Бізнэс-класам з Брэста ў Баранавічы
22.11.2011
—
Новости Общества
|
У мінулую суботу ў Брэсце ўрачыста адкрывалі рэгулярны рух электрацягнікоў бізнэс-класа па маршрутах Мінск—Баранавічы—Мінск і Баранавічы—Брэст—Баранавічы. Першы цягнік рэгіянальных ліній адправіўся са станцыі Брэст-Цэнтральны ў 12 гадзін 43 хвіліны. З гэтай нагоды нават разрэзалі чырвоную стужачку. Першых пасажыраў — чыгуначнікаў, прадстаўнікоў грамадскасці на пероне віталі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, міністр транспарту і камунікацый рэспублікі Іван Шчэрба, начальнік Беларускай чыгункі Анатоль Сівак. Цяпер суперкамфортная электрычка будзе курсіраваць па ўказаных кірунках кожны дзень. І кошт білетаў на яе дастаткова дэмакратычны: квіток з Брэста да Баранавіч каштуе 11760 рублёў, а з Баранавіч да Мінска — 9740 рублёў. Новы цягнік швейцарскай кампаніі вельмі адрозніваецца ад прывычнай нам электрычкі. Мяккія крэслы з падлакотнікамі, прасторныя і светлыя салоны, кандыцыянеры, сістэма відэаінфармавання і відэаназірання, туалетны комплекс вакуумнага тыпу і шмат іншых асаблівасцяў, якія, несумненна, ацэняць пасажыры. Транспартам еўрапейскага класа робяць яго не толькі пералічаныя выгоды, але, найперш, шматфункцыянальная зона для пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі і для бацькоў з дзецьмі. А яшчэ ў гэтым цягніку не кураць. Як расказалі карэспандэнту газеты праваднікі першага рэйса Марына Чурдалёва і Людміла Махнач, паліць тут катэгарычна забаронена. Калі ж які нядбайны пасажыр парушыць забарону, то аўтаматычна спрацуюць аварыйныя сістэмы і састаў спыніцца. За такое надзвычайнае здарэнне віноўніку давядзецца заплаціць вялікі штраф. Прыбіральня ў вагоне — таксама не месца для палення. Струмень дыму аўтаматычна блакіруе чалавека ў туалетным пакоі. Вызваліць яго змогуць потым толькі супрацоўнікі брыгады з адпаведнымі штрафнымі санкцыямі. Так што лепш ездзіць у новым прыгожым вагоне па-еўрапейску — без цыгарэты.
Электрацягнік складаецца з чатырох вагонаў, у якіх могуць размясціцца 210 пасажыраў. Ён стаў першай ластаўкай рэгіянальных ліній. Як сказалі на імправізаванай прэс-канферэнцыі прадстаўнікі Беларускай чыгункі, да канца гэтага года ў Беларусь будзе пастаўлены яшчэ адзін цягнік для рэгіянальных ліній бізнэс-класа, а налета — яшчэ некалькі. Так што камфортнае абслугоўванне пасажыраў прыйдзе і ў іншыя рэгіёны краіны. А вось пасажыры, з якімі ўдалося перамовіцца за хвіліну да адыходу цягніка, выказвалі пажаданне скарэктаваць расклад руху. Прыкладна ж у гэты час з Брэста адыходзіць на Мінск хуткі цягнік (11.55) і электрычка (12.10), а ў прамежку з 14 да 18.30, акрамя дарагіх маскоўскіх цягнікоў, у напрамку Мінска нічога няма. Многім было б зручна ехаць ім з часам адпраўлення паміж 7 і 8 раніцы. Адна жанчына здзіўлялася, чаму прыпынкі на шляху прадугледжаны ва ўсіх райцэнтрах, а вось прыпынку "Аранчыцы" няма. Гэта азначае, што Пружаны засталіся па-за зонай абслугоўвання бізнэс-класа. Але ж расклад — не догма. Тым больш што ў першым рэйсе кліентаў прасілі пакідаць свае прапановы і заўвагі. Святлана ЯСКЕВІЧ. Фота БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулую суботу ў Брэсце ўрачыста адкрывалі рэгулярны рух электрацягнікоў бізнэс-класа па маршрутах Мінск—Баранавічы—Мінск і Баранавічы—Брэст—Баранавічы. ... |
|