Дзень нараджэння. 21.by

Дзень нараджэння

26.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Будзільнік празваніў роўна ў 6.30. Ён прывычным рухам дацягнуўся да кнопкі і адключыў гук. Праз шчыліну паміж шторамі ледзь прабівалася ранішняе святло, і ад гэтага ўсе прадметы ў пакоі мелі размытыя абрысы і здаваліся шэрымі.

Ад пасцельнай бялізны ледзь улоўна пахла лавандай... Каб не паддацца гэтаму паху і зноў не разамлець, ён напружыў мышцы і пацягнуўся ў ложку — раз, другі, трэці... Па целу разышліся цёплыя хвалі, яно адгукнулася прыемным болем... На суседнім ложку заварушылася Вера.

— Мне падымацца? — спытала з-пад коўдры.

— Спі-спі, яшчэ рана, — адказаў ён паўшэптам.

— А калі не паспеем?

— Безумоўна, паспеем, куды ж мы падзенемся.

— Ну тады... з днём нараджэння!

Яна чмокнула паветра, імітуючы пацалунак, і зноў зарылася ў коўдру.

— Дзякуй! — усміхнуўся ён. Бадзёра саскочыў на падлогу, усунуў ногі ў пакаёвыя тапачкі, накінуў махровы халат — падарунак Веры да мінулага дня нараджэння, — і пайшоў прымаць душ.

Святло, запаленае ў ванным пакоі, рэзанула вочы. Ён зменшыў яркасць, скінуў халат і стаў перад люстэркам. Прыдзірліва агледзеў сябе з усіх бакоў, імкнучыся быць аб'ектыўным. Памацаў біцэпсы, з шумам удыхнуў паветра, уцягваючы жывот, і гучна выдыхнуў... Не без задавальнення падумаў, што заняткі плаваннем не прайшлі дарэмна — для сваіх пяцідзесяці ён выглядае нядрэнна, можа даць фору некаторым трыццацігадовым. І калі б не гэты пякучы боль за грудзінай, які апошнім часам нагадвае аб сабе ўсё часцей, можна было б сказаць, што ён адчувае сябе цалкам шчаслівым чалавекам.

У дзверы пакоя пастукалі.

— У цябе ўсё ў парадку? — спытала Вера. Голас у яе быў спакойным і роўным, як, дарэчы, заўсёды. Яе ўвогуле цяжка было вывесці з раўнавагі. Пры ўсіх іншых вартасцях жонкі гэтую ён вылучаў асабліва. У выпадках, калі іншыя жанчыны лямантавалі або ўпадалі ў транс, яна не страчвала здольнасці цвяроза арыентавацца ў прапанаваных абставінах і прымаць правільныя рашэнні. Як пятнаццаць гадоў таму, калі яго ледзь не падставіў лепшы сябар, разам з якім яны ўклалі грошы ў рэстаранны бізнэс. Менавіта Вера прапанавала загадзя выйсці з гульні і ўшчыльную заняцца будаўнічымі матэрыяламі. Ён падумаў і паслухаў яе, а праз год ужо кіраваў фірмай, дзе працавала сорак чалавек. Яшчэ праз тры гады да фірмы далучылася невялікае прадпрыемства, і яны сталі не толькі пастаўшчыкамі, але і вытворцамі гэтых самых будматэрыялаў.

— Усё ў парадку, — адгукнуўся ён і адкрыў душ. Вера мае рацыю, сапраўды трэба спяшацца. Госці запрошаны на пяць гадзін. Цэлая процьма гасцей. Не так шмат, як планавалася спачатку, але ж і не столькі, каб цяпер расслабляцца. Да таго ж сын з нявесткай, дачка з зяцем і ўнукі прыедуць раней — каб дапамагчы накрыць стол. Насамрэч, якая там дапамога?.. Пачнецца сапраўдны гармідар, можна не сумнявацца. Дзякуй Богу, Вера будзе кіраваць усім гэтым парадам, ёй не прывыкаць. Усе "прадстаўнічыя" мерапрыемствы — з некаторага часу неад'емная частка іх жыцця — заўсёды трымаліся на ёй. Жонка заўсёды была "той, якая побач". На суседнім ложку. На іншым канцы провада. Яна траціла заробленыя ім грошы, каб зрабіць утульным іх дом, забяспечыць надзейны тыл. Верны таварыш, баявая сяброўка...

Ён папырскаўся дарагім адэкалонам (Вера заўсёды сачыла, каб на палічку ў ванным пакоі траплялі толькі вядомыя, правераныя маркі), надзеў блакітную кашулю і шэры кашаміравы джэмпер, зазірнуў на кухню, узяў са стала яшчэ з вечара падрыхтаваны "апошні спіс" прадуктаў, глытнуў на хаду кавы і выйшаў з кватэры... Не паспеў сесці ў машыну, як зазваніў мабільны.

— І дапішы, калі ласка, у спіс пяць бляшанак маслін, кілаграм шампіньёнаў і паўкіло цвёрдага сыру! — пры ўсіх сваіх відавочных "плюсах" жонка часам магла быць проста невыноснай. Ён ледзьве не ўспыліў, але стрымаўся, — навошта псаваць ёй святочны настрой? Яна і так апошні тыдзень амаль не спіць: думае, каго з гасцей куды пасадзіць, чаруе над аздабленнем гасцінай, носіцца па крамах, выбіраючы сталовыя прыборы, спецыяльныя нажы і відэльцы... І нават рыхтуе ўрачыстую прамову, "чарнавікі" якой былі раскіданы днямі на канапе. Ён, натуральна, не стрымаўся і зірнуў краем вока. Там гаварылася, які ён уважлівы і клапатлівы муж, узорны бацька, пяшчотны дзядуля, і як ёй з ім пашанцавала...

...Ён прыпаркаваўся непадалёк ад уваходу ў супермаркет і яшчэ раз уважліва прагледзеў спіс неабходных прадуктаў, каб не вяртацца сюды зноў. Прыхапіў каля "вяртушкі" цялежку і павольна пайшоў па праходзе, уважліва ўглядаючыся ў выстаўлены на паліцах тавар... З-за павароту, адтуль, дзе заканчваліся паліцы з чаем і кавай і пачыналася царства цукерак, выскачыла дзяўчынка гадоў чатырох-пяці ў ярка-ружовай куртачцы і гучна закрычала: "Мама, мама, ідзі сюды, яны тут!" У праходзе з'явілася маладая жанчына — худзенькая, з гладкімі цёмнымі валасамі, сабранымі ў "хвост", і рашучым крокам падышла да дзяўчынкі. "Каця, урач забараніў табе есці шакалад! Гэта азначае, што купляць яго мы не будзем", — сказала строга і ўзяла дзяўчынку за руку.

Ён застыў на месцы, як паралізаваны, як стукнуты токам... "Вольга..." — сказаў без голасу, аднымі вуснамі. "Вольга!" — паклікаў гучней, хоць крык быў больш падобны на шэпт. Аднак яна пачула і глянула на яго, крыху прыжмурыўшы вочы.

— Ну што ж, гэта павінна было калі-небудзь здарыцца, — сказала замест прывітання, апускаючы галаву.

— Чаму ж так... змрочна? — ён паспрабаваў пажартаваць, але голас дрыжэў.

— Не змрочна. Проста... канстатую факт.

— І ты гэтаму факту не рада?

— Не ведаю... Якая розніца? Усё даўно адбалела.

Дзяўчынка нецярпліва тузанула яе за рукаў:

— Мама, хто гэты дзядзька?

— Ды так, ніхто. Проста знаёмы. Зараз пойдзем...

— Пачакай, дазволь у цябе спытаць!.. Гэта дзяўчынка — твая дачка? Колькі ёй? — у яго быў такі погляд, быццам ён прасіў аб літасці.

— Не спадзявайся! Нават не думай! Гэта мая дачка, толькі мая.

— Ты не зразумела, я нічога не патрабую. Наадварот, я толькі хацеў дапамагчы... Грашамі, сувязямі, ды чым заўгодна, у мяне цяпер шмат магчымасцяў.

— Рада за вас, Сяргей Уладзіміравіч, але нам нічога не трэба, — сказала яна суха. — І ўвогуле... Мы спяшаемся.

— Я мог бы вас падвезці...

— Нас падвязуць.

Яна грацыёзна абышла яго пустую цялежку і пакрочыла да касы. Дзяўчынка азірнулася, засмяялася і памахала яму рукой.

Ён не мог зрабіць ніводнага кроку. Ён забыўся, дзе знаходзіцца і навошта сюды прыйшоў. Прыўзняты настрой апошніх дзён, сённяшняя раніца, яго самаўпэўненасць, планы на вечар, на будучыню — усё гэта ў момант знікла, ператварылася ў пыл. У галаве пульсавала толькі адна думка. "Так табе і трэба, стары дурань, так табе і трэба!.."

Пакінуўшы цялежку ля выхаду, ён пакрочыў да машыны. Сеў за руль і заплюшчыў вочы. У кішэні разрываўся мабільны... Яму захацелася, каб апошніх пяці гадоў не было ўвогуле, каб можна было адкруціць час назад і вярнуць той дзень, калі яна ўпершыню ўвайшла ў іх "рэзервацыю" ў якасці чарговай прэтэндэнткі на месца памочніка і прэс-сакратара ў адной асобе. Яго строгі, вытрыманы ў цёмных, пераважна шэрых і сініх, колерах кабінет азарыўся святлом яе ўсмешкі. Ёй вельмі пасаваў белы касцюм: крыху прыталены, без усялякіх дадатковых аздабленняў, пінжак і ўкарочаная спадніца — не настолькі кароткая, каб гэта палічылі непрыстойным, і не такая доўгая, каб схаваць стройныя загарэлыя ногі...

Ён тады проста ўрос у крэсла і не мог сказаць ні слова, што зусім не стасавалася з рэпутацыяй сур'ёзнага кіраўніка... Яе "паслужны спіс" быў не лепшым і не горшым, чым у іншых кандыдатак: універсітэцкі дыплом, свабоднае валоданне англійскай, малазначная пасада на малавядомым прадпрыемстве... Але ён загадаў прыняць яе на працу ў той жа дзень і без усялякага выпрабавальнага тэрміну, пра што, дарэчы, ні разу потым не пашкадаваў. Яна была талковым памочнікам, з шэрагу тых, каму нічога не трэба тлумачыць двойчы. На працягу трох месяцаў ён прыглядаўся да яе, не ведаючы, як падступіцца. Звяртаўся да яе па справах, даваў даручэнні, патрабаваў вынікаў. Але не больш. Для яго гэта было дзіўным, нетыповым — у сэнсе, раптоўная ўласная абяззброенасць, падпарадкаванасць магнетызму жанчыны. Нельга сказаць, што раней, у іншым жыцці (бо жыццё ўжо падзялялася на "да сустрэчы" з ёю і "пасля") ён не дазваляў сабе расслабляцца, заводзіць лёгкія інтрыжкі. Тым больш што мудрая Вера заўсёды закрывала вочы на такія "свавольствы"... З прыходам Вольгі ўсё змянілася. Ён адчуваў сябе безабаронным... Да таго часу, пакуль аднойчы вечарам, пасля чарговай прэзентацыі, не затрымаўся ў сваім кабінеце, каб спакойна папрацаваць з дакументамі... Нечакана (хоць ён так доўга чакаў гэтага!) дзверы адчыніліся, і на парозе з'явілася Вольга. Ён разгубіўся і запрасіў яе сесці. Але яна не села. Падышла і абняла яго. Проста абняла, і ўсё. Ён зразумеў, што сорак пяць гадоў жыў менавіта дзеля гэтага моманту і дзеля сустрэчы з ёю.

Потым яны сустракаліся часта — не так часта, як яму хацелася, але занадта часта для мужчыны з яго статусам. Ён нанова адкрываў для сябе простыя, даўно забытыя рэчы — кава з вяршкамі ў прыдарожнай кавярні, захад сонца, кроплі дажджу на яе валасах, сплеценыя рукі... Усё гэта існавала насамрэч і адначасова... было ілюзіяй, падманам, які станавіўся тым больш адчувальным, чым далей заходзілі іх адносіны. Усё было цудоўна. І ўсё было жудасна. Ён не мог прыйсці дадому і заявіць жонцы: мы з табой разыходзімся, бо я звар'яцеў ад кахання. Яна ніколі гэтага не зразумела б, на яе думку, каханая жанчына — гэта тая, якая мые мужу кашулі. Ды і ўвогуле... Яны столькі сіл паклалі на тое, каб адбудаваць — цагліна за цаглінай — усё тое, што мелі... Было б вельмі неразумна і негуманна выбіваць з-пад гэтай пабудовы фундамент. Аднак ён не ўяўляў жыцця без Вольгі, а Вольга не ставіла ніякіх умоў, нічога не прасіла ўзамен на сваё каханне...

...У кішэні зноў зазваніў мабільны. Потым яшчэ раз і яшчэ... Ён успомніў пра свой дзень нараджэння: напэўна, нехта са знаёмых ці сваякоў тэлефанаваў, каб павіншаваць. Сёння вечарам у яго доме збярэцца шмат людзей — тых, каго ён прывык лічыць часткай свайго жыцця ў большай ці меншай ступені. Не будзе толькі Вольгі і той маленькай дзяўчынкі, якая памахала яму на развітанне... Пяць гадоў таму ён зрабіў свой выбар. Зрабіў, як сапраўдны мужчына, муж і бацька — не стаў дурыць Вользе галаву.

У яе не было ніякіх прэтэнзій. Яна знікла з яго жыцця гэтак жа, як і з'явілася — лёгка і з усмешкай. А ён потым цэлы год не мог знайсці сабе месца.

...Усё, хопіць на сёння ўспамінаў, трэба ехаць дадому. Ці лепш вярнуцца ў краму і хоць нешта купіць? Ён пацягнуўся, каб адчыніць дзверцы машыны, але не змог — пякучы боль пранізаў грудзіну і прыціснуў яго да спінкі крэсла. "Толькі не зараз, Госпадзі, толькі не сёння..." — узмаліўся ён, ловячы вуснамі паветра... Боль раптоўна адступіў — быццам нехта выцягнуў з яго грудзей велізарны цвік. Ён пасядзеў яшчэ хвілін дзесяць, потым глыбока ўздыхнуў і асцярожна завёў машыну. "Дзякуй!" — сказаў уголас невядома каму. — А потым дадаў: "І з днём нараджэння!"

Наталля УЛАДЗІМІРАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Будзільнік празваніў роўна ў 6.30. Ён прывычным рухам дацягнуўся да кнопкі і адключыў гук. Праз шчыліну паміж шторамі ледзь прабівалася ранішняе святло, і ад гэтага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика