Гульня лічбаў. 21.by

Гульня лічбаў

12.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Генадзь і Таццяна Мястоўскія прызналіся, што дату для вяселля "зарэзервавалі" яшчэ за год, прычым ідэя аб вяселлі ў дзень, які спалучае некалькі аднолькавых лічбаў, у іх з'явілася 10.10.2010:

— Гэта шыкоўна. Мы нават запісаліся на 11 гадзін. Думаем, што гэтыя лічбы зробяць нашу сям'ю шчаслівай. Хаця мы і так былі шчаслівыя, але будзе яшчэ лепш.

Кажуць, што адзінка ў даце шлюбу можа прынесці маладым дабрабыт і багацце. Але гэтая пара дату выбірала зусім не па меркантыльных меркаваннях.

— Мы думалі пра нашу сям'ю, пра наша каханне, — дзеліцца Таццяна, а Генадзь дадае:

— Нам падабаецца ўсё прыгожае, мы хочам гармоніі, і менавіта дзеля гэтага выбралі такую дату.

У Доме шлюбаў мы цікавіліся і ў іншых пар, ці не лічба 11 іх "заманіла" ў ЗАГС у гэтую пятніцу. І атрымлівалі станоўчы адказ. Хоць справа тут не ў магіі лічбаў, а ў прыгожым іх спалучэнні. Тым больш, што для маладых людзей гэта перадапошні шанц распісацца ў такі незвычайны дзень. Але не будзем забывацца на тое, што наступная дата — з трыма дванаццаткамі — усё ж прыпадае на пост. А ў нашай краіне маладыя стараюцца прытрымлівацца старых звычаяў.

— Сучасныя маладыя людзі лічацца з меркаваннем старэйшага пакалення, якое прытрымліваецца традыцыі. Таму ў час пастоў шлюбаў рэгіструецца няшмат, — расказвае загадчыца Дома шлюбаў Мінгарвыканкама Надзея Рэуцкая.

Між іншым, яна ўпэўнена, што лістападаўскі попыт на вяселлі звязаны не столькі з лічбай 11, колькі з жаданнем маладых паспець ажаніцца да паста, так бы мовіць, ускочыць у апошні вагон. 28 лістапада пачынаецца вялікі Піліпаўскі пост. Акрамя таго, наступны год будзе вісакосным, што, у сваю чаргу, таксама ўлічваецца жаніхамі і нявестамі. А пятніца заўсёды запатрабаваная вясельнымі парамі. Дата з шасцю адзінкамі ў Доме шлюбаў "аб'яднала" 24 пары. Але многа сямейных саюзаў тут будзе рэгістравацца і ў наступныя дні.

"Попыт на лічбы" назіраецца з 2007 года. Менавіта тады многія маладыя пары абралі для вяселля 7 ліпеня. Але 09.09.2009 у Доме шлюбаў зарэгістравалася ўсяго толькі адна пара (дарэчы, гэта было вяселле Аляксандра Саладухі), бо дата выпала на сераду.

Наогул, як адзначаюць у Доме шлюбаў, маладыя людзі стараюцца зрабіць свае вяселлі незвычайнымі. Хтосьці выбірае прыгожыя даты (любую дату сёння можна замовіць яшчэ за год да вяселля). Ёсць запыты на роспіс за межамі органаў ЗАГСа — гэта можа быць музей ці Нацыянальная бібліятэка. Некаторыя праводзяць вяселлі па індывідуальным сцэнарыі. Так, ужо адыгралі вяселлі рыцарскія, княжацкія, у стылі эпохі Пятра І. Напрыклад, адну з пар прывабіла шатландскае вяселле — усё як мае быць, з кілтамі і валынкамі.

Усё больш пар выказваюць пажаданне, каб іх шлюбная цырымонія праводзілася на беларускай мове. Запатрабаванымі становяцца і беларускія традыцыі. Напрыклад, маладым падабаецца абрад ручніка. Некаторыя нават прыносяць саматканыя ручнікі, што засталіся ад бабулі. Між іншым, нацыянальныя "дэталі" ў час рэгістрацыі шлюбу вельмі падабаюцца замежнікам. Кажуць, калі справа даходзіць да абраду ручніка, твары "заморскіх" жаніхоў, што бяруцца шлюбам з беларускай дзяўчынай, свецяцца асаблівым шчасцем.

У дадатак да ўсіх тых пажаданняў, што ўжо пачулі маладыя, дазвольце яшчэ адно ад гаспадыні Дому шлюбаў Надзеі Рэуцкай:

— Любові, узаемаразумення! Беражыце сваё шчасце і не губляйце веру ў прыгожае!

Горка маладым!

Алена Дзядзюля.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Генадзь і Таццяна Мястоўскія прызналіся, што дату для вяселля "зарэзервавалі" яшчэ за год, прычым ідэя аб вяселлі ў дзень, які спалучае некалькі аднолькавых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика