Амерыканцы носяць валёнкі дрыбінскіх шапавалаў
26.11.2011
—
Новости Общества
|
Макіяж, міні-спадніца і... валёнкі. Ці даводзілася вам такое бачыць? Нават самыя модныя гараджанкі пачалі звяртацца да папулярнага сярод нашых бабуль абутку. І цёпла, і стыльна адначасова. Праўда, якія там валёнкі яны носяць?! Зробленыя in China ці максімум на валяльнай фабрыцы. А дзе раздабыць сапраўдныя, натуральныя, вырабленыя з душой валёнкі? Аказваецца — на Дрыбіншчыне Магілёўскай вобласці, дзе яшчэ з ХІХ стагоддзя захаваліся моцныя традыцыі шапавальства. Кажуць, шапавалы з’явіліся тут якраз пасля рэформы 1861 года. Паводле адной версіі, тагачасны ўладальнік Дрыбіна Антон Цеханавецкі спецыяльна адправіў сваіх сялян у Ніжагародскую губерню вучыцца шапавальству. Паводле другой — шапавалы тут з’явіліся выпадкова. Цеханавецкі запрасіў сяліцца ў сваім уладанні ўсіх жадаючых, каб нейкім чынам абжыць маланаселеную мясцовасць. Хтосьці з “навічкоў” і прынёс з сабой майстэрства апрацоўваць воўну і валяць з яе шапкі, валёнкі ды рукавіцы. Рамяство гэта хутка прыжылося ў рэгіёне. Паколькі Дрыбіншчына не славілася ні ўрадлівымі землямі, ні багатымі лясамі, толькі шапавальства і трымала многія сем’і на нагах. А зараблялі шапавалы нядрэнна. Яны ж не толькі ў сваёй хаце працавалі (так званае саматужнае шапавальства), але і адхожым промыслам займаліся. — Нездарма ўзнік выраз “Дзе шапавал стаў, там і яго стан”, — гаворыць Алена Рабкавец, дырэктар Дрыбінскага гісторыка-этнаграфічнага музея, дзе займаюцца вывучэннем і захаваннем унікальнага рамяства. — Пасля завяршэння восеньскіх палявых работ шапавал браў з сабой неабходныя прылады працы (а іх было не шмат) і ішоў па вёсках. Сяліўся ў хаце, забіваў цвік і пачынаў працаваць. Для адных гаспадароў валёнкі зробіць — да другіх ідзе. Адхожы промысел быў выгадным для шапавала — ён не траціўся ні на воўну, ні на ежу. Да таго ж быў упэўнены, што рэалізуе свой тавар — працаваў жа пад заказ. Дрыбінскія шапавалы і ў Расію хадзілі, і ва Украіну. А аднаго валёнкі нават да Амерыкі (!) давялі, ён адтуль высылаў дадому немалыя грошы, заробленыя валеннем. Першы валёнак —камяком?!Шапавала Уладзіміра Асіпоўскага (на фота), з якім мне давялося пазнаёміцца на Дрыбіншчыне, старажытнаму рамяству навучыў менавіта адзін з такіх майстроў-падарожнікаў. — Гадоў дванаццаць мне было, калі ў нашу вёску (а жылі мы на Віцебшчыне) завітаў шапавал з Дрыбіншчыны Еўдакім Агароднікаў. Дзед быў інвалідам, хадзіў на адной назе, але рукі меў залатыя. Усю Беларусь абуў. Вось і да нас дабраўся. Зрабіў валёнкі і збіраўся ўжо ісці. Але куды? Дома яго ніхто не чакаў. І мая маці, Марыя Міхайлаўна, пашкадавала старога, пакінула ў хаце. Яна — на працу, а ён за гаспадара, за хатай глядзіць, валёнкі робіць — заказы ішлі з усіх бакоў. Валяў у нас гадоў шэсць. І маму навучыў. Воўны ў хаце было шмат — а што з ёй рабіць?!. Вядома, гледзячы на маці і дрыбінскага майстра, і Уладзімір Станіслававіч таму-сяму навучыўся. Праўда, самастойна зрабіць валёнак паспрабаваў ужо дарослым, пасля арміі. — Пакуль мамы не было дома, украў у яе з паўкіло воўны, — успамінае з усмешкай майстар. — Разлажыў, зрабіў палатно, так-сяк аснаваў, выкатаваў у вадзе. Першы раз рабіў — і спайкі былі, і сам валёнак формы нейкай дзіўнай атрымаўся. Мама прыехала, кажу: во, глянь, валёнак зрабіў. Яна і за галаву ўзялася: “А Бог ты мой, хто ж яго насіць будзе! Ну нічога, — кажа.— І ў мяне першы блін камяком быў. Навучышся”. І Уладзімір Станіслававіч навучыўся. Больш таго, праз нейкі час разам з сям’ёй на Дрыбіншчыну перабраўся. — Гэта нас паважаны Еўдакім Ягоравіч перацягнуў, — расказвае майстар. — Шчыра прызнацца, нічуць не шкадуем. Тут і працу лепшую знайшлі, і сяброў, і калег-шапавалаў. Гур маньку хаўбоўВалёнкі дрыбінскай работы вельмі высока цаніліся. І каб іншыя майстры не падгледзілі дрыбінскіх сакрэтаў, мясцовыя шапавалы распрацавалі нават сваю мову — “катрушніцкі лемязень”. Беларускі этнограф Еўдакім Раманаў, які даследаваў гэты “лемязень”, налічыў у ім амаль 1000 слоў, нікому, акрамя сапраўдных дрыбінскіх майстроў, не зразумелых. — “Катрушніцкі лемязень” не падобны ні на якую іншую мову, — гаворыць метадыст раённага музея Жанна Масалова. — Словы гэтыя, дарэчы, мясцовыя жыхары і цяпер у паўсядзённай гаворцы ўжываюць. О, кажуць, які шымскі жбан, гэта значыць харошы мужчына. Ці трэба да шуні хліць — у хлеў ісці. Гэта трэба ж — прыдумаць сваю мову! Дрыбінскія шапавалы, аказваецца, не толькі таленавітымі былі, але і вельмі мудрымі. — Яны і адукаванымі былі больш за астатняе насельніцтва, — расказвае Алена Рабкавец. — І сем’і мелі моцныя. Ніякіх адносін не заводзілі на старане, нават калі адхожым промыслам займаліся. Сусветная вядомасцьВядома, з часам шапавалаў на Дрыбіншчыне паменшала. Сёння тут працуюць каля трыццаці майстроў. Але традыцыя вяртаецца. Шапавальствам сталі цікавіцца дзеці і моладзь. — Самае складанае — гэта зрабіць драўляную калоду, на якую наматваецца пасля папярэдняй падрыхтоўкі воўна, — расказвае Уладзімір Станіслававіч. — Часам паўдня можна патраціць, каб падрыхтаваць яе патрэбнай формы. Ды і воўна павінна быць чыстая, без смецця. А для гэтага яе трэба апрацаваць на часальных машынах. Раней такія машыны працавалі і ў Чавусах, і ў Шклове, і ў Краснаполлі, ды і ў самім Дрыбіне. Але сёння дрыбінскія шапавалы, хоць і самі гадуюць авечак, часаную воўну вымушаны купляць у Расіі па вельмі высокай цане. — Спадзяёмся, што хутка сітуацыя зменіцца, — гаворыць дырэктар раённага музея Алена Рабкавец. — Днямі на пасяджэнні ЮНЕСКА вырашаецца лёс дрыбінскага рамяства — уключаць яго ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ці не. І калі атрымаем станоўчы адказ, то можна будзе спадзявацца, што і ўмовы для займання шапавальствам зменяцца. “Катрушніцкі лемязень”: Бацька — банштэйНявеста — драпялухаЦёплы — дулясныЧорны — калурныСвіння — керхаСабака — ськілВуха — слыхтаКасіць — басацьЛюбіць — любжацьПіць — керыцьЦарква — хлюсаЛазня — плёха Дзве душы на адзін валёнакЦяпер жа пазнаёміцца з мясцовай традыцыяй можна ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі, дзе для масавага наведвання адкрыта па-мастацку аформленая зала “Шапавальства”. Тут можна і мяккую воўну памацаць, і прылады працы шапавалаў убачыць, і нават дзіўныя вырабы з аўчыны прымераць. — Валялі ж раней не толькі валёнкі, але і рукавіцы, шапкі, якія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю на выставах-кірмашах, куды мы ездзім з вырабамі нашага народнага аматарскага аб’яднання “Шапавал”. Аднойчы шапку з аўчыны нават байкер набыў — здзівіць сваіх сяброў. Сярод дзяўчат папулярныя капелюшы з палямі, упрыгожаныя кветкамі, ягадамі, птушкамі. Мы так і валёнкі дэкарыруем — з дапамогай фальцавання ці мокрага валення. Рэчы гэтыя сапраўды нейкія іншыя, не падобныя на тыя, што можна набыць у краме. Адчуваецца ў іх і цеплыня, і рука майстра. — А ведаеце, што самае галоўнае ў шапавальстве? — спытаў напрыканцы Уладзімір Станіслававіч. — Не забыць укласці ў працу часцінку сябе. Нездарма кажуць, што ў валёнках адразу дзве душы: адна свая — так называюць кардон, які ўкладваецца ў аснову валёнка, а другая — майстра. Толькі тады атрымаюцца па-сапраўднаму шымскія шкорні — харошыя валёнкі! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Валёнкі дрыбінскіх шапавалаў носяць аж у Амерыцы, а іх “катрушніцкі лемязень” лічаць адной з самых арыгінальных моў у свеце.
|
|