Чым можа скончыцца моўная абыякавасць?. 21.by

Чым можа скончыцца моўная абыякавасць?

29.10.2011 12:38 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чым можа скончыцца моўная абыякавасць?


У канцы мінулага года супрацоўнікі газеты "Звязда" паспрабавалі фактычна ацаніць рэальнае становішча беларускай мовы ў беларускай краіне. Да напісання матэрыялаў былі прыцягнуты самыя кампетэнтныя філолагі, лінгвісты, літаратары, грамадскія дзеячы. Праводзіліся гутаркі з вядомымі чыноўнікамі. Часам гутаркі былі ананімныя, некаторыя людзі, нягледзячы на афіцыйны статус, не пажадалі адкрыта прысутнічаць на старонках рэспубліканскай газеты.

У выніку было праведзена адпаведнае журналісцкае расследаванне, у якім былі прыведзены канкрэтныя факты, якія пасля выхаду публікацыі ніхто не ўзяўся аспрэчваць. Матэрыялы расследавання былі надрукаваны ў нумарах за 28, 29 і 30 снежня мінулага года і шырока разышліся па беларускім інтэрнэце.

Высновы расследавання аказаліся не самымі аптымістычнымі, калі выказвацца дыпламатычна. Але рэальнымі. Напрыклад, аказалася, што ў спажывецкай сферы нацыянальная мова амаль адсутнічае. Не, вы зможаце пачытаць беларускамоўны тэкст на пачках ад соку, напрыклад. Але гэта напішуць расіяне. Нашы сокі — зрусіфікаваныя дашчэнту. Альбо мова прысутнічае на пачках ад цыгарэт. Але гэта расійскія цыгарэты, ніяк не нашы. На нашых — усё па-руску. Купляючы ёгурт, зроблены ў якой-небудзь беларускай вобласці, вы не знойдзеце на кубачку ні слова на нацыянальнай мове. Тэарэтычна, калі я валодаю толькі беларускай мовай, я не зразумею, што гэта: ёгурт ці асліная мача. Але гэта нікога не турбуе, маўляў, не выкабеньвайся.

Тое ж самае ў афіцыйнай сферы. Чыноўнікі нават не думаюць карыстацца СВАІМ словам, маўляў, "мы имеем право по закону использовать или русский, или белорусский язык".

Колькі гутарак было пра тое, што закон неабходна ўдасканальваць, што злучнік "ці" забівае ідэю двухмоўя, бо зазвычай "слуга народа" выбірае найлягчэйшы варыянт — рускую мову.

На словах падчас прыватных гутарак людзі пагаджаюцца: "Трэба ўдасканальваць закон! Трэба рабіць!" На справе — сядзяць у кустах і не варочаюцца. А моўнае занядбанне імкліва працягваецца само сабой.

* * *

Не так даўно мне давялося праехацца па ўкраінскай шашы і паслухаць мясцовае радыё. Выступаў адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў. Па-ўкраінску, хоць і з памылкамі. Потым мясцовыя калегі патлумачылі, што ўлады, якія да выбараў называлі ледзь не русіфікатарскімі, загадалі ўсім афіцыйным асобам ужываць нацыянальную мову.

Не так даўно я размаўляў з адным нашым чыноўнікам. Той распавядаў пра свой рэгіён, пра тое, як шмат добрага робіцца ў плане моўнай палітыкі. А нядаўна з'ездзіў у той рэгіён і аслупянеў — новыя шыльды шмат дзе пішуцца па-руску. У горадзе ствараецца новы музей, дзе будуць выстаўлены партрэты колішніх губернатараў, многія з якіх, дарэчы, зрабілі істотны ўнёсак у занядбанне шляхетнай беларускай культуры. Ды і свае пасады некаторыя мясцовыя чыноўнікі называюць на стары манер Расійскай імперыі...

* * *

Скончыўшы ў свой час Ліцэй пры БДУ і Белдзяржуніверсітэт, я быў найлепшай думкі пра беларускіх педагогаў. Яно і зразумела: куды ні зірні — прафесіяналы. Вандруючы па Беларусі, выступаючы ў вясковых школках, мне таксама трапляліся фантастычныя выкладчыкі — фанаты, інтэлігенты! Для іх не мае вагі ні нізкая зарплата, ні кпіны. У такіх настаўнікаў і дзеці выпускаюцца адмысловыя: міжнародныя алімпіяднікі, выдатнікі, проста прыстойныя людзі.

Але пасля выхаду нашага расследавання праз каментары на сайце і тэлефанаванні пасыпаліся скаргі ад бацькоў і іх дзяцей: "Нам настаўніца накрэмзала на дзённіку: "Писать только по-русски". "У мяне з-за беларускамоўнасці ўзнікаюць канфлікты і г.д." Гэта сітуацыя ганебная і недапушчальная. Але пра тое, каб такіх настаўнікаў адправілі гандляваць мандарынамі, я не чуў. Відаць, ёсць свае заступнікі.

Безумоўна, пэўныя захады ў абарону мовы робяцца. Напрыклад, у некаторых гарадах чыноўнікі "бласлаўляюць" з'яўленне беларускамоўных рэкламных шчытоў уздоўж дарог. Раз на год праводзяцца "Дзень беларускага пісьменства", "Дзень роднай мовы", бясконца падпісваюцца разнастайныя "захады па ўкараненні беларускай мовы ў грамадстве" (хоць тыя з-за няграматнага падыходу часта не маюць эфекту). Яшчэ абяцаюць стварыць беларускамоўны канал. Хоць і так некаторыя тэлевядоўцы, якія спрабуюць размаўляць па-беларуску, гавораць, нібы дрын у рот паклаўшы. Атрымліваецца моўная дыскрэдытацыя, і нядзіўна, што гледачы падкрэсліваюць: "Калгаснік (калгасніца)". Таму што вядзеш праграму па-беларуску — размаўляй на роднай мове ў жыцці. Не можаш размаўляць — звярніся да лагапеда ці пачытай беларускую літаратуру, якая, дарэчы, высока ацэньваецца шмат дзе за мяжой.

У той жа час, калі я бяру інтэрв'ю ў найвыдатнейшых людзей Беларусі, тыя часта і нечакана цудоўна валодаюць мовай. Напрыклад, спартсмены. Трэнер адзінага беларускага медаліста на апошнім чэмпіянаце свету па боксе валодае мовай дасканала. У зборнай па муай-тай мовай на высокім узроўні валодае яшчэ адзін трэнер і некаторыя спартсмены. Пра іншыя віды спорту амаль не пішу, таму не ведаю. Але з тым жа сутыкаюся, калі бяру інтэрв'ю ў праграмістаў, юрыстаў, бізнэсоўцаў...

Аднак з-за недасканалага патрыятычнага выхавання і гэтыя людзі з часам расчароўваюцца ды з'язджаюць у Маскву, Кіеў, Германію, ЗША...

Я маю некалькіх беларускамоўны знаёмых у Нью-Ёрку, якія будуюць там шалёныя кар'еры... Там, а не дома. І ў многім гэта здараецца з-за няправільнага выхавання беларускай эліты, моўнай абыякавасці і маладушша "настаўнікаў". Бо здаровы патрыятызм — гэта той чыннік, які дапамагае ісці на ахвяры ў імя СВАЁЙ краіны і перажываць складаныя часы.

Але шанцаў у маладой беларускай эліты, на мой погляд, сёння няшмат. І яны — нярэдка ад'язджаюць. І гэтыя працэсы міграцыі, я лічу, у многім залежаць ад моўнай палітыкі.

* * *

На што неаднаразова звярталі ўвагу спецыялісты: наша грамадства падзелена на два лагеры — "нашы" і "не нашы". Беларускую мову зрабілі асноўнай прыкметай другога лагера. І хоць ты колам галаву прычэсвай, але размаўляеш па-беларуску — значыцца, "не наш"?

Што рабіць, каб вырашыць гэту глабальную праблему? Ці магчыма гэта і ці не позна? Я лічу, што магчыма. Захады, якія дакладна спрацуюць, выпрацаваны. Але абыякавасць, неразуменне праблемы і нежаданне яе вырашаць схіляюць да не вельмі аптымістычнага погляду на будучыню.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У канцы мінулага года супрацоўнікі газеты "Звязда" паспрабавалі фактычна ацаніць рэальнае становішча беларускай мовы ў беларускай краіне. Да напісання матэрыялаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика