Спажывецкая паніка: ці можна абдурыць інфляцыю. 21.by

Спажывецкая паніка: ці можна абдурыць інфляцыю

08.11.2011 17:10 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Спажывецкая паніка: ці можна абдурыць інфляцыю


Грэчка, алей, цукар, мяса — што далей? Пасля шалёнага ажыятажу на выпадковыя тавары для беларусаў, напэўна, надышоў час зарыентавацца. На што ж пусціць свой заробак, пакуль ён не абясцэніўся цалкам?
З інфляцыяй беларускага рубля можа параўнацца хіба што хуткасць росту маладзіка — штотыдня расце да поўні.
 
Рынкавыя адносіны 
Першага лістапада, калі праезд падаражэў да 1300 рублёў, бабуля ў сінім савецкім плашчы ехала 12-м тралейбусам на мінскі рынак "Камароўка". Ва ўсім салоне яна была адзінай, хто запытыўся ў кандуктара пра кошт квітка. Было відаць, што бабуля не арыентуецца ў лічбах, бо даўно не плаціла за праезд. Ездзіць "зайцам".
 
— Ну хоць калісьці трэба плаціць, — уздыхае кандуктар. — Апошнія паўгода квіткі купляюць усё менш людзей. Большасць эканомяць праз праязны, а іншыя — праз штрафы. Зараз быць "зайцам" яшчэ і выгадней: штраф у 7 тысяч акупаецца за 5 паездак.
 
Перамагчы крамы 
На сталічным рынку "Камароўка" свежымі выглядаюць як прадукты, так і цэннікі — іх перапісваюць раз на тыдзень, не радзей. Гандлярцы цяжка палічыць, колькі разоў за год яна мяняла этыкетку, каб кошт бананаў вырас з 3 да 12 тысяч. Аматарам эканоміі і бананаў Наталля раіць адно:
– Прыходзьце бліжэй да закрыцця, у нас бываюць зніжкі. У залежнасці ад аб'ёму можна сэканоміць тысяч 5.
 
Дамовіцца на больш нізкі кошт можна і з гандлярамі шампіньёнамі, калі набыць грыбоў больш за 5 кілаграмаў. Тое ж адбываецца і са свіным рагу: пасля 16 гадзін дзе-нідзе бывае распродаж рэшткаў са зніжкай 30–50%.
 
На Камароўцы "рынкавыя адносіны" праяўляюцца ў чыстым выглядзе: агародніна, сыры, малако, мяса, каўбасы і нават хлеб на базары таннейшыя, чым у краме на суседняй вуліцы.
 
Заціснуць паясы 
Тое, што беларусы праядаюць палову сваіх даходаў, чыстая праўда. На прадукты харчавання сярэднестатыстычная сям'я траціць да 46% бюджэту. Такім чынам, ежа, акрамя крыніцы жыцця, становіцца і крыніцай эканоміі: альбо ты ясі меней, альбо ясі не тое.

Спажывецкія расходы сярэднестатыстычнай сям'і:

45,5% — на харчаванне,
2,4%з — на алкаголь,
27,7% — нехарчовыя тавары,
24,4% — паслугі.
У харчовым кошыку беларуса адбылася пераарыентацыя — зніклі прадукты, якія раней падаваліся звычайнымі. Пакупнікі ўжо толькі па святах бяруць чырвоную рыбу, ікру, крэветкі. Сцябліны сельдэрэю рэдка з'яўляюцца на паліцах, чылійская кава ў зернях стала раскошай. Сыр з цвіллю... А хто ўжо дакажа, што тая цвіль не ад часу? Беларусы ў сваіх прыхільнасцях перайшлі на больш танныя віно і гарэлку.
 
Дый наогул, паводле задумы ўлад, беларус мусіць здавольвацца крытычна сціплым наборам прадуктаў харчавання. І гэты мінімальны набор за год падаражэў ажно на 210%!
 
БОНУС

Дзяржава рэгулюе кошты на сацыяльна значныя тавары ў сацыяльна значных месцах. І спажывец з-за гэтай бюракратыі можа выйграць у грашовым плане. Напрыклад, набыць адзенне ці тэлевізар па больш выгадным кошце, чым у прадпрымальніка.
 
Так, мінскія буйныя крамы ГУМ і ЦУМ маюць пагадненне з уладамі друкаваць новыя цэннікі толькі для новай партыі тавараў. У аддзеле жаночага абутку ЦУМа можна знайсці басаножкі па летніх коштах. А, напрыклад, у суседняй краме "Мегатоп" на абутак са штучнай скуры 2010 года вырабу налеплена аж тры этыкеткі: 190, 280 і 350 тысяч.
 
Ёсць шанец зэканоміць і ў аптэках: гэтым установам дзяржава забараняе перапісваць цэннікі часцей, чым раз у месяц.
Кошты на шэраг паслуг у дзяржаўнай медыцыне не мяняліся з лета. Так, у мінскай паліклініцы № 34 апошні раз прэйскурант аднаўляўся 20 чэрвеня.

Некаторыя прыклады нерэальна танных паслуг:
масаж галавы — 16 тысяч,
масаж спіны — 21 тысяча,
УГД — ад 8 да 21 тысячы,
і для дзяўчат: хвіліна салярыя з новымі лямпамі абыдзецца ў 900 рублёў.
 
Махавік інфляцыі яшчэ не дабраўся да электравікоў і міжгародніх цягнікоў. Тут да коштаў за год прыбавілася толькі 13—20%. Квіток з Гомеля да Мінска дагэтуль можна набыць як мінімум за 13 тысяч.
 
Выгадна купляць тавары, якія даражэюць павольней за ўсё. Паводле даных Белстата, кнігі, дываны, гадзіннікі, посуд і тканіны выраслі ў кошце толькі на 40—60%.
 
Спажывец у паніцы
 
Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў
Калі мінскі сацыёлаг Андрэй Ягораў ведае, што хутка падаражэюць цыгарэты, то набывае некалькі пачкаў на будучыню. Ён называе такую стратэгію першым класам эканамічнай тэорыі і рынкавых адносін. На думку эскперта, гэта цалкам рацыянальная спажывецкая паніка.
 
— Людзі спрабуюць засцерагчы сябе і свае зберажэнні хоць на недалёкую будучыню, — кажа А. Ягораў. — У чаканні павышэння коштаў спрабуюць купляць тавары цяпер і захаваць свае грошы, якія хуткімі тэмпамі абясцэньваюцца па прычыне змены курса долара.
 
Мы бачылі некалькі хваляў спажывецкага ажыятажу, лічыць Андрэй Ягораў.
 
Першая была звязана з чаканнямі дэвальвацыі і зменай курса долара, калі людзі ўвесну куплялі тавары доўгатэрміновага карыстання.
 
Другая хваля адбылася летам, калі былі чаканні дэфіцыту (знікнуць цукар, грэчка...). Беларусы гэта ўсё добра ведаюць з 90-х гадоў і спрабавалі засцерагчыся ад удараў будучыні.
 
Трэцяя, восеньская, хваля ажыятажу звязаная з чаканнямі горшага, імкненнем зберагчы свае грошы і засцерагчы сябе ад бягучага хранічнага дэфіцыту. А гэты дэфіцыт ужо узнікае на розныя групы тавараў — ад цыгарэт да мяса.
 
Людзі перакананы, што гэта будзе працягвацца, і спрабуюць гарантаваць сабе бяспеку, рэагуючы на інфу пра чарговае падаражэнне таго ці іншага прадукта ці тавара яго закупкай у запас, прычым пераважна ў вялікай колькасці і аб'ёме.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Грэчка, алей, цукар, мяса — што далей? Пасля шалёнага ажыятажу на выпадковыя тавары для беларусаў, напэўна, надышоў час зарыентавацца. На што ж пусціць свой заробак,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика