"У тым, каб падтрымаць кірунак, які абрала Беларусь, бачу вялікі духоўны імператыў". 21.by

"У тым, каб падтрымаць кірунак, які абрала Беларусь, бачу вялікі духоўны імператыў"

29.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праваслаўна-каталіцкаму дыялогу, якая нядаўна адбылася ў Мінску, закончылася незвычайным "круглым сталом" — з удзелам прадстаўнікоў іўдаізму і ісламу. Ад імя артадаксальнага іўдаізму з прапановай супрацоўніцтва ў абароне супольных для ўсходнеславянскіх хрысціян і іўдзеяў духоўных каштоўнасцяў, выступіў равін Ігаэл Йегудзі. "Звязда" вырашыла бліжэй пазнаёміцца з гэтым чалавекам, які нядаўна вярнуўся з Ізраіля ў Беларусь, дзе нарадзіўся і вырас. Пражыўшы 30 гадоў за мяжой, ён называе Беларусь унікальнай краінай, а беларусаў — унікальным народам. І лічыць сваім абавязкам падтрымаць тое лепшае, што ўдалося захаваць яго бацькаўшчыне.

— Вы нарадзіліся ў Мінску, а ў 19 гадоў пераехалі жыць у Ізраіль. Які багаж вы ўзялі з сабой з Беларусі?

— Я атрымаў тут добрую адукацыю і прагу да ведаў. Яшчэ вёз з сабой беларускі светапогляд, добразычлівы і станоўчы, і любоў да беларушчыны. Вось з такім багажом і паехаў.

З савецкай уладай і яе ваяўнічым атэізмам я жыць не мог. Пакідаў Савецкі Саюз з упэўненасцю, што гэта адзінае, што мушу рабіць. Але Беларусь заўсёды была маёй дарагой краінай. З дзяцінства любіў беларускую мову.

— Як вы яе вывучылі?

— О, была тут ганебная з'ява, якой не было больш ні ў адной савецкай рэспубліцы. Вучні, якія не нарадзіліся тут, былі вызвалены ад урокаў беларускай мовы. Я атрымаў гэтае права "ў спадчыну" ад сваёй старэйшай сястры. Мы навучаліся ў 24-й мінскай школе, якую наведвалі дзеткі сталічнай эліты. З 30 вучняў на ўроках беларускай мовы заставалася 10. А выкладала яе пажылая настаўніца Фрыда Аронаўна, якая вельмі прыгожа размаўляла па-беларуску. Да ўсяго, разумееце, дачка якога народа яна была. І вось я, дзеля салідарнасці з абодвума народамі, заўсёды заставаўся на гэтыя ўрокі. З таго часу беларуская мова і літаратура захапілі мяне. У Ізраілі я захоўваў культурную сувязь з Беларуссю, атрымліваў кнігі, якія выходзілі ў эміграцыі і якіх яшчэ не было тут: Алесь Гарун, поўны збор Купалы, запісы Беларускага інстытута культуры...

— Колькі гадоў вы пражылі ў Ізраілі?

— Амаль усё жыццё — 30 гадоў. Я з'ехаў з думкай, што гэта назаўжды. Па-першае, ніхто не ведаў, што Савецкага Саюза не стане. Па-другое, немагчыма было прадбачыць, наколькі тут зменіцца рэлігійнае жыццё. Я там меў сям'ю, але адбылася трагедыя: мая сям'я распалася. Таму вярнуўся. Вярнуўся туды, дзе засталіся мае родзічы. Але я ўвесь час цікавіўся, што адбываецца ў Беларусі. Асабліва апошнія 15-17 гадоў. Прыязджаць сюды пачаў з 2006 года штогод. І калі прыехаў у 2006-м, быў вельмі здзіўлены: праз 17 гадоў з майго візіту ў 1989 годзе і пасля ўсяго, што рабілася тут у першую палову 90-х гадоў (а я добра гэта ведаў), я ўбачыў цудоўную, прыгожую, упарадкаваную краіну, спакойных, добразычлівых людзей і на вуліцы, і ў дзяржаўных установах.

На жаль, у Ізраілі грамадства апошнія 20 гадоў рухалася ад людскасці ў бок звярынага капіталізму. І гэта адбіваецца на адносінах паміж людзьмі, паміж рознымі групамі.

— Ці не лёс гэта кожнага сучаснага грамадства?

— Беларусь здолела ісці супраць плыні азвярэння. Кожны народ, кожная краіна маюць свой асабісты шлях. Нідзе ў свеце няма ні чыстага капіталізму, ні чыстага сацыялізму. Гэта толькі лозунгі. Але калі пэўны лозунг пачынаюць выконваць, ісці супраць усяго, што лозунгу не адпавядае, тады людскасці застаецца менш. Лозунгі не адлюстроўваюць таго, што адбываецца ў грамадстве насамрэч. Той шлях, якім пайшла Беларусь, мне здаецца вельмі прывабным.

— Якія вашы ўражанні ад рэлігійнага становішча ў Беларусі цяпер?

— Канфесійнае становішча на Беларусі вельмі цікавае і асаблівае. Тут існуюць розныя канфесіі ўнутры адной беларускай нацыі. Ёсць праваслаўныя беларусы, ёсць беларусы-католікі і ёсць беларусы-пратэстанты.

Людзі тут не нараджаюцца ў пэўнай канфесіі, як, напрыклад, кожны рускі, які лічыць сябе праваслаўным. Хаця ён нічога не ведае ні аб праваслаўнай веры, ні пра тое, якія абавязкі яна накладае. Такое ж самае ўспрыняцце веры і ў маім народзе. А вось беларус не кажа, што ён праваслаўны ці каталік, калі не мае ніякага дачынення да сапраўднага рэлігійнага жыцця. Гэта цікавая асаблівасць, якую самі беларусы, мабыць, не ўсведамляюць.

Мабыць, таму і адносіны да рэлігіі ў беларускім грамадстве паважлівыя. Да вернікаў, няважна — якога веравызнання, тут ставяцца з глыбокай пашанай. Напрыклад, да мяне не раз звярталіся з просьбай: "Бацюшка, блаславіце!" Адказваю: "Я — не бацюшка, я — равін, яўрэй-равін". — "Усё адно — блаславіце!". Чаму не? Кажу: "Зычу здароўя і дзетак паболей! Хай Бог дапаможа!"

Дарэчы, стасункі паміж людзьмі розных канфесій таксама прыязныя. Такая атмасфера вельмі прыемная, але чалавек, які тут жыве, наўрад ці можа гэта адчуць. Як, напрыклад, беларусы мала ўсведамляюць, якая добрая ў іх краіне вада.

— На візітоўцы напісана, што вы — равін, але вы кажаце, што не займаеце пасады равіна. Што гэта значыць і хто сёння завецца равінам?

— Тады тут трэба растлумачыць, каго называюць равінам у кантэксце Ізраіля. Па-першае, там словам "рав" называюць любога рэлігійнага яўрэя, які займае нейкую пасаду. Напрыклад, усіх дэпутатаў Кнэсету ад рэлігійных партый называюць равінамі, хоць далёка не ўсе яны адпавядаюць такому тытулу.

Равінамі таксама называюць любога, хто займае пасаду ва ўстановах равінату. Спрадвеку ў яўрэйскім народзе словам "рав" або "рэбэ" называюць таго, хто звязаны з нейкімі рэлігійнымі адпраўленнямі — напрыклад, таго, хто робіць абразанне нованароджаным, альбо таго, хто праводзіць кашэрны забой жывёл, або таго, хто вучыць дзяцей Закону.

Нарэшце, уласна равінам называецца чалавек, які мае пасвячэнне — "сміху" (або рукапалажэнне) ад іншых равінаў на тое, каб мець права ў пэўных межах указваць закон Торы. Равін — гэта не сан. У яўрэяў няма святароў. Святары былі ў Храме, але Храма ўжо 2 тысячы гадоў няма. Равін — гэта пэўны статус чалавека, які ведае Закон.

Акрамя таго, равін — гэта чалавек, які ўзначальвае навучальную ўстанову альбо абшчыну, само сабой, што такі чалавек будзе мець равінскую сміху.

— Сміха мае нейкае дакументальнае пацвярджэнне?

— Так, як правіла, падпісаны вядомымі равінамі тэкст. Але дакумент гэты не аднолькавы ў розных краінах. Ёсць асобны тэкст, які пацвярджае права равіна засядаць у равінскім судзе — гэта асаблівая ступень ведаў.

Я маю адпаведную адукацыю і так званую звычайную равінскую сміху, але не займаю пасаду. У Ізраілі працаваў у сістэме равінату, равінскай пасады афіцыйна не займаў, але дабрачынна выконваў абавязкі равіна горскіх яўрэяў у той мясцовасці, дзе жыў. Сміху, так, атрымаў за год да таго, як вярнуўся сюды.

— Якая сфера вашых інтарэсаў?

— Мяне заўсёды цікавіла гісторыя розных абшчын майго народу і яўрэйскія мовы. Шмат гадоў распрацоўваю даследаванне пра этнічныя карані яўрэяў на землях Беларусі і Украіны. Прыйшоў да нечаканай высновы: асноўная маса яўрэяў, якія гістарычна жывуць на землях Беларусі і Украіны, — патомкі вавілонскай дыяспары, а не тых, хто прыйшоў сюды з Заходняй Еўропы, як прынята лічыць. Гэта дазваляе казаць, што яўрэі на тэрыторыі Беларусі жывуць не 400 і не 600 гадоў, а як мінімум — 1000! Яны пасяліліся на гэтых землях падчас фарміравання ўсходнеславянскіх народаў.

Але больш за гісторыю мяне апошнія два гады цікавіць грамадскае жыццё ў Беларусі. Я ўражаны тым, як народ спрабуе пайсці сваім асаблівым шляхам, годным і асэнсаваным, і як гэта выклікае дзікую злосць з усіх бакоў, дзе не жадаюць дапусціць, каб Беларусь стала прыкладам для іншых народаў.

З рэлігійнага пункту гледжання беларусы імкнуцца ісці шляхам Творцы, шляхам Божых законаў, насуперак таму, што жадае навязаць дыктат секулярызму.

— Што вы называеце шляхам Творцы?

— Прымат абсалютных каштоўнасцяў больш-менш аднолькавы ва ўсіх аўраамічных рэлігіях. Ва ўсіх ёсць паняцці міласэрнасці, узаемадапамогі, людскасці, святасці шлюбу, дзетанараджэння. Прызнанне гэтых каштоўнасцяў і ёсць прынцыпы сацыяльнага грамадства. Калі права на нармальнае жыццё маюць не толькі тыя, у каго сіла і грошы.

Атака звонку на Беларусь, на народную ўладу, накіравана менавіта на гэтыя каштоўнасці. А разлічана яна на тое, што чалавеку заўсёды хочацца жыць лепш, чым ён жыве. Яму не хочацца ўдумвацца ў тое, што пры крызісе, пры росце цэн дзяржава працягвае клапаціцца пра яго, працадаўца не выкідвае на вуліцу, захоўваецца танны праезд у грамадскім транспарце, танны хлеб, бясплатная адукацыя, асабістая бяспека. Таксама і бізнэсмен тут можа весці бізнэс без рэкету... Але гэта цяжэй зразумець, чым паверыць таму, хто абяцае лепшае жыццё.

У гэтым плане, дарэчы, падыход артадаксальнага яўрэйства ў наступным: калі ёсць аднолькавая верагоднасць таго, што стане лепш або горш, — стан спраў не змяняй. Каб выключыць другі варыянт.

— Што, на вашу думку, чакае Беларусь?

— Мы не можам ведаць вынікі. Чалавек — гаспадар толькі свайго выбару. Атрымаецца ж тое, на што будзе Божая воля. Але лічу, што шчырыя людзі павінны падтрымаць той кірунак, якім ідзе Беларусь. Гэта не азначае татальную згоду. Стракатасць меркаванняў не перашкаджае падтрымцы ў галоўным. Мне таксама не ўсё падабаецца — напрыклад, мяне не задавальняе сённяшні стан беларускай мовы. Лічу, што ў выхаванні маладога пакалення, у дзейнасці сацыяльных службаў, у прафілактыцы абортаў больш павінна быць дадзена месца рэлігійным арганізацыям. Гэта мае заўвагі, якія не выключаюць падтрымку кірунку ў цэлым.

Я не ведаю, што будзе, але лічу, што кожны павінен рабіць на сваім месцы тое, што можа, каб захаваць лепшае, што мае Беларусь.

— Як вы пракаментуеце адкрыты ліст равіна Бенянсона да Прэзідэнта ЗША, які на пачатку восені быў апублікаваны ў газеце "Беларусь Сегодня"?

— Равін Бенянсон з'яўляецца духоўнай асобай, ён ацэньвае тое, што адбываецца, менавіта з пункту погляду рэлігійных, абсалютных каштоўнасцяў. У адрозненне ад мяне, ён раней не жыў у Беларусі, і ён аказаўся глыбока ўражаны карцінай, якую тут убачыў. Іншай такой краіны ў свеце няма. І няма іншага такога народу ў сэнсе станоўчай атмасферы, пазітыўных адносін у грамадстве і, у прыватнасці, таго, як веруючыя яўрэйскія вернікі адчуваюць сябе сярод людзей на вуліцы. Разам з тым, ён бачыць, якая скажоная і лжывая інфармацыя, адкрытая хлусня пра Беларусь падаецца праз сусветныя СМІ.

Ды ўбач дзіва: чамусьці ў інтэрнэт-прасторы паднялася брудная хваля супраць равіна. А чаму б тым жа аўтарам не "гнаць хвалю" супраць тых, хто адмаўляе генацыд яўрэяў у Другой сусветнай вайне альбо абяляе забойцаў-калабарантаў у Беларусі і ў суседніх краінах?

Ліст равіна Бенянсона я разглядаю як голас сумлення. Артадаксальная яўрэйская рэлігія мае цалкам дакладныя прынцыпы, і не толькі ў дачыненні да імператываў, якія накладаюцца на вернікаў, але і ў дачыненні да грамадскіх падзей. Равін Бенянсон дакладна выказаў стаўленне артадаксальнай яўрэйскай рэлігіі да таго, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе ў свеце.

Разам з тым, ёсць розныя людзі, якія лічаць сябе яўрэямі (або з'яўляюцца такімі па нараджэнні) і якія лічаць магчымым казаць ад імя яўрэяў, але гэта — толькі іх асабістае меркаванне, на якое, безумоўна, яны маюць права, але не маюць права ні выдаваць яго за пункт погляду ўсіх, ні аспрэчваць меркаванне равіна. Весці дыскусію з артадаксальным равінам, па пытаннях, якія тычацца яўрэйскай рэлігійнай веры, можа толькі артадаксальны равін.

Размаўляла Вольга Мядзведзева.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праваслаўна-каталіцкаму дыялогу, якая нядаўна адбылася ў Мінску, закончылася незвычайным "круглым сталом" — з удзелам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика