Узаемаадносіны чалавека і мядзведзя
14.10.2011
—
Новости Общества
|
У старажытныя часы паляванне на мядзведзя было забаронена. Святасць у дачыненні да гэтай жывёлы таксама забараняла ўжываць яго мяса і шыць адзенне з яго скуры. Татэмістычны культ не дапускаў і проста згадваць мядзведзя ў звычайнай размове. Лічылася, што гэтая моцная і грозная жывёліна імгненна адзавецца і з'явіцца побач. Таму ў гутарковай мове ўладара мясцовых лясоў часцей за ўсё называлі такімі словамі: "сам", "гаспадар", "дзядуля", "млынар", "лешы", "касматы", "аўсяннік", "бортнік", "касалапы". Ды і сама назва "мядзведзь" узнікла з-за той самай падмены слоў, якія яго характарызуюць: "вядзьмед" — ведае, дзе мёд. Больш старажытная назва гэтай жывёлы — "бэр" (і сёння яго "месца жыхарства" завецца бярлогай, ці "логавам бэра"). Культ мядзведзя ў народнай традыцыі быў звязаны з культам Вялеса. Таму мядзведзя надзялілі функцыямі ахоўніка свойскай жывёлы. Каб засцерагчы яе ад сурокаў, у хляве, стайні вешалі амулеты — галаву мядзведзя ці яго лапу. Для таго ж хату і гаспадарчыя пабудовы абкурвалі мядзведжай поўсцю. Калі нячыстая сіла паводзіла сябе занадта заўзята, сяляне спецыяльна запрашалі мядзведніка і абводзілі вакол падворка мядзведзя, перакананыя, што гэта напалохае злы дух хаты ці хлява. У шэрагу народных уяўленняў мядзведзь надзяляецца дэманічнай сілай, знаходзіцца ў змове з лесуном, якому ён быццам бы з'яўляецца родным братам, а часам падпарадкоўваецца яму як свайму гаспадару. Таму лічылі: калі правесці мядзведзя праз "сурочаную" хату, то яна ачысціцца і перастане быць небяспечнай. Прысутнасць вобраза мядзведзя ў вясельных абрадах, у любоўнай магіі, лячэнні бясплоднасці, а таксама ў калядных і масленічных абрадах тлумачыцца тым, што мядзведзь у народнай культуры атаесамляецца з урадлівасцю. На Віцебшчыне для таго, каб наблізіць вяселле, трэба было ў хату прывесці прыручанага мядзведзя, і калі ён пачне раўці, дык у гэтай хаце неўзабаве будуць спяваць вясельныя песні. Прадказаннем хуткага вяселля лічылі і сон, у якім прысніўся мядзведзь. Часта на вяселлі нехта з гасцей пераапранаўся ў мядзведзя. Такога "гаспадара лясоў" запрашалі за стол, паілі гарэлкай, частавалі і прасілі блаславення для новай маладой сям'і — нараджэння моцных і здаровых дзяцей. Адно з самых распаўсюджаных вясельных пажаданняў гучыць так: "Дару медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі". А калі дзяўчына страціла цнатлівасць яшчэ да вяселля, то ў песні гучалі словы пра тое, што яе "задраў мядзведзь". Па паводзінах мядзведзя можна было даведацца аб тым, хто народзіцца (хлопчык ці дзяўчынка). Для гэтага цяжарная жанчына частавала прыручанага мядзведзя чым-небудзь смачным. Лічылася, калі ён зараве, — народзіцца дзяўчынка, а калі замыкае — хлопчык. Поўсць, кіпцюры, іклы і лапы мядзведзя шырока выкарыстоўваліся ў народнай медыцыне, часцей за ўсё для зняцця спуду, палахлівасці, ліхаманкі. З іх рабілі амулеты і насілі на шыі, таму што верылі — такі абярэг ахоўвае ад сурокаў і хвароб, надае чалавеку незвычайную сілу і ўпэўненасць. Сала мядзведзя даволі шырока выкарыстоўвалі пры лячэнні абмарожанняў ці апёкаў, а таксама пры радыкуліце. У Сібіры лічылі: калі з'есці сэрца мядзведзя, то адным разам можна пазбавіцца ад усіх немачаў. А калі памазаць лоб крывёю мядзведзя ці яго салам, памяць табе ніколі не здрадзіць. Па ўяўленнях беларусаў, мядзведзь, які прыйшоў у вёску, — да шчасця. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У старажытныя часы паляванне на мядзведзя было забаронена. Святасць у дачыненні да гэтай жывёлы таксама забараняла ўжываць яго мяса і шыць адзенне з яго скуры. |
|