А ці патрэбныя тыя тамографы?
25.11.2011
—
Новости Общества
|
Супрацоўнікі камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці праверылі, наколькі эфектыўна выкарыстоўваецца медыцынскае абсталяванне. Маніторынгам эфектыўнасці выкарыстання аднаго з самых дарагіх відаў медыцынскага абсталявання — тамографа — адзначаны выпадкі працяглых прастояў з-за паломак, выпрацоўкі рэсурсу асобных вузлоў, нясвоечасовай падрыхтоўкі памяшканняў для іх размяшчэння. Высветлілася, што з шасці арганізацый аховы здароўя тамографы эксплуатуюць толькі ў дзвюх: у Віцебскім абласным дыягнастычным цэнтры і Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі забяспечана іх бесперабойная работа. Устаноўлена, што сёлета ў апошні тыдзень кастрычніка ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы не эксплуатаваліся два тамографы. Адзін стаіць у чаканні дарагога па цане рамонту больш за паўгода: другі — новы ўнікальны тамограф — атрыманы яшчэ ў лютым, хоць і падрыхтаваны да работы, але пачатак яго эксплуатацыі затрымлівае незавершаны рамонт у аддзяленні, дзе ён усталяваны. Летась у шэрагу арганізацый аховы здароўя працягласць прастояў тамографаў дасягала двух месяцаў. Так, у Віцебскім абласным анкалагічным дыспансэры, дзе тамограф — найважнейшы дыягнастычны інструмент, яго прастой доўжыўся з сярэдзіны жніўня да сярэдзіны кастрычніка. У Полацкай цэнтральнай бальніцы спатрэбілася больш за два месяцы для замены вузла, які паламаўся. Кошт рамонту абышоўся ў 376 мільёнаў рублёў. Але колькі пацыентаў былі вымушаны адправіцца ў абласны цэнтр на абследаванне? Пры тым, што звычайна за два месяцы на тамографе праводзяцца абследаванні больш за 600 пацыентаў. Нават у перыяд гарантыйнага тэрміну эксплуатацыі адзначаны прастой тамографа на працягу цэлага месяца ў Аршанскай цэнтральнай паліклініцы. Варта адзначыць, што ў сярэднім на тамографе за месяц там абследуецца больш за 250 пацыентаў. Такім чынам, значная колькасць пацыентаў павінны былі або чакаць сваёй нечакана расцягнутай чаргі, або ехаць з раёна ў абласныя ўстановы аховы здароўя. Пры гэтым для абследавання на тамографе ў Аршанскай цэнтральнай паліклініцы з канца кастрычніка гэтага года чарга пацыентаў паліклінік Оршы распісана да сярэдзіны снежня... Неабходна адзначыць, што Міністэрствам аховы здароўя на 2011 год пастаўлена задача па памяншэнні тэрмінаў чарговасці на правядзенне высокатэхналагічных дыягнастычных даследаванняў для амбулаторных хворых да двух тыдняў. З гэтай задачай ахова здароўя вобласці пакуль спраўляецца не ў поўнай меры. Падчас праверак арганізацый аховы здароўя Камітэтам выяўлены выпадкі неэфектыўнага выкарыстання і іншага медыцынскага абсталявання. У прыватнасці, у 2-ю абласную бальніцу яшчэ ў чэрвені пастаўлена відэаэндаскапічная сістэма, якая была ўведзена ў эксплуатацыю толькі праз больш чым паўтара месяца. Прычына — недапастаўка манітора. Таксама ў бальніцы новы апарат УЗІ чатыры месяцы гэтага года эксплуатаваўся не на поўную магутнасць з-за паломкі аднаго з датчыкаў. Прычым паломка адбылася ў перыяд гарантыйнага тэрміну эксплуатацыі, аднак пастаўшчык — "Віцебская медтэхніка" — абавязацельствы па гарантыйным рамонце выканаў толькі праз чатыры з паловай месяцы. Яшчэ адзін датчык, які таксама выйшаў са строю, не адрамантаваны і да пачатку лістапада. Дарэчы, у гэтай жа бальніцы кантралёрамі адзначаны факт "залішняй стараннасці" пры арганізацыі тэхнічнага абслугоўвання медыцынскага абсталявання. Так, спісаны некалькі гадоў таму дэфібрылятар лічыўся ў спісе абсталявання, што знаходзіцца на абслугоўванні "Віцебскай медтэхнікі". Аналагічна падчас праверкі Камітэта было "выкраслена" з пераліку на абслугоўванне яшчэ восем адзінак абсталявання. Пры гэтым плата за абслугоўванне абсталявання паменшылася больш чым у два разы (з 868 тысяч рублёў да 373 тысяч рублёў). Відавочна, што бесперабойная работа дарагога абсталявання забяспечваецца не толькі своечасовым фінансаваннем і рацыянальным размеркаваннем абсталявання, але і дакладным разлікам магчымасцяў канкрэтнай арганізацыі аховы здароўя па забеспячэнні яго работы. Такім чынам, абласному ўпраўленню аховы здароўя неабходна надаць асаблівую ўвагу эфектыўнаму выкарыстанню абсталявання. Тэматыка пералічаных вышэй праверак будзе знаходзіцца на далейшым кантролі. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Супрацоўнікі камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці праверылі, наколькі эфектыўна выкарыстоўваецца медыцынскае абсталяванне. Маніторынгам...
|
|