Падрыхтоўка аўтамабіля да зімы. 21.by

Падрыхтоўка аўтамабіля да зімы

26.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як не стаць колам у мароз і не разбіцца на лёдзе?

Вось-вось у Беларусі прымарозіць. І, як гэта часта бывае, някемлівыя аўтааматары сутыкнуцца з праблемамі.

Пры нізкіх тэмпературах машына можа не завесціся, а верагоднасць аварый вырастае ў разы.

Як зрабіць зімовую язду бяспечнай? Пра гэта ў матэрыяле "Звязды".

Перш-наперш — зімовая гума

Так званыя летнія і ўсесезонныя пакрышкі ў халады дубеюць. І пераўтвараюцца ў аўтаканькі. Вось чаму падчас першых снягоў колькасць дарожна-транспартных здарэнняў павялічваецца ў разы. Кіроўцы не разлічваюць тармазны шлях і ўразаюцца адно ў аднаго.

Пры гэтым нават спакушаны аўтамабільны ас можа не зрэагаваць належным чынам і разбіць машыну з-за няправільных пакрышак.

У ДАІ пры разборы аварый наяўнасць летняй гумы ўзімку лічыцца абцяжвальнымі абставінамі.

Вось чаму цывілізаваны чалавек павінен усталяваць на шынамантажы зімовую гуму. Вось толькі калі гэта зрабіць?

<І>— Калі тэмпература асфальту ніжэй за +10, можна бязбоязна "пераабувацца", — тлумачыць майстар-аўтаслесар Вадзім ШЭЎЧЫК. — Каб не ствараць потым у горадзе аварыйныя сітуацыі.

Краіны Заходняй Еўропы, дзе здараецца мінусавая тэмпература, карыстаюцца такой датай: з першага лістапада павінна стаяць зімовая гума. А з першага красавіка ўсе пераабуваюцца ў летнюю гуму. У іх гэта закон, у нас — парада.

Некаторыя нашы людзі думаюць: змяню гуму, калі пойдзе першы снег. І стаяць у шматгадзінных чэргах. Але ёсць і такія, якія пачынаюць думаць толькі тады, калі ў што-небудзь урэжуцца.

Калі выпадае першы снег — да шынамантажу чарга ў некалькі кіламетраў. Тады нярэдка ўзнікаюць сваркі паміж людзьмі: "Я прыйшоў, я прыехала, а ў мяне маці хворая, а ў мяне — тата". Колькі разоў было: прыязджае чалавек, займае чаргу і вяртаецца па гуму. У выніку прыязджае яго машына з разбітым перадам.

Пускавыя механізмы — глабальная праблема ўзімку

Знаёмая карціна ў маразы: ужо пры мінус 15 ладная частка вашых суседзяў не здолела завесці свае аўтамабілі.

Таму, змяніўшы гуму, неабходна правесці прафілактычныя мерапрыемствы, каб матор не заглух.

— Самае асноўнае — праверыць пускавыя механізмы, — раіць сталічны аўтамайстар Сяргей Ануфрыенка.У дызельных машынах — гэта фарсункі і свечы напальвання. Усе фарсункі павінны быць у працоўным стане, што высветляць на СТА. Тое ж самае і з так званымі свячамі напальвання, якія служаць для аблягчэння халоднага пуску рухавіка. Яны маюць свой рэсурс — ад 40 тысяч кіламетраў і больш. Перад зімой неабходна праверыць спраўнасць кожнай свячы. Іначай у халады могуць узнікнуць праблемы з пускам.

Што тычыцца бензінавых рухавікоў, раю праверыць так званыя свечы запальвання, з дапамогай якіх адбываецца загарванне паліўна-паветранай сумесі. Таксама праверце, ці не сапсаваліся высакавольтныя правады, якія служаць для перадачы электрычных імпульсаў ад катушкі запальвання на свечы.

І ў дызельных, і ў бензінавых аўтамабілях трэба праверыць паўнавартаснасць акумулятара. Нават калі ён у вас добрай фірмы, усё мае свой рэсурс. Калі акумулятару шэсць-сем гадоў ці больш, могуць пачацца праблемы. Нават калі ўлетку аўто заводзілася без праблем, то ўзімку ад генератара падчас язды паступае менш энергіі. Гэта звязана з тым, што трэба сілкаваць падагрэвы сядзенняў, шкла, часцей уключаны фары, больш інтэнсіўна працуюць дворнікі. Прычым недахоп паступлення энергіі ад генератара кампенсуецца акумулятарам. І калі ён стары, то хутка разраджаецца.

Не заліваць летнюю салярку ў холад

Многія беларускія аўтааматары маюць моду набываць паліва ў запас. На аўтазапраўках альбо іншымі хітрымі шляхамі. І калі з бензінам звычайна няма фатальных праблем, то летняя салярка ў моцны мароз не тое што спыніць вашу машыну, але створыць праблемы ў паліўнай сістэме.

Таму старайцеся своечасова заліваць у бак нармальную зімовую салярку з АЗС.

— Таксама раю своечасова замяніць так званы паліўны фільтр, — кажа аўтамеханік Сяргей Ануфрыенка. — Разам з брудам, пылам ён адсякае ад паліва і ваду, якая ў маразы ледзянее. Старайцеся мяняць паліўны фільтр не радзей за 30 тысяч кіламетраў прабегу.

Своечасова пераходзьце на "незамярзайку"

Здавалася б, гэта найпрасцейшае мерапрыемства. Але многія кіроўцы да апошняга цягнуць і не выпырскваюць летнюю шклоамывальную вадкасць. У выніку вада замярзае ў шланжыках падачы — і вы вымушаны ездзіць з забруджаным шклом, навобмацак. Калі на шашы слота, лабавое шкло забруджваецца ў секунды, і ехаць папросту немагчыма.

"Незамярзайку" варта набыць задоўга да маразоў і своечасова яе заліць. Пры гэтым лепш не эканоміць, не перамешваць яе з летняй вадкасцю, а адразу напоўніць бачок зімовай "незамярзайкай".

Дарэчы, прадукцыя беларускай вытворчасці вытрымлівае маразы да -20, але каштуе ўжо нашмат больш за 20 тысяч за чатырохлітровую пластыкавую ёмістасць.

Як правільна даглядаць кузаў?

Наша вільготная беларуская зіма — сапраўдны "кілер" для аўтамабільнага металу. Па-першае, для кузава небяспечныя перапады тэмператур. Вада трапляе ў мікрашчылінкі і, калі замярзае, пашыраецца, руйнуючы пакрыццё.

З гэтай прычыны мыць аўтамабіль штодня — не надта карысна. З іншага боку, тэхнічная соль, якой пасыпаюць дарогу, таксама спрыяе карозіі металу.

Таму лепш выбіраць нешта сярэдняе: мыць машыну прыкладна раз на тыдзень. Акрамя таго, недарагім антыкаразійным сродкам лічыцца воск.

Яўген ВАЛОШЫН.

Што аўтааматару варта мець з сабой у маразы?

Шчотка (для змятання снегу), скрабок (для ачысткі шкла і люстэркаў ад лёду).

Правады прыкурвання (дазваляюць завесціся ад іншай машыны, калі ваш акумулятар разрадзіцца).

Трос для буксіравання.

Пластыкавая ёмістасць з "незамярзайкай".

Універсальная рыдлёўка (на выпадак, калі загразнеце ў снезе).

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як не стаць колам у мароз і не разбіцца на лёдзе? Вось-вось у Беларусі прымарозіць. І, як гэта часта бывае, някемлівыя аўтааматары сутыкнуцца з праблемамі. Пры...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика