"Пры актыўным удзеле"
14.10.2011
—
Новости Общества
|
Пайшла ад нас Таццяна Ліёзнава, стваральнік легендарнага серыяла "Сямнаццаць імгненняў вясны", іншых знакавых кінастужак савецкага перыяду. Не было, відаць, у Савецкім Саюзе такога чалавека, які б не глядзеў кінаэпапею пра Шцірліца. І цяпер старэйшыя людзі ўспамінаюць, як замірала жыццё ў гадзіны, калі вялася трансляцыя чарговай серыі. Хто чытаў твор Юліяна Сямёнава, той ведае, што ў аснову сцэнарыя стужкі быў пакладзены звычайны дэтэктыў. Незвычайным зрабіла яго Ліёзнава. Яна падабрала склад акцёраў, яна вылічыла Ціханава як увасабленне ідэальнага разведчыка. Маленькімі эпізодамі, поўнымі псіхалагізму, яна змагла пабудаваць суцэльны твор. Што датычыць прафесійных разведчыкаў, то яны, на мой погляд, павінны зараз скідвацца на помнік майстру. Бо ў рускамоўнай кінематаграфіі ніхто ні да гэтага, ні пасля не змог нават наблізіцца да ўзроўню вобраза палкоўніка Ісаева. І няхай на пэўным этапе казалі, што фільм прапагандысцкі, савецкі, ідэалагізаваны, усё гэта выглядала як укусы з падваротні зайздроснікаў. Брахаць і кусаць можна, пераўзысці — нельга. Хутка сорак гадоў фільму, а ён не састарэў, яго кожны раз глядзіш і адкрываеш нешта новае. І як сказаў нехта з калег Таццяны Міхайлаўны, калі яны сабраліся ў студыі канала РТР з сумнай нагоды, фільм зрабіў больш, чым усе пастановы ЦК КПСС і пазнейшыя рашэнні органаў улады на тэму ўзмацнення ідэалагічнай работы. Так і ёсць. Толькі зусім невясёлым кур'ёзам выглядае сёння тагачасны факт ушанавання творчай групы фільма. Вячаслава Ціханава ўзнагародзілі зоркай Героя Працы, іншых выканаўцаў — іншымі ордэнамі, а рэжысёр атрымала самую сціплую ўзнагароду — ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі — з фармулёўкай "За актыўны ўдзел у вытворчасці фільма". Па-першае, нацыянальнасць у рэжысёра аказалася не тая, а па-другое, раней людзі гэтай прафесіі былі трошкі падобныя на байцоў нябачнага фронту, іх успаміналі толькі ў цітрах. Гэта цяпер любой прэм'еры папярэднічае шырокі піяр маэстра-стваральніка. Відаць, так і трэба. Бо хто раней асабліва ведаў аўтара шэдэўра "Тры таполі на Плюшчысе" 1967 года? І калі вышэйназваны фільм не атрымаў ніякіх "оскараў", то гэта не азначае, што ён не дарос да іх. Гэта азначае, хутчэй, што "оскары" не дараслі да яго. Ды і, відаць, ніхто ні на якія фестывалі карціну не выстаўляў. Фільм — шчымлівы аповед пра мімалётнае каханне адзінокіх, але не свабодных людзей, кранае самыя глыбокія струны душы. Акрамя таго, удалы акцёрскі дуэт Таццяны Даронінай і Алега Яфрэмава. А музыка... Як і ў выпадку з "Сямнаццаццю імгненнямі", музыка да фільмаў здольная пражыць асобна ад іх. І ўсё гэта прыкметы рознабаковай творчай велічы рэжысёра Таццяны Ліёзнавай. Яна не здымала апошнія дзясяцігоддзі, бо казала, што не разумее патрэбы цяперашняга грамадства, перавагі сучаснага гледача. Як чалавек, на чыіх вачах абрынулася эпоха, рассыпаліся ідэалы пакалення, яна засталася сумленнай перад сваімі перакананнямі і сваімі ідэаламі. А іншыя прыстасаваліся, пачалі кляпаць прадукт на патрэбу. Толькі не выходзіць у іх зрабіць тое, што здольнае пражыць больш за дзень альбо год, хоць і арыентавана на густы сённяшняга гледача: простыя, немудрагелістыя, аднадзённыя. У такія прымітыўныя рамкі не ўціскаўся яе магутны рэжысёрскі дар, таму і заставаўся многія гады не запатрабаваны. Святлана ЯСКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пайшла ад нас Таццяна Ліёзнава, стваральнік легендарнага серыяла "Сямнаццаць імгненняў вясны", іншых знакавых кінастужак савецкага перыяду. Не было, відаць, у... |
|