Дзіма КАЛДУН: "Ганаруся, што нарадзіўся і вырас у Беларусі"
02.11.2011
—
Новости Общества
|
Дзіма Калдун — адзін з нямногіх расійскіх артыстаў, якімі так любяць сёння хваліцца беларусы. Маўляў, а вы ведаеце Калдуна, так? А ён наш! На "Фабрыцы" перамог, у Маскву прабіўся, а сам жа — беларус. Калі ж гаворка заходзіць пра "Еўрабачанне", то на Дзіму ледзьве не моляцца. Яно і зразумела: Калдун — адзіны беларус, які не толькі прайшоў у фінал, але і заняў там пятае месца... Чым жыве сёння Дзіма Калдун? Што думае пра чарговы ўдзел ў "Еўрабачанні"? Ці падтрымлівае стасункі з маскоўскімі "беларусамі" і ці збіраецца нарэшце ажаніцца? Карэспандэнту "Звязды" спявак распавёў, чаму не любіць афішаваць прыватнае жыццё і што трэба зрабіць, каб беларускамоўная песня загучала на "Еўрабачанні". Хімія і музыка — Ты па адукацыі хімік, калі я не памыляюся. Ці спатрэбіўся табе дыплом і ці плануеш працаваць па спецыяльнасці?
Хімія — навука, якая патрабуе вялікага цярпення, стараннасці ў навучанні. А займацца музыкай можа, лічы, кожны. Тут канкурэнцыя — нашмат вышэйшая, чым у хіміі. Ды і музычны рынак — больш цынічны. — Ці можна казаць пра сяброў у музычным свеце? — Сяброўства існаваць можа. Але часцей людзі, якія займаюцца музыкай як рамяством, з вялікім скепсісам ставяцца адно да аднаго і паўсюль шукаюць падвох. Калі ў навуцы людзі аб'ядноўваюцца, каб вынайсці штосьці новае, то ў музыцы кожны сам па сабе. Якраз гэта і адрознівае шоу-бізнэс ад астатніх сфер. "Усе лічаць, што Беларусь — бедная краіна. Але гэта мая зямля, і я ёй ганаруся" — Даволі шмат беларускіх музыкантаў заявілі пра сябе ў Маскве: Падольская, Дакота, Аляхно, Агурбаш, Смолава. Мяне заўсёды цікавіла: якаясьці братэрская супольнасць тыпу "мы — беларусы" ў Расіі ўвогуле існуе? — Не. Няма ніякага братэрства, няма ніякага асэнсавання таго, што "мы — беларусы". Наадварот, скажаш часам: "Вось мы з табой — беларусы". А табе адкажуць: "Я ў Беларусі даўно не быў, ды і, увогуле, я ўжо даўно тут". Чуць такое крыўдна, я так не магу: калі доўга не прыязджаю ў Беларусь — пачынае балець галава. Але, вядома, у кожнага свой выбар. — Як ты лічыш, ці павінен артыст быць прывязаным да Радзімы і ці павінен заяўляць пра сваю нацыянальнасць? — Я лічу, што не трэба гэтага саромецца. Трэба казаць, як ёсць: нарадзіўся ты ў Таджыкістане або дзесьці яшчэ — то і ганарыся гэтым. Бо гэта галоўнае — чаго ты змог дасягнуць. Я — ганаруся, што я нарадзіўся і вырас у Беларусі. Мне прыемна казаць, што я з Мінска. Гэта мая зямля. Хоць у Расіі часам лічаць, што Беларусь — малодшая сястра Расіі — бедная краіна, якая не мае прыродных рэсурсаў і пастаянна бярэ крэдыты. Пра "Фабрыку" і беларусаў... — Зусім нядаўна ў эфіры расійскага Першага канала фінішавала "Фабрыка зорак. Вяртанне". Цябе не запрашалі ці ты сам адмовіўся ад удзелу? — Ніхто мяне туды не запрашаў. З Віктарам Дробышам, які адказваў за маю "Фабрыку", у мяне неяк не склалася. Таму мяне там і не было. З іншага боку, праект мяне асабліва не натхніў. Я не лічу, што там сабралі найлепшых. Мне, напрыклад, было б цікава паспаборнічаць з Іракліем, Юляй Савічавай — артыстамі, якія засталіся і трымаюць планку. — Ці падтрымліваеш адносіны з былымі "фабрыкантамі"? — Не. Сустракаемся часам, але, хутчэй, каб толькі выпіць трохі і разысціся. Гэткія вечары-сустрэчы выпускнікоў. — Як лічыш, ці саспела Беларусь для сваёй "Фабрыкі"? Вунь, ва Украіне ўжо які год свой аналаг існуе... — У нас даўно ўсё СВАЁ абліваецца памыямі — гэта ў нас у крыві, я так лічу. Прычым незалежна, каўбаса гэта (чамусьці французская лічыцца лепшай за беларускую), ці песні (украінскія нібыта лепшыя за беларускія). У тыя ж вароты і беларускія выканаўцы: што называецца, "прабачце, а можна, мы тут пастаім..." Трэба разняволіцца. І гледачам, і прадзюсарам. Дадаць жыцця, эксперыменту, каб не здавалася ўсё такім акадэмічным. Патрэбная свежасць. Калі праект прынясе свежасці — людзі будуць яго глядзець. — Магчыма, ты чуў: хутка на АНТ будзе запушчаны новы праект "Акадэмія талентаў". Гэта аддалены варыянт "Фабрыкі": удзельнікі не будуць жыць у доме, але яны будуць спяваць. Сярод тых, хто прайшоў кастынг, прадзюсары выбяруць у сваю каманду некалькі вакалістаў. Пазней на справаздачных канцэртах (форма батлаў) слабейшыя артысты будуць выбываць... — Ёсць жа такое выслоўе: "Стукайце — і вам адчыняць". Калі моладзь адчувае патэнцыял, то цудоўна, што яны могуць выпрабаваць сябе. У нас жа асабліва і пастукаць няма куды. Такіх праектаў ужо даўно не было — галоўнае, каб нічога не сапсавалі. Бо спачатку заўжды ўсё цудоўна, радасныя перспектывы, а пасля чалавек перамагае... І што? З ім нічога не адбываецца — ён проста "сядзіць на кантракце". Пра "Еўрабачанне": выйсці з шашкай у поле — гэта не варыянт, на "Еўрабачанне" трэба назапашваць зброю — Падчас дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску ты прэзентаваў песню для ЮНІСЕФ. Ці былі пасля якіясьці прапановы для міжнароднага супрацоўніцтва? — Не было ніякіх прапаноў. Калі разам з ЮНІСЕФ запісалі песню, яны сказалі: "Так, зараз мы ўсё зробім — усё будзе ў шакаладзе". І — як заўсёды. Дзіцячае "Еўрабачанне" — проста як успышка, якая раптоўна ўзнікла і гэтак жа раптоўна згасла. Працягу не было. Як для музыканта, для мяне галоўнае, што нашу песню пачулі ў Еўропе. — Наколькі я памятаю, летась ты падаваў заяўку на "Еўрабачанне" ад Беларусі, аднак тады выбралі Насцю Віннікаву. Як адчуваеш сябе сёлета? — У мяне дваякія адчуванні. Пакуль не ведаю. Насамрэч, гэта вялікі марафон. Само выступленне вырашае толькі палову. Уся астатняя праца павінна праводзіцца за кулісамі. Патрэбны пастаянныя рэпетыцыі. Калі я ездзіў на конкурс, то рэпеціраваў кожны дзень па тры гадзіны на працягу двух месяцаў. Таму калі я чую нешта накшталт "я дрэнна спявала, бо кандыцыянер працаваў", — для мяне гэта "бытавуха": каго хвалюе, працаваў там кандыцыянер ці не? Гэта як поле бою: рыхтавацца трэба загадзя. Не проста выйсці ў поле з шашкай і махаць ёй там, а назапасіць зброю, натрэніравацца, стратэгію прадумаць. Каб, калі ты выходзіш на сцэну, у цябе было адчуванне, што ты ўжо ўсё зрабіў і засталося толькі паўтарыць. — Колькі гадоў удзельнічаем, столькі гадоў беларусы не рызыкуюць адпраўляць на конкурс песню на роднай мове. Як лічыш, мы баімся ці іншае што? — Артысты ставяць у першую чаргу на прыбытак, а не на мову. Вось з'ездзіць чалавек з мовай на "Еўрабачанне", а пасля што? Куды гэтую мову дзяваць, як з ёй зарабляць? Усім зручней спяваць або на англійскай, або яшчэ на невядома якой. Таму не беларуская мова ў чымсьці вінаватая, а камерцыйная каштоўнасць. У беларускай жа мовы ёсць аднак адна перавага над рускай. Песні па-беларуску гучаць добра ў мажорнай танальнасці. Калі ўзяць, скажам, якуюсьці амерыканскую класічную песню і перакласці яе на рускую, яна не будзе гучаць. Іншая справа — беларускамоўны варыянт: наша мова дазваляе спяваць у мажоры і пашыраць такім чынам магчымасці творчасці. Таму, калі песня па-беларуску будзе прыгожая, яна можа мець поспех. Не факт, што будзе першае месца, але заявіць пра сябе — шанц добры. "Калі і пабяруся шлюбам, то нікому пра гэта не скажу" — Якія апошнія навіны ў жыцці спевака Дзімы Калдуна? — Заканчваю працу над другім альбомам, выхад якога запланаваны на зіму. — Працуеш, як і раней, без прадзюсара? — Так. — Ці цяжка прабівацца самому? — Што датычыць дыска, то дыск — абсалютна некамерцыйны прадукт. Я буду шчаслівы, калі хаця б кошт запісу "адаб'ю", — за гэты год і так ужо дзве пірацкія пласцінкі выйшлі... Ну, як я магу зарабляць на дысках? — Калі запісы не прыносяць даходу, то трэба шукаць нейкае іншае выйсце... — Пэўныя грошы прыносяць аўтарскія ганарары з ратацый, з рынгтонаў, якія прадаюць мабільныя аператары. Але асноўны прыбытак — канцэрты: карпаратывы або масавыя мерапрыемствы. — Ці плануе Дзіма Калдун у бліжэйшы час пабрацца шлюбам? — Калі я і збяруся, то нікому пра гэта не скажу. — Чаму? — Ёсць людзі, якія робяць піяр на прыватным жыцці. Мне гэта нецікава. Я ніколі не афішую асабістае жыццё, я проста займаюся музыкай. Вядома, людзям куды больш цікавей вычытаць штосьці пікантнае пра артыста. Мяне ў жоўтых газетах кшталту "СНІД-Інфо" няма. І гэта мая ініцыятыва: калі б я хацеў штосьці пра сябе прыдумаць, то даўно б гэта зрабіў. Гутарыў Ілья ЛАПАТО. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзіма Калдун — адзін з нямногіх расійскіх артыстаў, якімі так любяць сёння хваліцца беларусы. Маўляў, а вы ведаеце Калдуна, так? А ён наш! На "Фабрыцы" перамог, у... |
|