Сёлета сена небагата, таму і цэны на яго высокія?. 21.by

Сёлета сена небагата, таму і цэны на яго высокія?

14.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У чарговы раз у рэдакцыйнай практыцы спрацавала своеасаблівая прыкмета адносна парнасці выпадкаў. Гэта калі на старонках газеты даецца адказ па пэўнай праблеме ці пытанні, а праз нейкі час на тую ж тэму паступае яшчэ адзін зварот (або некалькі) з іншых месцаў і ад іншых заяўнікаў. На гэты раз такім "каталізатарам" стала пытанне пра сена. Нагадаем, што ў нумары "Звязды" ад 6 кастрычніка пад рубрыкай "Гарачы" тэлефон" была змешчана публікацыя "Знайшлося сена і для трэцяй рагулі". У загалоўку, уласна, і адлюстраваная сутнасць праблемы, што ўзнікла ў жыхаркі вёскі Атраднае Любанскага раёна Вольгі Ільінічны Ахрамейкі...

Першай на тую заметку адгукнулася колішняя работніца СВК "Чарлёны" (а цяпер пенсіянерка) Вілейскага раёна. Нават не скардзілася, а неяк сціпла проста распавяла пра ўзніклую праблему. Сказала, што яшчэ ў жніўні звярталася да кіраўніцтва гаспадаркі, прасіла выпісаць сена. Патрэбна яго было няшмат, нейкія чатыры рулоны — 1,2 тоны прыкладна. "Я не стала б нікога турбаваць, але сёлета людзі сена не прадавалі. Таму мусіла — упершыню за пяць гадоў — звярнуцца ў гаспадарку. З сельскага Савета падрыхтавалі спісы і ў першую чаргу задавальнялі просьбы работнікаў сельскагаспадарчага кааператыва. Яно, калі разабрацца, і правільна: нам, колішнім работнікам, тое сена можна было падвезці і крыху пазней. Але вось мінула столькі часу, а яго так і няма..."

Рэдакцыя звязалася з выканаўцам абавязкаў начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вілейскага райвыканкама. Аляксандр ЯЦЫНА, выслухаўшы сутнасць праблемы, тут жа звязаўся з кіраўніком СВК "Чарлёны" Пятром МІГРАЛОЎСКІМ. Размаўляў так, каб усё было чутно журналісту "Звязды". "Не вырашана праблема з сенам у пенсіянеркі з вёскі Лыцевічы. Патрэбна ўсяго чатыры рулоны, чалавек усё аплаціць. Калі можна будзе падвезці ёй сена? Да канца тыдня зробіце?" Потым, ужо канкрэтна для рэдакцыі, Аляксандр Мікалаевіч дадаў, спасылаючыся на словы кіраўніка гаспадаркі, што на той момант, калі жанчына звярталася з просьбай выпісаць сена, аператыўна задаволіць яе не атрымалася, бо не было магчымасці. Ад сябе дадаў, што будзе трымаць гэтае пытанне на кантролі. "Калі сена па якойсьці прычыне не прывязуць, няхай жанчына тэлефануе асабіста мне". Разам з тым Аляксандр Мікалаевіч заўважыў, што СВК "Чарлёны" заўсёды аказвае дапамогу вяскоўцам, нараканняў з-за гэтага з боку апошніх ніколі не было. "Там і кіраўнік — чалавек адказны, ды і старшыня сельскага Савета баявы".

Наступным па чарзе патэлефанаваў мінчанін, які мае ў вёсцы Крыжоўка, непадалёку ад Мінска, дом, трымае там гаспадарку. У прыватнасці, коз, ды колькі! Зараз статак з казламі і казлянятамі налічвае ажно 47 галоў. "Некалі Прэзідэнт сказаў пра харчовую бяспеку краіны. Я лічу, што харчовую бяспеку асобнай сям'і для сябе самой яна сама і можа забяспечыць", коратка патлумачыў заяўнік гісторыю 13-гадовага развядзення коз. Пытанне мужчыны таксама датычыла сена, толькі ў некалькі іншым кантэксце — цэнавым. "Вы напісалі ў мінулы раз, што жанчыне прапанавалі сена па 250 тысяч рублёў за тону, бо ў гаспадарцы працуе яе муж. Каб у СВК ніхто з сям'і не працаваў, тое сена каштавала б вяскоўцам 380 тысяч рублёў за тону. Цяпер паслухайце маю гісторыю. Мне патрэбна было 6 тон сена. Звярнуўся на Ратамскі конезавод. Там паведамілі цану — мільён рублёў за тону, пры тым, што апошняя цана была каля 300 тысяч рублёў. Уяўляеце, тона сена каштуе столькі ж, колькі тона збожжа!" Сказаць па праўдзе, дапамога ў вырашэнні ўзніклай праблемы заяўніку была не патрэбная. Паводле яго слоў, ён знайшоў сена і збіраецца набыць яго ў іншым месцы па 420 тысяч рублёў за тону. У рэдакцыю мужчына патэлефанаваў, бо, можна сказаць, быў у пэўным сэнсе шакіраваны пачутымі лічбамі...

Каб удакладніць гэтую інфармацыю, рэдакцыя звязалася з галоўным эканамістам установы "Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі" Веранікай КАЗЮЛЬКАЙ. Высветлілася, што, сапраўды, ніякай памылкі няма: лішкі сена ахвотным могуць прапанаваць менавіта па такім кошце — мільён рублёў за тону. Што, зноў жа, сапраўды, супадае з цаной на збожжа. Як распавяла Вераніка Сяргееўна далей, у гэтай цане на сена падсумаваныя ўсе выдаткі: на паліва, угнаенні, зарплату. Ды і ўвогуле, сена, салому тут нарыхтоўваюць найперш для сваіх коней, прадаваць будуць толькі невялікі лішак. Нават ці будзе там 6 тон, якія патрэбныя былі нашаму заяўніку. І нават калі б ён пагадзіўся з прапанаванай цаной (пры ўмове дастаўкі сена транспартам конезавода), мужчына б чакаў яго пэўны час, паколькі прама зараз такой магчымасці няма. Увогуле, пакуль нікому нічога не прадавалі. А што тычыцца агульнай заўвагі наконт вялікай цаны, галоўны эканаміст сказала, што яна — свабодная. "Калі да нас звяртаюцца з пытаннямі пра сена, мы чуем, што ў іншых мясцінах паблізу нас яны прыкладна такія ж — ад 900 тысяч рублёў за тону. Сёлета шмат сена пагніло".

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У чарговы раз у рэдакцыйнай практыцы спрацавала своеасаблівая прыкмета адносна парнасці выпадкаў. Гэта калі на старонках газеты даецца адказ па пэўнай праблеме...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика