Як самому пазбегнуць трагедыі ў метро?
12.10.2011
—
Новости Общества
|
Напамін пра тое, што на станцыі нельга заходзіць за паласу побач з краем платформы і набліжацца да яе да поўнага спынення цягніка, гучыць у сталічным метрапалітэне шматразова на працягу кожнага дня. Аднак колькасць людзей, якія шпарка крочаць па самым краі платформы ці спрабуюць пралезці бліжэй да яе краю пры з'яўленні яшчэ "на гарызонце" цягніка, на жаль, не змяншаецца. Таму час ад часу ў метро здараюцца трагічныя выпадкі, калі людзі аказваюцца на рэйках. Апошні такі выпадак здарыўся днямі — на станцыі "Пушкінская", дзе пад коламі цягніка загінула 16-гадовая дзяўчына. І, як сведчаць камеры назірання, гэта не было самагубствам... — Метрапалітэн пры выкананні вызначаных правіл бяспекі — месца цалкам бяспечнае, — сцвярджаюць у Мінскім упраўленні МНС. — Аднак ад надзвычайных здарэнняў усё ж такі ніхто з пасажыраў не застрахаваны. Таму трэба ведаць, як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, каб мінімізаваць рызыку трагічных наступстваў. 1. Калі вы раптам апынуліся на рэйках (страцілі прытомнасць ці хтосьці вас выпадкова штурхнуў), варта памятаць, што самае бяспечнае месца — гэта яма паміж рэйкамі. А самае небяспечнае — кантактная рэйка, якая ўяўляе сабой металічную канструкцыю жоўтага колеру, што цягнецца ўздоўж перона. Дакранацца да яе смяротна небяспечна, не кажучы ўжо пра спробы наступіць на яе, каб залезці на перон. Пакуль у непасрэднай блізкасці няма цягніка, трэба паклікаць на дапамогу, папрасіць, каб пра здарэнне паведамілі персаналу станцыі, і адначасова з гэтым неабходна бегчы ў тунель, у супрацьлеглы бок ад таго выхаду, адкуль чакаецца прыбыццё на станцыю цягніка. Адносна бяспечнае месца — гэта чорна-белая перакладзіна паміж рэйкамі, бо менавіта побач з ёй і спыняецца першы вагон цягніка. І нават калі машыністу не паспеюць паведаміць пра здарэнне на станцыі, то нават у штатным рэжыме ён спыніць састаў менавіта перад гэтай перакладзінай. Далей у тунелі пачынаюцца службовыя камунікацыі — там можа быць і лесвіца, па якой можна падняцца наверх. Калі яе няма, то трэба чакаць дапамогі звонку. Калі цягнік ужо выязджае на станцыю, можна стаць за паласатай перакладзінай (на адлегласці некалькі метраў) і махаць рукамі, падаючы сігналы машыністу. Пры гэтым можна скарыстацца мабільным тэлефонам з уключаным экранам, ліхтарыкам, флікерам ці любымі іншымі рэчамі, якія машыніст зможа ўбачыць. 2. У тым выпадку, калі пасля падзення на рэйкі вы страцілі здольнасць самастойна перасоўвацца або цягнік знаходзіцца ўжо ў непасрэднай блізкасці ад вас і бегчы ад яго не мае ніякага сэнсу, трэба вельмі хуценька легчы на жывот у канал паміж рэйкамі. Лепш — нагамі да цягніка, ногі шчыльна прыціснуць адна да адной і да зямлі, падбародак прыціснуць да цела, рукі прыціснуць і выцягнуць уздоўж тулава. Калі ваша адзенне мае доўгі падол, ёсць сэнс легчы галавой да цягніка, каб паветраным патокам адзенне не ўзнялося ўгору. Аднак галоўнае — гэта паспець легчы і прыціснуцца. У такім палажэнні цягнік праедзе, вас не закрануўшы. Ні ў якім разе не пужайцеся шуму, цёплага паветра і нават іскраў над вамі — пры тармажэнні цягніка гэта магчыма. З мэтай нервовай разрадкі закрыйце вочы, глыбока ўздыхніце і ў думках сканцэнтруйце ўвагу на становішчы ўласнага цела, а не на набліжэнні цягніка. Не дыхайце максімальна доўга. Пасля гэтага зрабіце паўторны ўдых—выдах, зноў удых і не дыхайце. Такая працэдура вас заспакоіць. І нават калі цягнік спыніцца непасрэдна над вамі — не варушыцеся, ляжыце і чакайце дапамогі. Можна клікаць на дапамогу, але становішча ні ў якім разе нельга мяняць! 3. Сведкам падобнага здарэння спецыялісты МНС катэгарычна забараняюць цягнуць пацярпелага на перон з боку знаходжання кантактнай рэйкі. Трэба неадкладна адправіць кагосьці па дапамогу да персаналу і патлумачыць чалавеку, які апынуўся на рэйках, як яму дзейнічаць, каб выратаваць жыццё. Усе выратавальныя дзеянні можна ажыццяўляць толькі за чорна-белай перакладзінай. 4. Калі надзвычайнае здарэнне адбылося на станцыі (напрыклад, адбылося задымленне, пажар ці выбух), то як бы банальна гэта ні гучала, першае, што трэба зрабіць — гэта не ўпадаць у паніку, а паспрабаваць ацаніць абстаноўку і вызначыць шляхі для эвакуацыі. Гэта выхад, супрацьлеглы да эпіцэнтра задымлення, пажару ці выбуху. Калі вы можаце рабіць дзеянні па аказанні дапамогі пацярпелым ці тушэнні пажару, то пачынайце. А калі ваша дапамога ў гэтай сітуацыі падаецца вам сумнеўнай, то трэба эвакуявацца. Рухацца неабходна па сярэдзіне платформы, гэта значыць, максімальна далей ад абодвух тунэляў, каб вас выпадкова не штурхнулі на рэйкі іншыя пасажыры. Лепш трымаць пэўную дыстанцыю ад натоўпу. Калі вы выйшлі наверх, дзе ёсць дзяжурны персанал, абавязкова раскажыце ім максімальна падрабязна пра сітуацыю ўнізе, каб тыя ведалі, якія дзеянні неабходна здзяйсняць. Пасля паведамлення персаналу станцыі эвакуіруйцеся на вуліцу і патэлефануйце ў службу "101": максімальна лагічна і паслядоўна паведаміце дыспетчару тую ж інфармацыю. Надзея НІКАЛАЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напамін пра тое, што на станцыі нельга заходзіць за паласу побач з краем платформы і набліжацца да яе да поўнага спынення цягніка, гучыць у сталічным метрапалітэне... |
|