Калі мэбля — не толькі ўтылітарны прадмет
12.10.2011
—
Новости Общества
|
У сталіцы ў двух выставачных павільёнах па вуліцы Янкі Купалы, 27 расчыніла свае дзверы перад наведнікамі 18-я спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш "Мэбля-2012". Гэта буйнейшы форум, удзел у якім бяруць прадпрыемствы-вытворцы мэблевай прадукцыі і камплектных частак, прадпрыемствы аптовага і рознічнага гандлю Беларусі, краін СНД, замежныя фірмы, прадпрымальнікі. Летась, напрыклад, у мерапрыемстве брала ўдзел 190 прадпрыемстваў з пяці краін, выставу наведала 20,5 тысячы спецыялістаў. На спецыялізаванай выставе-кірмашы заключаюцца дагаворы на пастаўку прадукцыі на наступны год, дэманструюцца новыя распрацоўкі і перспектыўныя кірункі, паказваюцца асартыментныя магчымасці і ўзровень канкурэнтаздольнасці мэблевай прадукцыі. Што б ні гаварылі пра не вельмі спрыяльны ў эканамічным плане час, аднак на сёлетнім форуме гэта ніяк не адбілася: выставачная плошча запоўненая мяккай мэбляй, спальнымі гарнітурамі, кухнямі, сталовымі групамі, мэбляй для дзіцячых пакояў і для загарадных дамоў.
Для шэраговых наведнікаў адразу варта заўважыць, што большасць прадстаўленай на выставе прадукцыі не адносіцца да таннага цэнавога сегмента. Той жа масіў драўніны заўсёды каштаваў больш, чым вырабы з фанеры. Каштоўныя пароды драўніны, скура, ручная праца, найноўшыя тэхналогіі вытворчасці — усё гэта закладваецца ў канчатковую цану. Таму не варта асабліва здзіўляцца набору мэблі для спальні (шафа, ложак, тумбачкі, камод, люстэрка) за амаль 40 мільёнаў рублёў. Крэсла для сталовай каштуе ад 400 да 800 тысяч рублёў, вялікі стол (зноў жа — масіў драўніны, аздабленне) — каля 4 мільёнаў рублёў. Невялікі фатэль, абцягнуты скуразаменнікам, ацэньваўся ў 1,5 мільёна рублёў. Кухні ў стылі хай-тэк, з пабачаных на выставе, каштавалі ад 19 да 31 мільёна рублёў за канкрэтны набор. Але выставу тым, хто цікавіцца мэблевай прадукцыяй, дызайнам, інтэр'ерам жылля варта наведаць не толькі з мэтай нешта нагледзець канкрэтнае для сябе. Часам сам працэс азнаямлення з навінкамі можа прыносіць задавальненне. Напрыклад, на наш погляд, сапраўднай "разынкай" сёлетняй аптовай выставы-кірмаша стала экспазіцыя, прадстаўленая праектам "Тэадор Аляксандр". Гэта вядомая англійская сям'я, якая цягам 500 гадоў збірала калекцыю антыкварнай мэблі. Аднак нават над шэдэўрамі мае ўладу час. І некалі сям'я вырашыла, што можна вырабляць рэплікі — дакладныя копіі арыгіналаў, якія захоўваюцца ў музеях свету (на выставе, скажам, прадстаўлена копія канапы, арыгінал якой знаходзіцца ў музеі мастацтваў у Вашынгтоне), прыватных калекцыях.
Для тых, хто вырашыць наведаць мэблевы форум, застаецца дадаць, што працаваць ён будзе па 15 кастрычніка. Сяргей РАСОЛЬКА. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сталіцы ў двух выставачных павільёнах па вуліцы Янкі Купалы, 27 расчыніла свае дзверы перад наведнікамі 18-я спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш... |
|