта таксама абумовіла яго вялікую прыродную разнастайнасць. Раён таксама багаты на малыя рачулкі. У гэтым яго асаблівая адметнасць. Наша даведка Устойлівае землекарыстанне — выкарыстанне зямельных рэсурсаў, пры якім дасягаецца максімальны гаспадарчы эфект і забяспечваецца падтрыманне ўстойлівасці экалагічнага асяроддзя. Карэліцкі раён — гэта першая ластаўка ў аптымізацыі землекарыстання ў краіне. Актыўна ідзе распрацоўка вышэйзгаданых схем іншых раёнаў — Івацэвіцкага, Валожынскага і Расонскага — да канца гэтага года, у 2012-2013 гг. — Бабруйскага, Глыбоцкага, Рэчыцкага, Рагачоўскага, Клічаўскага і Слонімскага раёнаў. Усе яны былі абраны невыпадкова: там высокая сельскагаспадарчая засвоенасць зямлі спалучаецца з захаванасцю прыродных багаццяў, наяўнасцю вялікай колькасці рэдкіх відаў жывёл і раслін. Ёсць вялікія спадзяванні на тое, што распрацоўка новых схем землекарыстання гэтых раёнаў, назапашаныя веды і досвед атрымаецца распаўсюдзіць на іншых адміністрацыйных тэрыторыях Беларусі. Леанід Лахманенка. Карэліцкі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упершыню ў Беларусі схема землеўпарадкавання Карэліцкага раёна распрацоўвалася з улікам абавязковага захавання ўсіх відаў жывёл, птушак і раслін |
|