Як павысіць якасць правасуддзя
14.10.2011
—
Новости Общества
|
Стан правапарадку і законнасці ў краіне ў значнай ступені звязаны з эфектыўнасцю дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі. Менавіта на іх прыпадае 90% усіх судовых спраў, тут працуе асноўная колькасць суддзяў. Днямі, 10 кастрычніка, выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 454 "Аб мерах па ўдасканаленні дзейнасці агульных судоў Рэспублікі Беларусь". —<І> Гаворка ідзе не пра ломку судаводства, а пра змену часткі судовых працэдур і арганізацыі правасуддзя, — заявіў журналістам на прэс-канферэнцыі Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Сукала. — У прыватнасці, плануецца ўзмацненне аднаўленчых, прыміральных працэдур і скарачэнне карных і рэпрэсіўных функцый правасуддзя, што звязана з гуманізацыяй нашага крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства. Асноўная задача, пазначаная ва Указе, — павысіць якасць правасуддзя і адначасова максімальна спрасціць і скараціць час самога судовага працэсу, зрабіць усё магчымае, каб крымінальныя справы, заведзеныя за нязначныя злачынствы, якія не ўяўляюць грамадскай небяспекі, канчаткова вырашаліся і спыняліся яшчэ на дасудовай стадыі. Ужо сёння гэта актыўна выкарыстоўваецца. Толькі за першае паўгоддзе гэтага года, па словах Валянціна Сукалы, было спынена больш за 5 тыс. нязначных крымінальных спраў да вынасу іх на судовае пасяджэнне. Мяркуецца, што некаторыя саставы эканамічных злачынстваў будуць выключаныя з Крымінальнага кодэкса. Пашыраюцца магчымасці вынясення абвінаваўчага прысуду без прызначэння крымінальнага пакарання ў выпадку сацыяльнай кампенсацыі. Разглядаецца і магчымасць вынясення альтэрнатыўнага прысуду. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што за некаторыя, прадугледжаныя законам, варыянты злачынстваў суд можа прызначаць як пазбаўленне волі, так і грашовы штраф досыць сур'ёзнага памеру (да 3 тыс. базавых велічынь) з вызначэннем тэрміну яго выплаты. У выпадку, калі штраф выплачваецца, пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі не прымяняецца. Суддзі сёння перагружаны, але гэта не толькі беларуская, гэта сусветная праблема. Між тым павелічэння колькасці суддзяў у краіне не плануецца. Як лічыць Валянцін Сукала, яно цяпер аптымальнае з пункту гледжання арганізацыі судовай сістэмы (па міжнародных стандартах, 1 суддзя павінен прыпадаць на 6-7 тыс. насельніцтва; у нашай краіне сёння 1 суддзя на 8 тыс. насельніцтва). Пратакол судовых пасяджэнняў у тым выглядзе, у якім ён існуе сёння, састарэў і не адпавядае патрабаванням часу. Любы сакратар судовага пасяджэння фіксуе на паперы толькі 60% таго, што адбываецца ў зале судовага пасяджэння. Гэта выклікае мноства заўваг і нараканняў з боку ўдзельнікаў судовага працэсу. Затое поўны аўдыя- і відэазапіс пасяджэнняў выключыць усе пытанні. З другога боку, гэта будзе дысцыплінаваць удзельнікаў судовага працэсу і саміх суддзяў, — паведаміў Валянцін Сукала. Колькасць суддзяў, паводле яго слоў, можа быць нязначна павялічана толькі ў выніку стварэння новых спецыялізаваных судоў. У прыватнасці, гэта будуць суддзі, звязаныя з ювенальнай юстыцыяй, адміністрацыйным правасуддзем, падатковымі і зямельнымі справамі, справамі па абароне інтэлектуальнай уласнасці. — Нас не вельмі задавальняе інстытут народных засядацеляў у тым выглядзе, у якім ён існуе. Там ёсць фармальныя моманты, ён не выклікае належнага даверу ў людзей. І я не выключаю, што дзейны інстытут народных засядацеляў будзе паступова трансфармавацца ў суд прысяжных, — заявіў Валянцін Сукала. Дарэчы, у тых краінах, дзе існуе суд прысяжных, пад яго падпадае вельмі невялікая колькасць спраў — ад 2 да 5%. Асноўная частка правасуддзя ажыццяўляецца аднаасобна прафесійным суддзёй. Мяркуецца, калі ў нашай краіне будзе ўведзены гэты інстытут, ён таксама будзе выкарыстоўвацца ў вельмі абмежаванай колькасці крымінальных спраў, як правіла, звязаных з найбольш цяжкімі і небяспечнымі злачынствамі. Надзённым сёння з'яўляецца і прымусовае выкананне судовых рашэнняў. Многія грамадзяне лічаць неабавязковым пры атрыманні выканаўчага ліста зрабіць усё ва ўказаны тэрмін, спрабуюць пазбегнуць выканання рашэння суда. Таму сёння будзе разглядацца пытанне аб вызначэнні не толькі адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне судовых рашэнняў і непавагу да суда, але я не выключаю і ўвядзенне крымінальнай адказнасці за грубае невыкананне судовых рашэнняў, — заявіў журналістам старшыня Вярхоўнага Суда. Не выключае ён і ўвядзенне інстытута судовых прыставаў, як у РФ. Санкцыі Еўрасаюза ў адносінах да беларускіх суддзяў з'яўляюцца недапушчальнымі, заявіў Валянцін Сукала, каментуючы ўвядзенне візавых абмежаванняў ЕС у адносінах да беларускіх суддзяў і пракурораў. Ён падкрэсліў, што цяпер існуюць агульныя міжнародныя дакументы аб незалежнасці суддзяў, і ўсе яны забараняюць увядзенне якіх-небудзь санкцый у адносінах да суддзяў. "Такія меры мы разглядаем як шантаж і ўмяшанне ў судовую сістэму Беларусі. Мы лічым гэта недапушчальным", — сказаў старшыня Вярхоўнага суда. Святлана Бусько. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стан правапарадку і законнасці ў краіне ў значнай ступені звязаны з эфектыўнасцю дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі. Менавіта на іх прыпадае 90% усіх судовых... |
|