Як пчаляры вучылі пчаляроў
22.11.2011
—
Новости Общества
|
Пчалярская справа — ціхая, немітуслівая, часам нават незаўважная недасведчанаму воку. Але так адбываецца толькі ў час медазбору, калі пчаляр шчыруе на сваёй мядовай дзялянцы амаль употай, нібы той чараўнік. На выстаўках і сустрэчах майстроў пчалярскай справы трапляеш нібы ў разбуджаны вулей — гоман, эмоцыі, спрэчкі. А колькі незвычайнага тут адкрывае для сябе нават дасведчаны ў гэтай справе пчаляр! Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускія пчаляры" правяло чарговую канферэнцыю-выстаўку і шмат чым здзівіла яе наведвальнікаў. Мне ж падаліся цікавымі знаходкі пчаляроў-аматараў, якія не стамляюцца ўдасканальваць прылады для зручнасці працы з пчоламі.
Пчаляр-рацыяналізатар з Оршы Валерый Калдабцоў распрацаваў прыладу для аэразольнага распылення сумесі пры апрацоўцы пчаліных домікаў ад кляшча. Яму самому, як пчаляру ў чацвёртым пакаленні, добра вядомая гэтая праблема, а зручных спосабаў барацьбы з варытозам пакуль існуюць адзінкі. Вось і спадзяецца аршанскі аматар, што дзяржава рана ці позна наладзіць серыйны выпуск ягоных распрацовак. А мінчане Ігар Росеў і Сяргей Скорабагатаў спадзяюцца (не на дзяржаву, а на сябе), што ўласнымі сіламі змогуць забяспечыць усіх пчаляроў Беларусі (не адразу, вядома) поліўрэтанавымі вуллямі — лёгкімі і неверагодна моцнымі. Ігар, са сваёю вагой амаль у сто кілаграмаў, для большага пераканання пчаляроў з традыцыйнымі поглядамі, станавіўся на тонкую рамку і імкнуўся давесці думку пра хуткую рэвалюцыю ў пчалярскай справе. Хто ведае, магчыма, і ў Беларусі, як у Канадзе ці Даніі добра прыжывецца надзвычай лёгкі (што немалаважна) і даўгавечны, да 40 гадоў, поліўрэтанавы пчальнік — дарэчы, вельмі прыдатны для транспарціроўкі на далёкія адлегласці. А пакуль у нас пчаліныя хаткі робяцца з дрэва, і аднаму пчаляру гэткі домік падняць не па сілах. Гамяльчанін Сяргей Сабураў распрацаваў цялежку для перасоўвання традыцыйных цяжкіх канструкцый. Сам ён таксама пчаляр і імкнецца аблегчыць працу з пчоламі. Упэўнены, што жадаюць гэтага і 35 тысяч беларускіх пчаляроў (прыблізная лічба, агучаная на канферэнцыі) — атрымліваць свой мядок лягчэй, хутчэй і з найменшымі стратамі. Па сутнасці, пра гэта і вялі размову на суботняй сустрэчы вядомыя ў краіне пчаляры. Для гэтага давалі майстар-класы і дзяліліся сваімі "ноу-хау" незвычайныя ўмельцы. Пчаляр-маткавод з вёскі Грозаў Капыльскага раёна Дзмітрый Барысевіч — вядомая асоба сярод беларускіх майстроў мёду — дэманстраваў не толькі сваіх пчол-карпатак, але, даказваючы іхні спакойны характар, дазваляў пчолам садзіцца на язык. Пчаляр-канструктар Леанід Янушкевіч пасля дапрацовак стварыў, як ён сам лічыць, вулей 21 стагоддзя. Нехта з удзельнікаў гэтай "салодкай" выстаўкі даводзіў цікаўным аматарам, што беларуская прамысловасць мёду адстае ад сусветнага развіцця ў гэтай галіне нават на сто гадоў. Хоць прыродныя ўмовы для вялікага мёду ў Беларусі ледзь не ўнікальныя. Калі гэта сапраўды так, то чаму марудна бяруцца на ўзбраенне пчалярскія вынаходствы? Калі яны наогул бяруцца. Як заўсёды, на пчалярскіх тусоўках адбываецца конкурсная дэгустацыя мёду. Дваццаць гатункаў мёду з самых розных рэгіёнаў Беларусі мелі магчымасць смакаваць усе, хто наведаў Мінскі палац чыгуначнікаў, хто меў жаданне адчуць, які ён — сапраўдны вынік пчалярскай, на першы погляд, зусім непрыкметнай справы. А насамрэч цяжкай і ўпартай. І пакуль зусім не таннай. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. На фотаздымках: пяцігадовы мінчанін Фёдар Памазкоў таксама аддаў свой голас за самы смачны мёд; 320 кілаграмаў лёгка паднімае і перавозіць калёсная канструкцыя гамяльчаніна Сяргея Сабурава, якую ён уласнаручна дэманстраваў на выстаўцы; атлетычнага складу Ігар Росеў гэткім чынам дэманстраваў трываласць сваёй прадукцыі — поліўрэтанавых вулляў; усё-ткі гэта дзіўна: чаму пчала-карпатка не ўджаліла пчаляра? Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пчалярская справа — ціхая, немітуслівая, часам нават незаўважная недасведчанаму воку. Але так адбываецца толькі ў час медазбору, калі пчаляр шчыруе на сваёй... |
|