Падпісчыца, карэспандэнтка, прыгажуня
15.10.2011
—
Новости Общества
|
Таццяна Падліпская — карэспандэнт раённай газеты "Родная ніва", выкладчыца беларускай мовы ў школе ў вёсцы Вялікі Мох Клімавіцкага раёна і верная падпісчыца "Звязды". — Так, я люблю вашу газету! — усміхаецца сімпатычная клімаўчанка. — І нават ужо ўбачыўшы прозвішчы аўтараў, ведаю, пра што буду чытаць. Але ўсё ж найбольш мне падабаюцца фотаздымкі Анатоля Клешчука. Я захапляюся яго творамі: сама фатаграфую, і работы гэтага майстра для мяне — эталон, узор. Таццяна атрымала філалагічную адукацыю ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова. Сёння ж гэтая маладая, прыгожая і энергічная жанчына заканчвае завочнае навучанне па спецыяльнасці "Журналістыка". Яна вырашыла звязаць сваё жыццё з журналістыкай яшчэ ў юнацтве, пасля паспяховага ўдзелу ў творчым конкурсе адной з беларускіх газет. Цяпер яна працуе ў раёнцы і ўжо тры гады супрацоўнічае са "Звяздой" і іншымі рэспубліканскімі выданнямі.
Таццяна дасылае ў нашу газету свае заметкі, імкнецца знаходзіць цікавыя тэмы: — Я цікаўлюся рознымі старадаўнімі абрадамі і ўвогуле імкнуся знаходзіць незвычайнае ў звычайным. Часам вельмі сціплыя на выгляд і ў паводзінах людзі аказваюцца самымі таленавітымі, самымі цікавымі. Таццяна выйграла ў розыгрышы падпісчыкаў карысную рэч — прас. Гаворыць, што ўжо некалькі разоў дасылала на розыгрыш карткі, але ніякіх прызоў не атрымлівала. А вось у трэці раз (нездарма гавораць, відаць, што Бог тройцу любіць!) з лёгкай рукі сваёй калегі і аднагрупніцы ва ўніверсітэце, якая жартам паабяцала абавязковую перамогу, картка падпісчыка адправілася ў Мінск і, нарэшце, выйграла. — Я жадаю "Звяздзе" пашырыць чытацкую аўдыторыю! І, безумоўна, творчых праектаў, звязаных з рэгіёнамі, новых цікавых ідэй! Таццяна прызналася, што, як вельмі цікаўны чалавек, яна яшчэ ўвечары праглядае на сайце "Звязды" электронную версію новага нумара: хочацца ўбачыць, што там будзе заўтра ў газеце, які галоўны здымак і самыя цікавыя артыкулы. — Але мне падаецца, — зазначае маладая журналістка, — што нішто не заменіць задавальнення ад чытання звычайнай газеты, калі бярэш у рукі паперу, якая шамаціць, і адчуваеш пах друкарскай фарбы. Таму, мне падаецца, што нармальную газету ніколі не заменіць электроннае выданне. Такі мой прагноз. Як і ўсе мы, Таццяна радуецца прыгожым (апошнім цёплым?) восеньскім дням. Рэдакцыя клімавіцкай раёнкі знаходзіцца якраз насупраць цэнтральнага парку, і таму фотаздымак з падарункам яна прапанавала зрабіць менавіта на фоне восеньскіх дрэў і жоўтага лісця. Я, вядома, не Кляшчук, але атрымалася нядрэнна. Ці не так? З павагай да калегі і з пажаданнямі ўдачы ўсім падпісчыкам "Звязды" ў новым розыгрышы, Ілона Іванова. г. Клімавічы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таццяна Падліпская — карэспандэнт раённай газеты "Родная ніва", выкладчыца беларускай мовы ў школе ў вёсцы Вялікі Мох Клімавіцкага раёна і верная падпісчыца...
|
|